13 і 14 студзеня ў цэнтры горада каля кірмашу збіралі подпісы за тое, каб вярнуць гістарычную памяць вуліцам Горак. Гэтым займаліся актывісты з арганізацый “Дзея” і “Задзіночанне беларускіх студэнтаў", а таксама мясцовыя жыхары. Яны прапанавалі размясціць побач з сучаснымі назвамі вуліц іх ранешыя адпаведнікі.
Ідэя вярнуць вуліцы Савецкай мінулае імя "Мсціслаўская" вісіць у паветры, бо мясцовыя да сёння называюць яе "Мсціслаўка". Менавіта таму за гэта ўзялася ініцыятыва "Дзея". Яе ўдзельнікі наведваюць невялікія гарады Беларусі і дапамагаюць жыхарам у іх ініцыятывах.
Аліна Нагорная, адна з лідарак арганізацыі, упэўнена: вярнуць старую назву вуліцы наўрад ці атрымаецца, нават калі за гэта выкажацца шмат гараджан. Галоўная прычына – перайменаванне дорага каштуе. Трэба пераафармляць шмат дакументаў, дэмантаваць старыя і ставіць новыя шыльды.
Іншая справа – побач з цяперашнімі назвамі вуліц размяшчаць іх гістарычныя найменні. Так ужо зрабілі ў Гродна, Мінску, Магілёве, Міры, Баранавічах. А чаму ў нас немагчыма? Ці няма сваёй гісторыі? Ёсць! Вось як раней гучалі імёны вуліц у Горках: Мсціслаўская (зараз Савецкая), Аршанская і Вялікая Аршанская (Якубоўскага), Малая Аршанская (Куйбышава), Інстытуцкая (Сурганава), Смаленская (Бруцэра-Ярафееўская), Сталярная (Крупскай), Салдацкая Слабодка (Сацыялістычная), Гарыстая (Кашавога), Школьная (завулак Якубоўскага).
За гэта на Стары Новы год і збіралі подпісы ў цэнтры Горак прыезджыя ды мясцовыя неабыякавыя грамадзяне. У большасці сваёй, па словах Аліны, жыхары нашага горада пазітыўна паставіліся да такой прапановы. Але былі і тыя, хто супраць.
"Уважлівы мужчына (на фота) выклікаў міліцыю і папрасіў "разабрацца з гэтымі бээнэфаўцамі". Па прыездзе міліцыянты ўзялі пісьмовыя тлумачэнні і адпусцілі актывістаў”, – здымак з такім подпісам з'явіўся на старонках "Дзеі" ў сацсетках.
Такая прыгода не перашкодзіла за некалькі гадзін сабраць амаль 200 подпісаў. У хуткім часе будзе створана анлайн-петыцыя, спасылку на якую мы размесцім на сайце horki.info. Праз два тыдні сабраныя подпісы будуць накіраваны ў Горацкі райвыканкам.
Што за "Дзея" такая?
Ініцыятыва паўстала 20 траўня, хоць да таго яе заснавальнікі ўжо праводзілі імпрэзы і кампаніі.
Адна з апошніх – "Дзея-дэсант". У межах якога актывісты прыязджаюць у малыя гарады Беларусі і дапамагаюць мясцовым жыхарам у вырашэнні лакальных праблем. У справаздачы за 2017 год прадстаўнікі "Дзеі" сцвярджаюць, што палова з такіх праблем была цалкам ці часткова вырашана.
А яшчэ актывісты правялі кампанію за ўсталяванне помніка слуцкім паўстанцам у Слуцку, пераклалі на беларускую мову Грамадзянскі кодэкс, арганізавалі шэсць мерапрыемстваў у межах "Тыдня Еўропы", дапамагалі ахвярам "дармаедскага" дэкрэту, падтрымлівалі нашу мову на спажывецкім рынку, прымалі ўдзел у абароне Курапатаў – месца масавых расстрэлаў сталінскага часу.