15 лютага па народным календары імяніны ў Васіля. У праваслаўных беларусаў – Грамніцы (Стрэчанне). Свята грамнічнай свечкі і "жывога агню", што, паводле паганскіх вераванняў, абараняе чалавека ад злых духаў. У хрысціянскі перыяд свечкі пачалі асвячаць у царкве. Яны захоўваліся цэлы год. На Грамніцы беларусы выпальвалі "крыжы" (дзве палачкі, пакладзеныя адна на адну, пры дапамозе якіх раней здабывалі "жывы агонь") на будынках, каб зберагчы жытло ад дажджу і маланкі.
Лічылася, што ў гэты дзень "зіма з летам сустракаецца". Які гэты дзень, такая і вясна – лічылі нашы продкі. Калі на Стрэчанне выпадзе снег – трэба чакаць ранняга ўраджаю. Калі верабей напіўся з лужы, хутка будзе веснавое надвор'е.