чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Горацкі ксёндз знайшоў старажытны спеў у гонар Маці Божай Бялыніцкай

06.09.2016 – 14:18 | 1128

Душпастар каталіцкай парафіі ў Горках ксёндз Андрэй Кеўліч адшукаў тэкст спеву да Маці Божай Бялыніцкай, у гонар якой названа парафія. Тэкст датаваны 1761 годам. 

– На старажытную песню, прысвечаную Маці Божай у Бялыніцкім абразе, я натрапіў, можна сказаць, выпадкова. Я цікаўлюся гісторыяй Касцёла ў Беларусі, асабліва на Магілёўшчыне, рыхтаваў артыкул пра санктуарый (у каталіцкай традыцыі – месца, якое асаблівым чынам адзначаецца пабожнасцю. Часцей за ўсё гэта касцёл ці яго частка.– рэд.) Маці Божай у Бялынічах, дзе знаходзіўся цудатворны абраз. Бялынічы мелі такую славу, што мястэчка называлі “Беларускай Чэнстаховай” (Чэнстахова – горад, які з'яўляецца духоўным цэнтрам Польшчы і паломніцтва хрысціян усіх канфесій – рэд.). Удалося знайсці скан вельмі цікавага дакумента, які быў падрыхтаваны менавіта да моманту каранацыі Бялыніцкай іконы ў 1761 годзе пап-скімі каронамі – самага вялікага знаку прызнання славутасці і цудатворнасці абраза, – паведаміў святар. – У брашурцы знаходзяцца гістарычныя звесткі пра каталіцтва ў Бялынічах, апісанне некаторых цудаў. А напрыканцы – менавіта тэкст песні, якую выконвалі на пачатку набажэнства перад іконай Маці Божай Бялыніцкай.

– Паколькі парафія ў Горках мае тытул у гонар Маці Божай Бялыніцкай, лічу, што мы атрымалі асаблівы падарунак на 10-годдзе аднаўлення парафіі, – падзяліўся ксёндз Андрэй.

На наступны дзень пасля таго, як святар выклаў сваю знаходку ў сеціве, да пошукаў далучыўся пробашч Троіцкай парафіі з Друі ксёндз Сяргей Сурыновіч, ён дапоўніў адкрыццё музыкай. Падказкай сталі некалькі словаў, змешчаныя непасрэдна перад тэкстам: “Nota jak: Pokaż się być Matko. &c.”.

– Ксёндз Сяргей вельмі хутка знайшоў, што “Pokaż się być Matkо” – гэта менавіта "Monstra Te esse Matrem". Пасля я адшукаў звесткі, што менавіта гэты гімн манахі, якія апякуюцца Яснай Гарой, спяваюць у самыя важныя моманты манаскага жыцця, – патлумачыў ксёндз Андрэй Кеўліч і дадаў, што знаходка мае вялікае значэнне для жывога, а не “матэрыяльнага” ўшанавання беларускай святыні, якая раней была шанаванай не толькі беларускімі каталікамі, але і праваслаўнымі вернікамі.

Багародзіца ў Бялыніцкай іконе з’яўляецца вельмі блізкай для Магілёўшчыны – яе выява знаходзіцца на гербе і сцягу нашай вобласці, а таксама на гербе Бялыніцкага раёна. Ёсць некалькі прыходаў, каталіцкіх і праваслаўных, названых у гонар Маці Божай Бялыніцкай.

– З Божай дапамогай мы хочам адаптаваць знойдзены тэкст на беларускую мову (арыгінал выкананы па-польску), каб ён зноў гучаў у храме, просячы асаблівага заступніцтва Багародзіцы ў Бялыніцкім абразе, – сказаў святар. – Калі ўсё будзе добра, то 17 верасня на парафіяльным свяце ў Горках мы ўжо зможам пачуць гэты твор.

Ягор Клішэвіч

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email