19 лютага па народным календары імяніны ў Аляксандра, Анатоля, Арсена, Васіля, Змітра, Івана, Хрысціны, Максіма, Марыі, Марфы, Севасцяна, Юльяна. Даўней гэты дзень называўся Вукола-цялятнік. Лічылася, што ў гэты час целяцца жуколы (чорныя каровы). Казалі: "Прыйдуць Вуколы – перацеляцца ўсе жуколы". Таксама гэтак называлі кароў і цялят, якія з'явіліся ў лютым.
Існаваў такі звычай: як карова ацялілася, малодзіва трэба было праліць праз вянчальны пярсцёнак гаспадыні – тады ніякімі чарамі нельга будзе адабраць у гэтай каровы малако.
Былі такія прыкметы пра надвор'е: мышы вылезлі з нораў – дзень будзе пахмурны; калі марозна, то вясной будзе ўсё буяць, а летам будзе спякотным.