пят, 27.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

"Людзі кажуць: гэта капец. З голаду не здохнем, але як аплаціць камуналку і сабраць дзяцей у школу?"

23.09.2016 – 15:01 | 1476

Сябра руху "За Свабоду" Андрэй Юркоў распавёў "Салідарнасці", як прайшлі выбары ў глыбінцы і чым жывуць людзі на ўсходзе Беларусі.

Андрэй Юркоў жыве ў Дрыбіне, а працуе ў Горках галоўным спецыяліcтам па маркетынгу РУП "Учхоз БГСХА", якое звязанае з Сельскагаспадарчай акадэміяй. На нядаўніх парламенцкіх выбарах ён ішоў кандыдатам па акрузе №82, у якую ўваходзяць Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны.

– Якая атмасфера была падчас выбарчай кампаніі ў вашых раёнах? У Мінску выбаршчыкі паводзілі сябе вельмі пасіўна.

– Мінчукі раней зразумелі, што выбараў няма. У нас па-іншаму. І калі раней мяне падтрымліваў прадэмакратычны электрат, то ў гэты раз да яго дадаўся яшчэ і пратэстны. Ужо большасці маіх землякоў стала зрузумела, куды мы кацімся. Першы раз за многія кампаніі я магу сказаць, што людзі звязваюць эканамічныя праблемы з дзеяннямі ўладаў. Таму я наўпрост крытыкаваў сённяшняе кіраўніцтва, даводзіў, што перспектываў пры ім няма. Багата людзей сказала: мы даўно на выбары не хадзілі, а ў гэты раз адмыслова прыйшлі прагаласаваць за цябе.

– Раскажыце пра вынікі выбараў для вас. Праходзіла інфармацыя, што на ўчастку №27 у Дрыбіне вы перамаглі ў асноўны дзень галасавання.

– Гэта сталася магчымым, бо на гэтым участку працавала назіральнікам мая дачка і я асабіста прыйшоў на падлік галасоў. Членам камісіі – маім суседзям, знаёмым, людзям, з якімі я гуляў у футбол і хакей, – было сорамна глядзець мне ў вочы.

Высыпалі скрыню з датэрміновым галасаваннем – 360 галасоў за маю канкурэнтку, 11 – за мяне. Ну ладна. Высыпалі скрыню галасавання на даму – 140 галасоў за праўладнага кандыдата, 10 – за мяне. Ладна, верым. Высыпалі скрыню за асноўны дзень галасавання, тусавалі і тусавалі бюлетэні, аб’явілі – 232 за мяне, 222 за канкурэнтку. Заўважыў, што стос "супраць усіх" нейкі надта вялікі – сказалі, што там усяго 27 галасоў, а там ляжыць можа каля сотні. "Ой, мы зараз пералічым". Тусавалі, тусавалі і ў выніку дадалі мне… два галасы. Прапанаваў параўнаць яўку з дадзенымі галасавання – не сышлося. Апусцілі вочы долу і стаяць. Папрасіў у іх толькі адно: паказаць стос бюлетэняў за маю канкурэнтку. Адмовіліся. Я сказаў на развітанне: не хачу скандалу, бо я вас усіх ведаю, прашу толькі, калі прыйдзеце дадому, то паглядзіце ў інтэрнэце фільм "Звычайны фашызм", каб зразумець, з чаго ўсё пачынаецца. На астатніх участках назіральнікам таксама бюлетэняў не паказалі.

Я чацвёрты раз балатаваўся ў дэпутаты і лічу, што ў гэтым годзе ўлада зрабіла вялікую дурасць. Яны напісалі мне 10% па акрузе. І калі зараз людзі сустракаюць мяне, то здзіўляюцца: як так, мы ж усе за цябе галасавалі?! А калі б намалявалі якіх 40%, то людзі маглі б яшчэ і паверыць у такія вынікі. Я не сцвярджаю, што разгромна перамог – гэта было б перабольшваннем. Але ўпэўнены, што пры чэсным падліку галасоў у мяне былі б вельмі вялікія шансы на перамогу.

– Якая эканамічная сітуацыя ў вашым рэгіёне?

– Яна жахлівая. Людзі бачаць, што наперадзе нас чакае крах. Скарачаецца колькасць прадпрыемстваў – маслазаводзікі, асфальтазаводзікі, камбікормавыя заводзікі – усё практычна развалілася. Ці знікла пад відам аб’яднанняў, дзе колькасць працоўных месцаў значна скарацілася. І калі, да прыкладу, у 2011 годзе нас выручала Расія, куды людзі масава ехалі на працу, і сацыяльнай напружанасці як цяпер не было, то зараз такога няма. Паехаць у Расію і адтуль карміць сям’ю стала амаль нерэальным. У лепшым выпадку толькі сябе пракорміш.

– Якія заробкі атрымоўвае большасць людзей?

– Сярэдні заробак складае можа 400-420 рублёў. Але ж гэта фікцыя. Сотні чалавек, з якімі я сустракаўся падчас выбарчай кампаніі, казалі: гэта капец. Раней хоць плацілі 2 мільёны, а зараз адправілі ў вымушаны адпачынак. З голаду не здохнем, ёсць свая гампадарка, агарод, жывёла. Але як нам камуналку і святло аплаціць, і дзяцей ў школу сабраць? Многае яшчэ трымаецца за кошт пенсіянераў. Яны хоць сядзяць надгаладзь, але ж унукаў кормяць. Пенсіі пакуль выплочваюцца.

– Незадаволенасць існуе толькі ў форме размоваў, ці людзі гатовыя пайсці на іншыя крокі?

– Вы ж ведаеце, каб сказаць Б, трэба сказаць спачатку А. Я рэальна першы раз у жыцці бачу пратэстныя натроі ў маёй мясцовасці, дзе звычайна 70-80% людзей падтрымлівалі ўладу. А ўва што яны выльюцца – не ведаю. Я раблю ўсё, што ў маіх сілах, скарыстоўваю магчымасці выбарчых кампаній, а прагнозы – справа няўдзячная.

– Ці цікавяцца палітыкай студэнты Сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках?

– Скажам шчыра, у Акадэміі спэцыфічны склад студэнтаў. У асноўным там вучацца вясковыя людзі, для якіх атрымаць вышэйшую акдукацыю – гэта ўжо здзяйсненне мары. Палітыка ім не асабліва цікавая, але разам з тым я лічу, што ў нас добра атрымалася з імі папрацаваць. Яны падтрымліваюць мае папановы па размеркаванні без прымусу, гарантаванні першай бясплатнай адукацыі, пашырэнні абменаў з Еўрасаюзам. Яшчэ гадоў 15 таму ў Акадэмію ішлі хаця б для таго, каб атрымаць магчымасць з’ездзіць у Англію пазбіраць клубніцы. Але пасля шырокую праграму па абмену з еўрапейскімі ВНУ ліквідавалі.

– Ці ёсць у Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах дэмакратычныя актывісты акрамя вас?

– Засталіся адзінкі. Праз дэмакратычны рух тут прайшло сотні паўтары чалавек, але іх павыбівалі за гэтыя гады. Улады ж як робяць – пазбаўляюць працы ці робяць так, каб табе хапала толькі на хлеб з малаком і стала не да актыўнасці. Стаіць мэта пазбавіць людзей альтэрнатывы.

– Якая сітуацыя ў вашым рэгіёне з беларускай мовай?

– Мы праводзілі рускамоўную прадвыбарчую кампанію. У нас такі народ, разумееце? Давайце быць аб’ектыўнымі. Па-першае, гэта ўсход Беларусі, тут мова заўсёды была больш русіфікаваная. Па-другое, пакаленне, якому зараз да 30 гадоў і якое вырасла пры гэтай уладзе, беларускую мову ўжо проста не разумее. Пачынаеш размаўляць са студэнтамі ў Горацкай акадэміі і бачыш па тварах, што яны не разумеюць. Я не ведаю, якая сітуацыя у Мінску, на захадзе Беларусі, але я ведаю свой рэгіён і адказваю за яго. Але гэта не адмоўнае стаўленне да беларускай мовы, паўтаруся: многія, на жаль, яе проста не ведаюць. І я шчыра сумняюся, што людзі памяняюць свае адносіны да мовы, пакуль знаходзяцца ў стане жабрацтва і прыгнёту.

– Як вы лічыце, як далей будуць развівацца падзеі ў краіне?

– Думаю, гэты ціск ў рэшце вылезе ўладам бокам. Мне дзіўна, чаму яны на гэтых выбарах не прапусцілі ў парламент 10-20 дэмакратаў (болей бы нас не прайшло). Тады б улады змаглі перакласці частку адказнасці за эканамічныя правалы на іншых. А так ім прыйдзецца самім усё расхлёбваць.

 Руслан Гарбачоў, gazetaby.com

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email