“Ён быў на паслугах у матчынай мовы…”
Ці ня самы мудрагелісты, зачэпісты, шчодрадайны, чуласэрды, адначасова паганскі і правільна-хрысьціянскі сучасны паэта і бездакорны знаўца і стваральнік слова беларускага так гвалтоўна і назаўжды разьвітаўся з усімі намі напярэдадні смачнай вясны.
І хоць ведалі мы, што не малады ўжо спадар Рыгор, што хварэе ён, але ўсё адно неяк спадзяваліся, што скрыгатлівае і кароністае дрэва схавае нас яшчэ не адзін год ад ліхалецьцяў і расчараваньняў. Словам сваім і гульнёю з словам паэта так удала зачароўваў нас, уцягваў у паганскія карагоды і круціў нас да прыемнай стомы.
Прыгэтым ён ніколі не ўвальваўся ў цьмянае, містычнае, заўсёды трымаўся крытычнага, рэалістычнага: упарта цьвердзіў пра прыгажосьць мовы і пачварнасьць улады.
Як хораша апісваў ён халоду і сум беларусаў, якія валачобяць па сьвеце і русяць у нашых прасавечаных гарадах. Як узорна дэманстраваў і вучыў паэта іншых пазбаўляцца атрускаў чужыншчыны.
Гарэзьліва і сьмела паэта даводзіў, што сваім словам можна абыйсьціся паўсюль, ахапіць любую сфэру.
Сьмехам, але і ўсур’ёз Рыгор Барадулін апісваў, як кавалерацца хлопчыкі і дзеўчацца дзяўчаты. І так натуральна і сьмела задзейнічваў паэта рэсурс фэмінізацыі мовы: гулагаўка, надзорка, аднадуміца, рупніца, крытыкеса, чаіца і г.д. У той час, калі маладыя маралісты не знаходзілі словаў для размоўнай мовы, паэта так проста называў, апісваў рэчы, зьявы сваімі спаконнымі словамі: цыцэры – цацохі, сраччына, падрабязьзе (трахамудзьдзе), пятля (шмоня), агуростачак (пэніс) і г.д.
У 2013 годзе адзін франкамоўны сябра папрасіў парады, якога беларускага аўтара варта перакласьці на францускую мову. Я параіў тады жывога клясыка Рыгора Барадуліна, хоць і разумеў цудоўна, што ня просты гэта аўтар для замежнікаў, бо і для многіх беларусаў ён не заўсёды даступны, уцямны. І тады ж я пачаў перакладаць складаныя слоўкі – дыялектызмы і аўтарскія наватворы – для франкамоўцаў, каб спрасьціць працу перакладнікам на францускую мову.
Але падчас гэтай працы я сам нечакана апусьціўся ў незабыўны і фантазійны вір сваямоўя.
Як паэзія, так і проза (напрыклад, “На таку майго веку”) прыемна агаломшылі і прыкулі мяне да віцебскага слова, вядомага зь дзяцінства і мне. Дзякуючы спадару Рыгору, слоўкі маёй бабулі таксама аднавіліся і сталі рэальнымі, моцнымі, спраўджанымі, афіцыйна прапісанымі і амаль вернутымі зь небыцьця.
Як сапраўдны беларус, паэта дакрануўся да паганскага, сьвецкага і хрысьціянскага, пабудаваў свой сьвет, на гэтых трох асновах. Цалкам не ўпісаны ў сучасную прасавечаную сыстэму Беларусі, аўтар і гулец з словам стварыў такія зіхоткія прыметнікі, як ажараўнелае (неба), маўклівістая (вячэра), спаконнаклопатны (занятак), зімавейны (шум), хмурыністы, сьвятлісты, азёрнавокі, дажджысты, небародны, ветрасьценны, віражлівы, дзяўчыністы, аблачыністы, разьмякамозглы і г.д.
Як і марыў у вершах, паэта застанецца шчырым каханкам мовы, змагаром і ахоўцам казкі, атрыманай успадчыну ад маці.
А на могілцы, як і прасіў паэта, будзе кроівам бліскавіцы напісана: “Ён быў на паслугах у матчынай мовы…”