чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

"Я веру, што родная Беларусь і нашы Горкі будуць вызвалены"

09.05.2015 – 14:00 | 919

Лiсты з фронту. Няма цiкавейшых і праўдзiвейшых сведчанняў Вялiкай Айчыннай вайны чым яны. Вядома, не ўсё мог напiсаць салдат, бо была тут і ваенная таямніца – пiльна глядзелi ваенныя цэнзары. Ды ўсё ж, франтавыя лісты – дакументальныя сведкi, якiя захавалi нам праўду пра вайну.

На вялiкi жаль, большасць гэтых дакументаў эпохі загiнула, так i не стаўшы грамадскім набыткам.

У фондзе Горацкага раённага гiсторыка-этнаграфiчнага музея захоўваецца калекцыя лiстоў нашага земляка Барыса Іофе, якiя ён пiсаў свайму роднаму брату, удзельнiку вайны, падпалкоўнiку Хацкелю.

Звязаў “Тараса на Парнасе” з Горкамі

Барыс пражыў вельмi кароткае жыццё – 25 гадоў i загiнуў на фронце. Усяго два гады (у 1939 і 1940) ён займаўся лiтаратуразнаўчай працай i надрукаваў чатыры артыкулы ў часопiсе “Полымя рэвалюцыi” i штотыднёвiку “Лiтаратура i мастацтва”.

Але за гэты вельмi кароткi прамежак наш зямляк зрабiў столькi, што iмя яго па праву ўключана ў бiблiяграфiчны слоўнiк “Беларускiя пiсьменнiкi”, у “Энцыклапедыю лiтаратуры i мастацтва Беларусi”, у энцыклапедычны даведнiк “Янка Купала”. Некалькi разоў Іофе ўзгадваецца ў кнiзе Г.Кiсялева “Пошукi iмя”.

У 1937 годзе Барыс з адзнакай скончыў сярэднюю школу. Сумненняў у выбары жыццёвага шляху ў яго не было. Паступіў на філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта без экзаменаў, бо з адзнакай скончыў сярэднюю школу.

Ва ўніверсітэце таксама вучыўся толькі на “выдатна”. Актыўна займаўся і грамадскай працай, уваходзіў у шматлікія студэнцкія арганізацыі і гурткі.

На трэцім курсе захапіўся гісторыяй беларускай літаратуры i, у прыватнасцi, гiсторыяй напiсання знакамiтай паэмы “Тарас на Парнасе”. Пра яе Барыс надрукаваў артыкул у часопiсе “Полымя” ў 1940 годзе. У iм аўтар разглядае пытанне аб часе напісання паэмы i лічыць, што хутчэй за ўсе яна пабачыла свет у 1843 г. Барыс першым тапаграфiчна прывязаў паэму да Горак i быў упэўнены, што яна напiсана менавiта тут.

Рукапіс гэтага артыкула зараз захоўваецца ў Горацкім раённым гiсторыка-этнаграфiчным музеі.

“Добра было б застацца жыць i быць сведкам перамогi”

Пачалася Вялiкая Айчынная вайна. У чэрвені 1941 г. Барыс Іофе разам з сябрамі па ўніверсітэце будуе абарончыя збудаванні пад Ленінградам.

А ў ліпені 1941 г. спецыяльнай пастановай Ленінградскага ўніверсітэта студэнтам, якія добра вучыліся, было дазволена здаць дзяржаўныя іспыты. Сярод іх быў і Барыс Іофе, які атрымаў дыплом з адзнакай (першай ступені).

Па размеркаванні Барыса накіравалі працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Новасібірск. Аднак з-за таго, што Ленінград у гэты час быў ужо ў блакадзе фашысцкіх войск, Барыс пайшоў працаваць на абарончы завод.

У лісце ад 4 лістапада 1941 г. брату Барыс піша: “Ленiнградцы тры месяцы стрымлiваюць полчышчы немцаў, якiя асаджаюць горад. Вось пайшоў ужо чацвёрты месяц абароны. Немцы акапалiся i зараз мерзнуць каля гарадскiх сцен. Частая бамбёжка i артылерыйскi абстрэл не далi iм чаканых вынiкаў. Рыхтуюцца новыя папаўненнi на Ленiнградскi рубеж. Немцы зараз моцна рванулiся да Масквы. Яны могуць выйграць сто бiтваў, але вайну ўсё адно прайграюць. Добра было б застацца жыць i быць сведкам перамогi”.

З ліста бачна, што Іофе працуе на заводзе ў пажарнай ахове: “Гэта работа стала патрэбнай асаблiва пасля таго, як нямецкiя бамбардзiроўшчыкi пачалi кiдаць запальныя бомбы”.

Вось яшчэ некалькі цытат:

“Я зраблю усё, каб дапамагчы фронту, працуючы без стомы. Галоўнае – жыць нашай краiне, а потым i нам ў ёй”.

“Я веру, што родная Беларусь i нашы Горкi будуць вызвалены. Мы яшчэ вернемся – перажыць бы толькi вырашальны час”.

Прайшло яшчэ некалькі месяцаў вельмі цяжкага і галоднага жыцця ў Ленінградзе. Але ў пачатку 1942 г. Барыс разам з сястрой Златай па “дарозе жыцця” быў эвакуіраваны.

Як гэта адбывалася, наш зямляк красамоўна апісаў у лісце ад 22.07.1942: “Ужо студзень iшоў да канца. Голад i бамбёжка дапаўнялi адно аднаго. З лiстапада няма банi. Няма трамвая. Няма электрычнасцi. Я i Злата спачатку апухлi, а потым схуднелi.

Зусiм нечакана 31 студзеня 1942 г. мяне вызвалi ва ўнiверсiтэт, выдалi эвакалiст i сказалi: “Едзь”.

1 лютага пайшло на неабходныя даведкi i iншую мiтусню. Дабiлiся дазволу на выезд Златы. Ноччу мы збiралiся, але не было сiл цягнуць вяроўку. 2 лютага ранiцай я i Злата павезлi да Фiнляндскага вакзала свае рэчы. Злата везла iх, я не мог везцi, толькi дапамагаў. На паўдарозе я сустрэў Iсака Ляндрэса. Ён без рэчаў iшоў на вакзал, але не перанёс дарогi i памёр у мяне на руках. Ужо на вакзале памерлi мае аднакурснiкi Лiпа Марголiн i Коля Дракiн”.

Па прыбыцці ў Волагду эвакуіраваных накіравалі на папраўку ў вёску Вялікі Двор Сокальскага раёна Валагодскай вобласці. Яны жылі на хатах у калгаснікаў, якім на аздараўленне эвакуіраваных выдавалі асобны паёк.

“Рыхтуюся адпомсцiць за Горкi”

Некалькі месяцаў Іофе лячыўся ад дыстрафіі, а затым добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію. Яго накіроўваюць у Свярдлоўскае пяхотнае вучылішча, дзе ён вучыцца на мінамётным аддзяленні.

Аб месяцах вучобы засталіся лісты Барыса

“24.05.1942 ...Я знаходжуся ў Свярдлоўскiм пяхотным вучылiшчы на мiнамётным аддзяленнi. Мяне мацуе думка, што я рыхтуюся адпомсцiць за Горкi, за мацi, за Веру, Фаню i Женю” (маці і яго сёстры былі расстраляны фашыстами 7 кастрычніка 1941 года – У.Л.).

“20.06.1942 ...Мне вельмi цяжка фiзiчна. Адчуваю, што не спраўляюся з вялiкай фiзiчнай нагрузкай. Але наперадзе фронт i жаданне барацьбы з немцамі”.

“4.08.1942 ...Шмат чытаю. За час вучобы прачытаў 20-25 кнiг, нягледзячы на тое, што часу не стае”.

“8.01.1943 ...Я жыву як i заўсёды. Адзiная мая мара хутчэй быць на фронце, вельмi надакучыла быць у тыле ў той час, калi iдуць гарачыя i паспяховыя баi”.

“9.02.1943 ...Год таму назад мы са Златай, змерзшыя і згаладалыя, прыехалi ў Вялiкi Двор з Ленiнграда. Галодны час у блакадным Ленiнградзе для мяне як сон, як прачытаная кнiга, – журботная i да болю жорсткая...

Усiм нам радасныя перамогi нашай слаўнай армii. Пад Сталiнградам яна цуд стварыла, але паведамленне аб прарыве блакады Ленiнграда сагрэла сэрца шчасцем – такiм, як быццам яно адносiцца толькi да мяне i да нiкога iншага...”

На яго батальён было кінута больш за 40 фашыскіх танкаў

Барыс з адзнакай заканчвае курс вучылішча і яго пакідаюць там камандзірам аддзялення новага набору, выбіраюць сакратаром камсамольскай арганізацыі. Аднак зямляк наш хоча ісці на фронт і падае некалькі рапартаў з просьбай адправіць яго непасрэдна змагацца з фашыстамі. І з лютага 1943 г. Барыс – камандзір мінамётнага ўзвода 1105 стралковага палка 328 стралковай дывізіі.

Прымае ўдзел у баях па вызваленні Каўказа, Краснадарскага краю, Кіева і Жытомірскай вобласці. Яго камандзір роты Павел Іванавіч Жайваронак у лісце да яго брата пісаў: “Iофе Барыс Iсакавiч прыбыў да мяне ў роту прыкладна ў лютым-сакавiку 1943 года непасрэдна на перадавую лiнiю, дзе мы вялi баi на Каўказе i ў раёне Краснадарскага краю за станiцу Крымская... З першых дзён ён паказаў сябе дысцыплiнаваным, палiтычна адукаваным, ведаючым сваю працу. Барыса салдаты з першых дзён палюбiлi i ён сярод салдат карыстаўся вялiкiм аўтарытэтам”.

Захаваліся лісты, якія з фронту Барыс пісаў свайму брату:

“9.06.1943 ...Знаходжуся непасрэдна на перадавой. У перапынку памiж агнявымi налётамi выпаўзаю глядзець на мудрагелiстыя горы Каўказа, на знявечаную зямлю i спаленыя лясы”.

“5.07.1943 ...Жыву франтавым жыццём у 50-цi метрах ад працiўнiка.

...Як тут скапана зямля сапёрнымi лапатамi, як перапахана артылерыяй!... Вiдаць, дарагая ты, зямлiца. Зараз больш, чым калi, хочацца, каб немцаў хутчэй разбiць, вярнуцца да сваiх родных, бачыць свабоднай сваю Беларусь, квiтнеючы свой Ленiнград”.

“30.06.1943. Да фронту прывык. Вяду сябе актыўна. Iнтэнсiўна абстрэльваю фрыцаў i не даю iм падняць галавы...

...Што б не здарылася, зараз не страшна: ёсць поўная ўпэўненасць, што фрыц прайграе вайну i наша Радзiма будзе свабоднай.

“9.10.1943 ...Радасна, што вызвалiлi людзей са звярынага засценка”.

...Нашы войскі падышлi да нашых родных Горак, мяркуючы па зводках, там iдуць баi”.

Гэта быў апошні ліст. 15 снежня 1943 года ў баях пад горадам Радомышль Барыс гераічна загінуў.

Аб тым, як гэта адбылося, можна даведацца з ліста згаданага намі Жайваронка. 15 снежня 1943 года фашысты пайшлі ў контрнаступленне. На батальён было кінута больш за 40 фашыскіх танкаў. Воіны роты гераічна змагаліся з фашыстамі, падбілі некалькі танкаў. Аднак большасць асабовага складу роты ў гэтым баі загінула, а ў жывых засталося ўсяго сем чалавек. Яны пад покрывам ночы пайшлі на злучэнне са сваімі. Сярод іх быў і цяжка паранены Жайваронак, якому праз шэсць дзён блуканняў удалося выйсці да сваіх войск.

У гэтым баі і загінуў наш зямляк Барыс Іофе.

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email