суб, 2.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Горацкія каталікі адзначылі свята апякункі іхнага прыходу

22.09.2014 – 17:58 | 1451

У суботу 20 верасня ў Горках прайшло хрысціянскае свята Маці Божай Бялыніцкай.

У яе гонар названы мясцовы прыход, і толькі нядаўна Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прызначыла гэты дзень літургічнага ўспаміну.

На свята ў Горкі прыехалі вернікі з Вілейкі (там некалі служыў цяпер ужо наш ксёндз Андрэй), святары Магілёўскага дэканату, са Шклова, Чавусаў, Крычава, Мсціслава, Оршы.

Удзельнікі пазнаёміліся з гістарычным нарысам парафіі, памаліліся падчас святой Імшы.

Пасля яе адбыліся адмысловыя малітвы перад іконай Маці Божай Бялыніцкай, і ўпершыню залунаў над капліцай гімн парафіі. Узнёслы малітоўны спеў стварыла паэтка і кампазітарка, бардка і адначасова арганістка парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску Марыя Новікава.

“Літвы Хрыстовай Маці-Каралева,

Пад гук мальбы-Літаніі Святой

Глядзіш на нас, Бялыніцкая Дзева

І бласлаўляеш край адвечны Твой.

Бязвер’я ноч мінула – зноў світае,

Ў народзе нашым блік жыцця не згас.

Над Магілёўскім краем сонцам ззяе

Надзеі знак – Бялыніцкі абраз.

Успомняць сцежкі пілігрымаў крокі,

Успыхне памяць у народзе зноў.

Адкажуць рэхам белыя аблокі

Званам жывым Бялыніцкіх муроў.

Літвы Хрыстовай Маці-Каралева,

Пад гук мальбы-Літаніі Святой

Зірні на нас, Бялыніцкая Дзева,

І блаславі народ адданы Твой.”

На памятку аб святкаваннні кожны ўдзельнік атрымаў невялікі абразік Маці Божай Бялыніцкай.

Паводле kasciol.by

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email