суб, 27.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

"Гэта ўсё рэальна". На "Кірмашы праектаў" прэзентавалі шэсць ідэй для Горак

02.06.2018 – 14:00 | 956

Шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц, фотавыстава пра цікавых людзей і мясцовыя праблемы, майстар-класы па hand made, дапамога аддзяленню кругласутачнага знаходжання, сэнсарная пляцоўка і адраджэнне народных абрадаў. Такія свае ідэі прэзентавалі мясцовыя актыўныя жыхары на "Кірмашы праектаў" у Горках. Ён адбыўся 31 мая ў канферэнц-залі амфітэатра.

На імпрэзу прыйшло некалькі дзясяткаў слухачоў, а таксама прыехалі эксперты.

Дзве ідэі прадставілі журналісты газеты "УзГорак". Гэта "Вяртанне Горкам гістарычнага аблічча" – устаноўка побач з цяперашнімі назвамі вуліц іх ранейшых адпаведнікаў, як гэта зроблена ў многіх гарадах Беларусі. Гэта дазволіць папулярызаваць гісторыю горада і пакажа ягонае шматвяковае жыццё. Мясцовыя ўлады не супраць, але грошы трэба збіраць талакой. Таксама патрэбна дапамога краязнаўцаў і гісторыкаў, каб дакладна выбраць вуліцы і будынкі, на якіх будзе больш лагічна гэтыя шыльды павесіць. А яшчэ распрацаваць вінтажны дызайн.

У залі ўзнікла пытанне: з якога гістарычнага перыяду будуць узяты назвы? Адказаць на гэта адназначна немагчыма, таму што і вуліцы ўзнікалі ў розныя часы, і няма задачы расказаць толькі пра адзін з перыядаў гісторыі нашага горада.

Другая ідэя – "Фотафакты". Рэдактарка "УзГорка" Галіна Будная прапанавала стварыць выставу да 10-годдзя газеты, на якой былі б сабраныя самыя яркія фотаздымкі з матэрыялаў. На іх можна было б убачыць не толькі цікавых людзей горада, але і праблемы, некаторыя з якіх за гэты час вырашыліся.

Эксперт Юры Стукалаў прапанаваў зрабіць гэтую выставу на вуліцы, каб больш людзей убачылі гэтыя фотагісторыі.

Ідэя Ірыны Каральковай пад назвай "Чары-мары" прадугледжвае стварэнне ў горадзе творчай пляцоўкі, дзе жанчыны пенсійнага і перадпенсійнага веку, а таксама рукадзельніцы сустракаліся б разам. Каб ствараць арыгінальныя і прыгожыя рэчы сваімі рукамі.

Ідэю асабліва ацаніла экспертка Таццяна Анташук. Яна адзначыла, што, сапраўды, існуе праблема сацыялізацыі людзей гэтага ўзросту.

Горацкі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадставіў адразу тры праекты. "Наш утульны-цёплы дом" накіраваны на дапамогу Ленінскаму аддзяленню кругласутачнага знаходжання. "Тэрыторыя здароўя" – ідэя стварыць у двары цэнтра спартыўную і сэнсарную пляцоўкі для людзей з інваліднасцю і пажылых грамадзян.

Ініцыятары ж праекта "Адродзім абрады Магілёўшчыны" хочуць набыць ганчарны круг для працы з глінай, а яшчэ пашыць для свайго фальклорнага калектыву "Атрада" некалькі народных касцюмаў. У межах гэтай ідэі актывісты ўжо праводзілі некалькі беларускіх святаў разам са студэнтамі БДСГА – "Жаніцьба Цярэшкі", палатнянае вяселле і гуканне вясны.

Пасля прэзентацыі артысткі "Атрады" паказалі танцавальны нумар пад беларускую музыку.

Эксперт Юры Стукалаў высока ацаніў горацкія ідэі. "Самае лепшае то, што ўсе гэтыя праекты можна ажыццявіць. Дзе больш цяжка, дзе – прасцей, але выснова адна – усё рэальна!" – адзначыў суразмоўца.

Дарэчы, усе прысутныя на "Кірмашы" запаўнялі анкеты, у якіх выстаўлялі адзнакі праектам і арганізатарам імпрэзы. Адзнакі будуць прааналізаваныя, а пра вынікі кірмашу паведамяць пазней.

Валерыя Прыгарын

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email