чцв, 18.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

На юбілейную імпрэзу Караткевіча ў БДСГА прыйшла ягоная пляменніца

27.11.2015 – 00:20 | 1483

26 лістапада ў Беларусі святкуецца 85-годдзе з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, паэта, драматурга, публіцыста, сцэнарыста Уладзіміра Сяменавіча Караткевіча. З гэтай нагоды ў акадэмічнай бібліятэцы адбылася літаратурная вечарыны, прысвечаная юбілею.

На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі акадэміі, удзельнікі народных літаратурных аб’яднанняў “Парнас”, “Роднае слова”, супрацоўнікі бібліятэкі.

Аб творчасці Уладзіміра Караткевіча, аб яго важнейшых творах, аб значэнні яго твораў на гістарычную тэматыку ў станаўленні нашай нацыянальнай свядомасці расказала старшы выкладчык кафедры рускай і беларускай моў Наталля Цімафееўна Антановіч.

Эмацыянальным і ўзрушаным было выступленне члена Саюза беларускіх пісьменнікаў Лідзіі Андрэеўны Мініч, якая адзначыла высокую грамадзянскую пазіцыю Уладзіміра Караткевіча, яго прынцыповасць і непрымірымасць да двудушша. Лідзія Андрэеўна адзначыла, што асоба Караткевіча з’яўляецца той вышынёй маральнай чысціні, прыкладам адданага служэння Радзіме, да якіх павінны імкнуцца ўсе мы.

На сустрэчу была запрошана і пляменніца пісьменніка Ганна Пятроўна Гардзева, дачка Ксеніі Канстанцінаўны Шарсневай, стрыечнай сястры Уладзіміра Караткевіча, якая жыве ў нашым горадзе. Ганна Пятроўна расказала аб сваіх дзіцячых сустрэчах са сваім знакамітым дзядзькам, аб яго прыездах у Горкі ў 1962 годзе. Ганна Пятроўна пазнаёміла прысутных з фотаздымкамі і кнігамі з аўтографамі Уладзіміра Караткевіча, які ён прысылаў і прывозіў сваім родным у Горкі.

На сустрэчы гучалі вершы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні ўдзельнікаў клуба творчай моладзі “Дэбют”, які дзейнічае пры акадэмічнай бібліятэцы. Прысутныя праглядзелі відыёфільм аб жыццёвым шляху літаратара, гучалі песні на вершы паэта.

На літаратурнай сустрэчы ва ўсіх выступленнях рэфрэнам гучала думка аб тым, што каб лепш зразумець нашу гістарычную мінуўшчыну, нашы адметныя нацыянальныя рысы, каб адчуць непаўторнасць нашай Беларусі і адчуць сябе беларусамі ў ёй, трэба чытаць творы Уладзіміра Караткевіча – Пісьменніка, Грамадзяніна, Чалавека.

Тэкст: Марыя Студнёва

Фота: Аляксандр Храмко

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email