аўт, 12.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Паўліна Мядзёлка: адораная талентамі

28.09.2013 – 13:35 | 3223

Да 120-годдзя з дня нараджэння

“Была адорана шчодра…” - так напiсаў пiсьменнiк Уладзiмiр Калеснiк пра выдатную дзеячку беларускай культуры Паўлiну Вiнцэнтаўну Мядзёлку.

I сапраўды, паэтка, публiцыстка, мемуарыстка, артыстка, кiраўнiца харавых i драматычных калектываў, заслужаная дзеячка культуры БССР – усё гэта спалучыла ў сабе жанчына, чатыры гады жыцця якой звязаны з Горкамi, Беларускай сельскагаспадарчай акадэмiяй i якая была актыўным сябрам Горацкай студыi “Аршанскага маладняка”.

Нацыянальнасць – беларуска

Паўлiнa нарадзiлася 31 жнiўня 1893 г. у шматдзетнай сялянскай сям'i ў мястэчку Будслаў Дзiсненскага павета Вiлен-скай губернi (зараз гэта Мядзельскi раён Мiнскай вобласцi). У сваёй кнiзе “Сцежкамi жыцця” Мядзёлка ўспамiнала, што бацька “…любiў чытаць, выпiсваў нейкiя брашуры, асаблiва па прыродазнаўству, чытаў Льва Талстога, Рэнана i пакрысе займаўся самаадукацыяй”.

Мацi iмкнулася навучыць Паўлiнку гатаваць, шыць, даглядаць жывёлу, каб пасля выдаць замуж. Такая доля нашай гераіню не вельмi радавала – марыла аб iншым жыццi. Цягнула да вучобы, i Паўлінка цэлымi днямi не разлучалася з кнiжкамi, калi самастойна навучылася чытаць.

У 1898 г. сям'я пераехала ў Глыбокае, дзе Паўлiна скончыла царкоўна-прыходскае вучылiшча. Потым вучылася ў прыватнай жаночай гiмназii Няздзюравай і Райсмілер у Вiльнi, дзе здзiвiла кiраўнiцтва, запiсаўшы ў анкеце ў графе "нацыянальнасць" – беларуска.

Тут, у Вiльнi, Мядзёлка зблізілася з беларускiм і сацыялістычным рухамі, пазнаёмiлася з З.Бядулем, К.Каганцом, Цёткай (Алаi-зай Пашкевiч), А.Бурбiсам i іншымi дзеячамi.

Знаёмства на ўсё жыццё

У кнiзе “Сцежкамi жыцця" Паўліна ўспамінала аб тым, як упершыню у 1909 г. сустрэлася з Янкай Купалам, вершы якога чытала на старонках газеты "Наша ніва".

Мядзёлцы тады ледзь споўнілася 17, паэту ж было ўжо 29. На той час ён быў дастаткова знакамітым, а яна, простая дзяўчына з Будслава, толькі паступала ў гімназію. Пабегла, здаўшы іспыты, пахваліцца знаёмым. А насустрач... "мне адкрыў дзверы малады мужчына. Ён быў у камізэльцы, рукавы белай кашулі закатаны, высокі цвёрды каўнерык ад манішкі падпіраў падбародак, светлыя валасы, яшчэ мокрыя, гладка прычэсаны". Так наша гераіня апісала першую сустрэчу з Купалам.

Паўліна чакала ўбачыць змрочнага генія. А тут – галантны прыгажун з жартамі. "Насупіўшы, я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам размовы", – успамінала пазней Мядзёлка. Тады яна сабе і ўявіць не магла, што іх сяброўства застанецца на ўсё жыццё.

Увосень 1912 г. Паўлiна паехала ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якiя скончыла ў 1914 г. У час вучобы ў Пецярбургу пазнаёмiлася з прафесарам Б.Эпiмах-Шыпiлам, на кватэры якога вечарамi збiралася беларуская моладзь, што атрымлівала адукацыю ў Пецярбургскiх навучальных установах. На кватэры прафесара жыў і Янка Купала, якi вучыўся на вячэрнiх курсах Чарняева.

"Закаханы ў яе без памяці" 

"Акурат перад гэтым Янка Купала закончыў сваю "Паўлiнку" i прачытаў нам, – успамiнала П.Мядзёлка. – Мы загарэлiся жаданнем яе паставiць. За арганiзацыю спектакля ўзяўся брат прафесара Уладзіслаў Эпiмах-Шыпiла. А калi пачалi размяркоўваць ролi, спынiлiся на тым, што менавiта ёй, П.Мядзёлцы, быць Паўлiнкай. Як у жыццi, так i на сцэне…”

Дваццацігадовая прыгажуня не адмовілася. Аднак у час рэпiтыцый, любоўныя сцэны выходзілі дрэнна. Рэжысёр зразумеў: у дзяўчыны няма вопыту. Увечары да яе дадому прыйшоў Купала. Заседзеўся дапазна. Стаў наведваць рэгулярна, пакуль не пачуў ад Паўлiнкi: "Ты што, прыходзіш вучыць мяне цалавацца? Абыдуся без тваіх урокаў!"

П’еса прайшла з велiзарным поспехам. Асаблiва добра iграла Паўлiна, якая i стварыла сапраўдны поспех спектаклю. На сцэну выклiкалi аўтара – Янку Купалу, якому пецярбургскiя студэнты прэзэнтавалi гадзiннiк з выгравiраваным надпiсам: "Бацьку "Паўлiнкi" ад беларускiх студэнтаў". А Купала падараваў Паўлiне два экзэмпляры п'есы, на адным з якiх быў напiсаны прысвечаны ёй верш.

У шмат якiх аўтараў можна прачытаць аб тым, што Янка Купала ў гэты час быў вельмi закаханы ў Паўлiну. Так, А.Лойка ў кнiзе "Янка Купала", што выйшла ў серыi "Жизнь замечательных людей", пiша, што пасля спектаклю Я.Купала праводзiў Паўлiну дахаты i вяртаўся ноччу "…закаханы ў яе без памяці".

"Бо дурная была"

А цi прапаноўваў Купала Паўлiне выйсцi за яго замуж?

Гэта пытанне я асмелiўся задаць Паўлiне Вiнцэнтаўне ў час нашай сустрэчы ў 1970 г.

– Так, прапаноўваў, – пасля вялiкай паўзы адказала яна.

– I чаму ж вы яму адмовiлi?

– Было мне тады ўсяго 20 гадоў. Жадала далей вучыцца. I хоць я кахала яго, мне думалася, што патрэбен час, каб праверыць нашы пачуццi. Да таго ж, пасля нашай сустрэчы ў Вiльнi, калi ён вельмi жартаўлiва сябе са мной паводзiў, думалася, што Купала не вельмi сур’ёзна ставіцца да мяне.

Я не стаў бы пытаць аб тым, цi шкадавала Паўлiна Вiнцэнтаўна аб адказе Янку Купалу. Але цiкава, што ў яе ўспамiнах ёсць такая замалёўка, якая, на наш погляд, адказвае на многiя пытаннi. "У 1929 годзе прыехала з Заходняй Беларусi мая матка адведаць мяне, – пiсала П.В.Мядзёлка. – Я павяла яе да Купалаў, пазнаёмiла з маткай Янкi. Доўга сардэчна гаварылi мiж сабой дзве бабулi.

– Чаму гэта не Паўлiнка твая сынава, – казала матка Янкi. – Чаму ж яна яму адмовіла?

– Бо дурная была, – адказала мая матка, – жартачкi, адмовiць такому важнаму чалавеку, як ваш сын".

У далейшым жыццё Паўліну Мядзёлку кiдала з месца на месца. Падчас Першай сусветнай вайны ў эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 – яна ў Петраградзе сакратар Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 працавала ў Кіеве (Саюз гарадоў). У 1917-1918 гадах настаўнiчала ў Жорнаўскай пачатковай школе ў маёнтку княгiнi  Магдалены Радзівіл, адтуль пераехала ў Мiнск, дзе працавала таксама ў школе. Вядома, што там удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі.

У 1917 гаду Паўлiна нечакана атрымала вестку, што Янка Купала абвянчаўся 26 снежня 1916 г. у Маскве з яе сяброўкай Уладзiславай Станкевiч.

Аўтарка гімну

Мядзёлка мела не толькі артыстычны і педагагічны таленты. Пад псеўданімам Паўлінка з 1918 выступала ў друку з вершамі. Яна стварала паэмы, п’есы.

У Заходняй Беларусі быў папулярным гімн-песня Паўлiны "Пад гоман Вясёлы", якую высока ацаніў Рыгор Шырма. Тэкст распаўсюджваўся як улётка з нотамі і лаканічнай подпісам: "Паўлінка". Спявалі яго і латвійскія беларусы, і героі рамана В.Вальтара (беларускі празаік і паэт 1902-1931) "Роджаныя пад Сатурнам":

Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай,Пры зборы ўсіх нас на бяседзе такойУспомнім мы, брацці, аб долі няроўнай,Пра ўсіх тых, хто церпіць за край родны свой.

Арышты

З вясны 1919 г. Паўліна Мядзёлка стала інспектаркай беларускiх школ, кіраўніцай Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне.

20.7.1919 была арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газеты "Родны край" (Гродна).

Але ўжо праз год у Мінску кіравала беларускай жаночай школай. Зноў была арыштавана разам з мужам Тамашом Грыбам (беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, быў мiнiстрам унутраных спраў i земляробства Беларускай Народнай Рэспублікі) польскімі ўладамі ў маі 1920. Перад наступам Чырвонай Арміі Мядзёлка была вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Вронкі на Пазнаншчыне. Быў момант, калi

Паўліна нават рыхтавалася да расстрэлу...

Але пазней удалося па падробных дакументах выехаць у Вільню, а затым трапіць у Літву. У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Друкавалася ў газеце "Сялянская доля".

У 1921-1922 гг. у Берліне Паўліна Вінцэнтаўна напісала імпрэсію "Гвалт, гвалт, гвалт!", якая была надрукаваная ў віленскай газеце "Гоман".

У 1921 годзе па прапанове Цішкі Гартнага працавала ў выдавецкiм аддзеле пры савецкiм пасольстве ў Берлiне, дзе быў наладжаны выпуск падручнiкаў для беларускiх школ. У гэты час з друку выйшла Мядзёлкава кнiга "Сялянская доля: Паэма".

Потым быў яшчэ адзiн арышт i суд у Латвii, дзе працавала ў беларускай гiмназii ў Дзвiнску. У красавiку 1925 года суд апраўдаў Мядзёлку i яе таварышаў. Тады яна прыняла рашэнне вярнуцца ў  Савецкую Беларусь.

У роднай Беларусі

20 мая 1925 г. Паўлiна Вiнцэнтаўна перасякла мяжу Беларусi i ў час пяцiгадзiннага прыпынку цягнiка ў Вiцебску зайшла ў кнiгарню. "Я нiколi не спадзявалася пабачыць столькi кнiг на нашай роднай мове, – пiсала Мядзёлка ў "Сцежках жыцця", – школьныя падручнiкi, мастацкая лiтаратура, палiтычная, навуковая… Слёзы радасцi засцiлалi вочы".

Прыехаўшы ў Мiнск, Паўліна падзялiлася сваiмi ўражаннямi з жонкай Янкі Купалы – Уладзiславай Францаўнай i пачула ў адказ: "Пачакай, пачакай, як агледзiшся, дык не тое запяеш".

Тады такiя словы здзiвiлi Паўлiну Вiнцэнтаўну. Іх сэнс давялося зразумець праз некалькi гадоў…

Спачатку П.Мядзёлка працавала навуковым супрацоўнiкам сектара мастацтва Інбелкульта, потым выкладала беларускую мову на курсах перападрыхтоўкi настаўнiкаў у Клiмавiчах (гэты горад быў з 1925 года цэнтрам Калiнінскай акругі), затым – у Беларускім дзяржаўным выдавецтве і рэдаддзеле Інбелкульта.

(працяг будзе)

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email