суб, 23.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Новы горацкі ксёндз вучыўся ў Італіі, а па прыездзе ў Горкі стварыў сайт мясцовага прыходу

13.01.2014 – 07:41 | 2449

Пасля даволі працяглага перапынку ў Горкі прызначаны новы душпастыр каталіцкай супольнасці, які ачоліў мясцовую парафію Маці Божай Бялыніцкай.

Святар горацкага каталіцкага прыходу Андрэй Кеўліч - з Мастоў.

Доўгачаканы святар – малады, светлавокі 27-гадовы мужчына, які апроч ўсяго астатняга, размаўляе па-беларуску і вельмі любіць гуляць у футбол і валейбол.

Сёння мы прапаноўваем нашым чытачам завітаць да ксяндза Андрэя Кеўліча, які амаль тры месяцы таму, напрыканцы верасня, стаў жыхаром нашага горада.

Быў хрышчоны ў праваслаўе

– Кс. Андрэй, распавядзіце крыху пра сябе: адкуль Вы да нас прыехалі, з якой Вы сям'і, дзе атрымалі адукацыю?

– Нарадзіўся я ў 1986 годзе на Гродзеншчыне ў Мастоўскім раёне. Маці ў мяне была праваслаўная, а бацька – каталік.

У маленстве мяне хрысцілі ў праваслаўнай царкве. Але на сваім духоўным шляху ў 2000 годзе я перайшоў ў каталіцкае веравызнанне.

Спачатку хацеў стаць манахам Ордэна Найсвяцейшага Адкупіцеля, але мае бацькі былі супраць і не далі дазволу на маю вучобу ў Польшчы.

Будучы ксёндз мог стаць настаўнікам фізкультуры.

У тыя дні пошуку і сумневаў я пайшоў ў калгас працаваць трактарыстам, а потым нават паступіў вучыцца на настаўніка фізкультуры.

Але Бог вёў мяне сваім шляхам, і ў 2004 годзе я паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоў-ную семінарыю. Пасля трох гадоў навучання я працягнуў адукацыю ў семінарыі Hosianum Вармінскай Архідыяцэзіі, якая лічыцца найстарэйшай семінарыяй Польшчы. За той час я стаў дыяканам, і скончыўшы навучанне, служыў у парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску (т.зв.Чырвоны касцёл).

У Горкі – з Італіі

У 2011 годзе прыняў святарскае пасвячэнне і як вікарны святар працаваў два гады ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

Летам 2013 года мяне паслалі на вывучэнне пастаральнага багаслоўя ў Італію. Але восенню, у верасні, я атрымаў ад свайго ардынарыя, Яго Эксцэленцыі Ксяндза Архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, паведамленне аб тым, што трэба вярнуцца ў Беларусь.

Так я апынуўся ў Горках і з канца верасня служу ўжо тут.

На першай імшы – сем чалавек

– Якімі ж былі Вашыя першыя ўражанні ад новага месца?

– Калі казаць шчыра, трошкі было боязна. Справа ў тым, што Горацкая парафія мае сваю спецыфіку. Карані каталіцтва тут, натуральна, ёсць, і даволі глыбокія. Паводле шматлікіх звестак, у сямнаццатым стагоддзі ў Горках была рымска-каталіцкая святыня.

Але яна была зачынена і знішчана ў той час, калі задушылі паўстанне Кастуся Каліноўскага. У тыя часы душпастыры касцёла не засталіся ў баку ад моладзі, якая паўстала за свабоду Радзімы, і парафія была своеасаблівым цэнтрам духоўнага згуртавання.

Наколькі мне вядома, з гэтай прычыны адзін з святароў быў нават сасланы ў Сібір, пасля таго як паўстанне было задушана.

Так склалася, што з таго часу ў Горках адсутнічаў касцёл, а гэта, зразумела, не спрыяе збераганню веры. Бліжэйшыя – толькі ў Оршы ды Шклове, як не кажы, а ўсе ж такі далекавата. Святара таксама тут доўга не было. У такіх абставінах звычайным вернікам цяжка развіваць духоўнае жыццё.

Таму спачатку, калі я толькі сюды прыехаў, было не вельмі проста. На першай святой Імшы, якую я адслужыў у Горках, было усяго сем чалавек. Зразумела, што такая колькасць вернікаў аптымізму мне не дадавала.

– Але ж Вы не першы святар, які служыць у мясцовай парафіі на працягу апошняга дзесяцігоддзя?

– Гэта так. У 2006 годзе распачалося аднаўленне мясцовай парафіі. Першым святаром, які прызначаным у Горкі, быў ксёндз Віталь Марфель. У той час па вуліцы Калініна быў знойдзены вельмі прыгожы будынак, у якім маглі б збірацца вернікі, і там нават ўжо распачалося прыстасаванне яго пад душпастырскі цэнтр. Але, нажаль, неспадзявана ўзніклі абставіны эканамічнага характару, якія не дазволілі атрымаць гэты дом пад нашу справу.

Горацкія каталікі маюць свой малельны дом.

Пасля ў Горкі прыйшоў а. Юрый Находка. Гэта манах, кармеліт, які адзначыўся, напрыклад, тым, што, застаўшыся жыць у Мінску, даязджаў з пастырскім служэннем у Горкі.

У гэты перыяд у мясцовых каталікоў наогул не было ніякага памяшкання. Маліліся ў доме адной нашай верніцы, спадарыні Марыі. І толькі пасля быў набыты дом, у якім цяпер праходзяць богаслужэнні.

З 2011 года Горацкаю парафію апекаваў ксёндз Роберт Мацееўскі з Мсціслава.

Увосень мінулага года ў Горкі прызначылі мяне.

Набажэнствы адбываюцца па адрасе: Горкі, завулак Валадарскага, 10. Тут зараз знаходзіцца наш парафіяльны дом – невялікі зялёны будынак у прыватным сектары. Знайсці нас не так цяжка, як можа здаецца – дом стаіць недалёка ад сярэдняй школы №2.

Запрашаю ўсіх вернікаў прыходзіць на святыя Імшы, расклад вывешваецца на дзвярах парафіяльнага дома, а таксама на Інтэрнэт-старонцы нашай парафіі www.kasciol.by.

Таксама па ўсіх пытаннях можна звяртацца па тэлефоне 8 029 880 99 19. Гэта мой прыватны нумар, я з задавальненнем адкажу кожнаму, хто патэлефануе.

– Ёсць сайт пра Горацкую парафію?

– Так, я стварыў яго, як толькі сюды прыехаў. Мяркую, што трэба абавязкова карыстацца сучаснымі сродкамі інфармавання – так патэнцыйныя вернікі хутчэй даведаюцца, што парафія дзейнічае і службы вядуцца.

“Можа і касцёл у Горках пабудуем”

– Вы казалі, што спачатку Вам было складана ў нашым невялікім горадзе. А як зараз, пасля таго як мінула больш за тры месяцы?

– Зараз многае наладзілася. Мне вельмі дапамаглі чальцы парафіяльнага камітэту. Гэта тыя людзі, якія дапамагаюць святару выконваць служэнне. Старшыня камітэту і яго жонка таксама апекавалі мяне нават у штодзённых справах і праблемах. Я адчуў, што некаму тут патрэбен, і гэта дадало мне ўпэўненасці і сілаў.

Зараз кожную нядзелю на службу прыходзіць ад 12 да 15 чалавек.

Асабліва мяне ўразілі дзве рэчы: на мой дзень народзінаў мне падарылі пыласос (“каб з вернікаў пылінкі здуваў”), і тое, што за маю кароткую адсутнасць (я ў той час знаходзіўся на духоўных практыкаваннях у іншай парафіі нашай Радзімы) у частцы гэтага дома пафарбавалі падлогу. Мне было вельмі прыемна адчуваць такое добрае стаўлення да сябе.

Разам мы адолелі грунтоўны рамонт у нашым парафіяльным доме. Зараз тут цёпла, ёсць вада, стаяць новыя вокны, праз якія не дзьме. Можна жыць і служыць Богу.

Зараз кожную нядзелю на службу прыходзіць ад 12 да 15 чалавек. А на Свята Божага Нараджэння было каля 40 вернікаў.

Ад нядаўняга часу пасля ранішняй нядзельнай службы мы праводзім катэхезу дарослых.

Зараз мы ўзяліся за рамонт самай галоўнай часткі нашага парафіяльнага дому – капліцы. Плануем упрыгожыць вокны выявамі святых. У гэтай справе нам вельмі дапамог горацкі "Печатник", за што яму вялікая падзяка.

– Кс. Андрэй, якім Вы бачыце мясцовы каталіцкі прыход, скажам, праз год?

– Ну, год яшчэ пражыць трэба! А калі сур’ёзна, хацелася б бачыць наш прыход моцны Богам. Каб усе тыя людзі, якія вызнаюць сябе каталікамі, часцей наведвалі парафію і святую Імшу. Я спадзяюся, што колькасць прыхаджан будзе паступова павялічвацца.

І калі гэтыя мае спадзевы здзейсняцца – можа нават і невялікі касцёл пабудуем. Але гэта – справа больш далёкай перспектывы.

Гутарыла Галіна Будная, газета "УзГорак"

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email