чцв, 21.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Пераклала Блока і Цвятаеву. Зрабіла вершы з міфаў старажытнай Грэцыі. Што яшчэ вядома пра горацкую паэтку Лідзію Мініч?

07.02.2020 – 15:43 | 465

Лідзія Андрэеўна Мініч (Андрэева) доўгія гады актыўна займалася навукай, выкладала ў акадэміі ў Горках, а пасля выхаду на пенсію прысвяціла свой вольны час літаратурнай дзейнасці. А 1 лютага ў гонар юбілею гэтай таленавітай жанчыны ў нашым горадзе адбыўся вялікі творчы вечар.

Падчас вайны давялося хавацца ў лесе

Лідзія Андрэеўна нарадзілася 22 студзеня 1940 года ў вёсцы Рэкта Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Бацька Андрэй Лявонавіч Галкоўскі (1898-1973) і маці Ганна Максімаўна Галкоўская (1902-1988) вырасцілі сямёра дзяцей. У час Вялікай Айчыннай вайны сям'і давялося некаторы час жыць у лесе, спазнаць голад, холад, каросту і нават вошы.

У першы клас Лідзія пайшла ў 1948-ым. Школы ў вёсцы не было – дзяцей спачатку вучылі ў сялянскай хаце, а праз два гады адкрылі пачатковую школу. Восем класаў скончыла, ходзячы за сем кіламетраў ад дома. Калі здароўе рэзка пагоршылася, сястра маці Соф'я Максімаўна забрала Лідзію ў Клімавічы, дзе тая ў 1958 годзе са срэбным медалём скончыла сярэднюю школу №3.

Жыла ў Алжыры

У 1964 годзе скончыла заатэхнічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Два гады працавала ў Горацкім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі эканамістам па ўліку, заатэхнікам-селекцыянерам.

У 1966 годзе паступіла ў аспірантуру на кафедру развядзення сельскагаспадарчых жывёл. Падрыхтавала дысертацыю па тэме на той час на піку навізны – выкарыстанне груп крыві ў жывёлагадоўлі. Гэта абяцала добрую перспектыву. Пасля па размеркаванні міністэрства працавала асістэнтам на гэтай жа кафедры, потым – малодшым навуковым супрацоўнікам на доследнай станцыі.

Але давялося адчуць сілу таемнай "спагады" калег: яны справакавалі Лідзію Андрэеўну на адмову ад кіраўніка і ад абароны дысертацыі.

Працуючы на доследнай станцыі акадэміі, глыбока вывучыла тэму, прапанаваную акадэмікам Сонцавым. Вярнуўшыся на выкладчыцкую працу на кафедру развядзення і генетыкі, напісала і паспяхова абараніла новую дысертацыю па кармленні і тэхналогіі кармоў.

У студзені 1975 года з мужам Аляксандрам – адзіныя і першыя прадстаўнікі нашай акадэміі – паехалі ў замежную камандзіроўку ў Алжыр, дзе муж выкладаў хімію.

Дысертацыю Лідзія Андрэеўна абараніла ў 1989 годзе і стала кандыдатам сельскагаспадарчых навук, праз год атрымала званне дацэнта. Працавала старшым выкладчыкам, дацэнтам у акадэміі, куратарам, за што адзначалася граматамі і дыпломамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, як "…пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў… за вучэбна-метадычныя распрацоўкі", а таксама рэктарата, прафкама, гарсавета. Выбіралася дэпутатам Горацкага гарадскога савета, была сябрам прэзідыума прафкама акадэміі.

Як чалавек неабыякавы, выступала з артыкуламі на старонках раённай газеты "Ленінскі шлях": "Хопіць змагацца з ветранымі млынамі" (1990), "Сябе не падманіш" (1991) і інш.

Развітваючыся са сваёй альма-матар, прысвяціла акадэміі гімн, музыку на які напісаў вядомы ў Горках кампазітар Барыс Магаліф.

Пачала пісаць вершы ў 1999 годзе

Пасля выхаду на пенсію ў Лідзіі Андрэеўны з'явіўся вольны час. Як яго выкарыстаць для сябе і грамадства? І тут думкі рыфмаванымі радкамі, а іх аказалася шмат, запрасіліся на паперу.

Дэбют адбыўся ў чэрвені 1999 года – тры вершы на рускай мове пад псеўданімам Андрэева на старонках раённай газеты. Ейная галоўная рэдактарка Людміла Ганчарова, прадстаўляючы чытачам творцу, пісала: "Автор этих поэтических строк пожелала подписаться псевдонимом. Она и в жизни такая же скромная, простая женщина, на долю которой выпало немало испытаний. Судьба редко, когда была к ней благосклонна, на мелкие осколки разбив женское счастье. Но она не утратила ни внешней, ни внутренней привлекательности и обаяния. Она по-прежнему верит в то, что закат сменяется восходом, что за холодной зимой обязательно приходит весна. Видимо, под впечатлением ожидания чего-то светлого и прекрасного, чем обделила ее жизнь, и начали складываться мысли раздумья в поэтические строки".

Лідзія Андрэеўна так тлумачыла сваё захапленне літаратурай сябру Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаілу Уласенку: "Хочется излить наболевшее, переосмыслить прожитое и пережитое. А в жизни немало сделано. Анализируешь все это – уже не в той эйфорическивозвышенной форме, уже не витаешь в облаках, а более реально смотришь на вещи. Я стремлюсь, чтобы и стихи звали к размышлению, а размышление, как правило, подвигает к действию".

Падарыла роднаму факультэту гімн

Калі вершаў на рускай і беларускай мовах назбіралася шмат, у 2005 годзе выйшаў першы зборнік пад назвай "Спешу сказать…".

Важна адзначыць, што сярод многіх, хто чытаў і рэдагаваў яго, быў Барыс Магаліф – асаблівы чалавек, глыбокі, шматгранны, эрудзіраваны, вядомы далёка за межамі Беларусі. Тры вершы з гэтага зборніка ён паклаў на музыку.

Увогуле розныя кампазітары напісалі музыку да больш як трыццаці вершаў паэткі. Аўтарам музыкі да чатырох сваіх твораў стала сама Лідзія Андрэеўна, у тым ліку і для гімна роднага факультэта.

У 2007 годзе ў Горках выйшаў другі зборнік вершаў паэткі таксама на рускай і беларускай мовах "Жыватворная крыніца" – па назве верша, які прэтэндаваў на тое, каб стаць гімнам акадэміі.

Паэтка пісала вершы і для дзяцей. У 2009 годзе ў Мінску выйшла яе вельмі цікавая кніга "Мая сям'я ад А да Я". Рэцэнзію напісаў сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі П.П.Саковіч. Гэта выданне і адукацыйнае, і выхаваўчае, багата аформлена малюнкамі дзяцей, якія ўдзельнічалі ў IV Міжнародным конкурсе "На сваёй зямлі".

Праз год з'явілася кніга вершаў "Споведзь", у якой прадстаўлены ўжо і розныя формы верша, і вершы абрадавага кірунку і г.д.

У 2012-ым свет пабачыла кніга "На хвалях вечнасці: міфы і легенды ў вершах". У ёй – аповеды старажытнай Элады ў вершаванай форме. Паэтка хацела прыцягнуць увагу чытача да роднага слова цікавымі і неўміручымі легендамі і фразеалагізмамі, якімі мы часта карыстаемся.

Пераклала на родную мову папулярныя рускія рамансы XIX стагоддзя

Каб беларускамоўны чытач адчуў усю асалоду, усю прыгожосць рускіх паэтаў, Лідзія Андрэева зрабіла пераклады вершаў Г.Ахматавай, А.Блока, А.Пракоф'ева, М.Някрасава, А.Майкава, А.Пляшчэева, К.Сіманава, С.Шчыпачова, І.Каганава і інш., а таксама папулярных рускіх рамансаў XIX ст. У канцы студзеня гэтага года яны прагучалі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Разам з вершамі Лідзіі Мініч гэтыя творы ўвайшлі ў кнігу "І боль, і мары, і любоў" (2013). А ў 2019 годзе паэтка выдала асобную кнігу перакладаў "Сугучнасць душ... Сугучнасць слоў...".

Варта ўдумацца ў выказванне Васіля Супруна, выкладчыка Горацкага педагагічнага каледжа, які, аналізуючы творы Лідзіі Андрэеўны, пісаў, што "ва ўласным разуменні самой паэткі цэнтральнымі ў творчасці кожнага пісьменніка павінны быць тэмы радзімы, сумлення, кахання, мовы".

Вучыць ганарыцца і даражыць усім сваім

Паэтка вельмі шануе беларускую мову і перажывае, што знікаюць на вёсках беларускамоўныя школы, што амаль няма беларускамоўных класаў у гарадах, а кнігі на беларускай мове выдаюцца мізэрнымі накладамі, зніжаюцца наклады і беларускіх часопісаў, а ўсе раённыя газеты перайшлі на рускую мову.

Лідзія Мініч разумее, што любоў да роднай мовы трэба выхоўваць з дзяцінства, таму не забывае пра маленькіх чытачоў. У другой кнізе для дзяцей "У сваім краі, як у раі" (2015) на простых будзённых прыкладах знаёміць дзяцей з багаццем роднай мовы, вучыць ганарыцца і даражыць усім сваім: мовай, Радзімай, радаводам.

Перамагала ў літаратурных конкурсах

Бачачы вялікія дасягненні Лідзіі Андрэеўны ў літаратурнай творчасці, Саюз беларускіх пісьменнікаў прыняў яе ў свой склад у 2013 годзе.

Не цураецца Лідзія Андрэева і прозы. Яе нарысы былі змешчаны ў кнізе "Цвіла каліна: вершы і проза" (2015), выдадзенай да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Потым быў зборнік "Ніці: вершы" (2017). У ім чатыры раздзелы: "Гасцінец дабрыні", "Імя як помнік", "Выслоўі", "Пераклады з рускай вядомых рамансаў і вершаў". У зборніку размешчаны і два ўласныя вершы, перакладзеныя на рускую мову.

Творы гэтай кнігі сталі матэрыялам для дыпломнай работы супрацоўніцы Горацкай раённай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага, якую яна бліскуча абараніла на дзесяць балаў. Некалькі гадоў Лідзія Мініч працавала над паэмай пра гістарычны шлях Горацкага краю. Ягоны лёс быў няпросты, паліты чалавечай крывёю.

У 2018 годзе паэма "Тут росы бялей…", прысвечаная Году малой радзімы і Дню вызвалення Горак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, была выдадзена і атрымала добрыя ды ўдзячныя водгукі.

Лідзія Андрэева друкуе не толькі кнігі, яе вершы можна часта сустрэць на старонках альманахаў "Брама", "Славянская ліра-2017", "Славянская ліра-2018", "Под небом Рязанским", часопіса "Вожык", у агульных зборніках літаратурнага аматарскага аб'яднання "Роднае слова", у "Акадэмічным вянку" народнага літаратурнага аб'яднання "Парнас", у кнізе "У краі бярозавых гаёў", у рэспубліканскіх газетах "Літаратура і мастацтва", "Культура", "Белорусская нива", "Зямля і людзі", у раённым друку.

Яна пераможца ў міжнародных літаратурных конкурсах. Заваявала трэцяе месца па перакладах на форуме "Славянская ліра -2018". Стала лаўрэатам у трох намінацыях 15-га конкурса-фестываля "Пад небам Разанскім-2018".

Вось адзін з прыкладаў перакладу верша Марыны Цвятаевай "Мне нравится, что вы больны не мной…"

Мне люба, што вы мроіце не мной,

Мне люба, што баліць душа не вамі.

І цяжкі шар, што мы завём Зямлёй,

Не паплыве пад нашымі нагамі.

Мне хораша, што можна быць такой

– Распушчанай і смешнай побач з вамі,

І не змаўкаць нацягнутай струной,

Як ледзь судакранемся рукавамі…

Лідзія Мініч перамагла ў абласным этапе ХI Рэспубліканскага конкурса "Жанчына года-2018" у намінацыі "Духоўнасць і культура". У агульным зборніку народнага аматарскага аб'яднання "Роднае слова" ў 2019 годзе змешчаны шэраг новых вершаў і пераклады гэтай паэткі.

Амаль штотыднёва сустракаецца са сваімі чытачамі

Лідзія Мініч, як сябра народнага аматарскага аб'яднання "Роднае слова", што працуе пры Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі, амаль штотыднёва сустракаецца са сваімі чытачамі ў навучальных установах і бібліятэках.

У ліпені 2019 года выйшла з друку адзінаццатае цудоўна аформленае выданне паэткі "Атожылкі": патрыятычна – філасофскі сказ / народная філасофія ў мастацкіх вобразах.

Аўтарка прысвяціла кнігу малой радзіме і звярнулася да вельмі важнай грамадзянскай тэмы, якая закранае кожнага з нас, – сумленне і памяць нашчадкаў. Чалавек жыве на зямлі, што ён з сабой нясе?

Паэтка піша: "А хто я, сапраўды, і што ж пра вас я знаю, мае продкі?"

І яшчэ:

Цячэ ў нас, продкі, ваша кроў.

Мы – ваш працяг, а вы – пачатак

Няскончаных жыцця вякоў.

Мы паўтараем той парадак.

Прыступкай повязі часоў

Свае адмеціны пакінем,

Не парушаючы асноў –

Галоўных, без чаго мы згінем...

Калі пералічваць усё, што зроблена гэтым таленавітым чалавекам за апошнія гады, дык міжволі ўзнікае пытанне: як столькі яна змагла? На што Лідзія Андрэеўна адказвае: "Калі тое, што я раблю, што я кажу, пра што думаю, некаму патрэбна, значыць нездарма патрачаны час і сілы, значыць я ў адной плыні з маім народам. І пакуль жывое маё сэрца, я аддаю доўг запаветны з любоўю. Цяпер я ведаю, што не дарма пражыла на маёй зямлі".

І яшчэ, яна вельмі любіць сваю Радзіму і лічыць, што мы павінны ўсё рабіць на карысць Беларусі.

Панове, вольная краіна

Нам абавязак надае

– Сваёй дачцэ і свайму сыну

– За вернасць, праўду – за яе

Змагацца шчыра, на ўсю сілу,

І больш нікому не служыць,

Рабіць, каб у краіне мілай

Усім было нам добра жыць.

З нагоды юбілею зычым нашай паэтцы далейшых творчых дасягненняў на карысць любай Радзімы Беларусі.

Уладзімір Ліўшыц, фота: Аляксандр Храмко

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email