Нагадаем, што яшчэ ў сярэдзіне студзеня да нас прыязджалі з Мінску актывісты з ініцыятыў "Дзея" і "Задзіночанне беларускіх студэнтаў". Яны каля кірмашу збіралі подпісы, каб вярнуць гістарычную памяць вуліцам Горак – прапанавалі размясціць побач з сучаснымі назвамі вуліц іх ранейшыя адпаведнікі. Тады сабралі 164 подпісы, а потым актывістка Аліна Нагорная стварыла анлайн-петыцыю, якую падтрымалі яшчэ 98 чалавек. Ніжэй пра тое, што з гэтага атрымалася.
Подпісы былі накіраваны ў Горацкі райвыканкам 25 студзеня. 8 лютага прыйшоў адказ на беларускай мове. Наша кіраўніцтва прыняло ідэю даволі станоўча, хоць і не ўсё так проста.
"Мы ўсцешаныя, што ў выканкаме былі пазітыўна ўспрынятыя нашы прапановы і няма падставаў, каб шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц не з’явіліся ў Горках. Але ў той жа час нам было паведамлена, што ў бюджэце раёна няма сродкаў на рэалізацыю нашай прапановы", – падвяла прамежкавы вынік Аліна.
Таму грошы на шыльды трэба знайсці ініцыятарам. Для гэтага актывісты запусцяць збор сродкаў праз краўндфандынгавыя платформы дзеля рэалізацыі гэтай ідэі і накіруюць запыт у выканкам, каб атрымаць інфармацыю пра тэхнічны бок усталявання шыльдаў.
Мы будзем назіраць за сітуацыяй і паведамляць вам пра развіццё падзей.