нядзеля, 22.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Кнігу пра родную вёску напісаў Міхаіл Міхайлавіч Анікееў 

13.04.2024 – 12:20 | 816

У Дрыбiнскім і Горацкім раёнах добра ведаюць Міхаіла Міхайлавіча Анікеева – ураджэнца вёскі Нікольск Дрыбінскага раёна. Пра яе ён выдаў кнігу з разнастайнай інфармацыяй і фотаздымкамі. У гэтай працы ніхто не застаўся забытым – ні жывыя, ні мёртвыя.

У 1968 годзе Міхаіл Міхайлавіч скончыў Нікольскую васьмігадовую школу, потым працягнуў вучобу ў Дрыбінскай вячэрняй сярэдняй школе, у Жыліцкім саўгасе-тэхнікуме, служыў у арміі. Завочна скончыў агранамічны факультэт БДСГА, аспірантуру пры нашай акадэміі, абараніў дысертацыю, стаў кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Ягоны працоўны стаж пачаўся ў саўгасе "Дрыбінскі". Там ён быў жывёлаводам. Потым стаў брыгадзірам комплекснай брыгады "Нікольск" гэтай арганізацыі. З 1977 года – галоўны аграном саўгаса "Копцеўскі", затым – дырэктар саўгаса "Горацкі" Горацкага раёна. Двойчы выбiраўся старшынёй Горацкага райвыканкама, а з 1987-га – быў першым сакратаром Асіповіцкага гаркама КП Беларусі. З 1990 па 2000 г. – дацэнт кафедры раслінаводства БДСГА.

Міхаіл Міхайлавіч актыўна займаўся грамадскай працай: быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, двойчы – Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. С 2000 па 2003 г. працаваў намеснікам старшыні Камісіі па правах чалавека і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У 2010 годзе Міхаілу Міхайлавічу Анікееву прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны", медалямі "За воінскую доблесць", "За працоўную доблесць", бронзавай і сярэбранай медалямі ВДНГ СССР, Ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

I вось, калі Міхаіл Міхайлавіч быў яшчэ дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, да яго сталі звяртацца землякі з роднай вёскі Нікольска. Яны прачыталi раённую кнігу "Памяць" i ўбачылi, што там мала сказана пра нікольцаў. Міхаіл Міхайлавіч паабяцаў любымі сродкамі выправіць непаразуменне i стварыць кнiгу, дзе ніхто не застанецца забытым – ні жывыя, ні мёртвыя.

Прайшло некалькi гадоў працы, i кніга "Нікольск: мой лёс, мая спадчына" напісана і выдадзена. У прадмове да яе аўтар адзначае: "На працягу многіх гадоў я марыў напісаць кнігу пра нашу вёску, гісторыю яе паходжання, пра цяжкія гады калектывізацыі, пра рэпрэсаваных, пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, цяжкасці пасляваеннага аднаўлення. Расказаць найперш пра людзей нашай вёскі, іх лёсы і справы".

У кнiзе шмат матэрыялаў, якія ў розны час публікаваліся ў мясцовым друку і сталі гістарычнымі. Ёсць фотаздымкi з сямейных архіваў аднавяскоўцаў, фотаілюстрацыі, зробленыя ў нашы дні – гэта таксама набытак гісторыі.

Апроч гэтага, уключаны некаторыя артыкулы аўтара, выступленні ў друку і інтэрв'ю, нарысы і замалёўкі, у якіх ідзе гаворка пра ягоную малую радзіму, пра землякоў, пра працоўныя справы жыхароў Дрыбіншчыны.

У дадатку да кнiгi надрукаваны спісы жыхароў Нікольска – воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ці прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама актыўных удзельнікаў гэтай вайны, якiя вярнуліся з фронту.

У напісанні i выданнi кнігі аўтару дапамаглi: член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Уласенка і член Саюза журналiстаў Беларусi Уладзімір Ліўшыц, супрацоўнікi Дрыбінскага і Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музеяў, а таксама землякi, якiя падзялілicя сваімі ўспамінамі.

Аўтар хоча, каб кнігу ўважліва прачыталі землякі, зрабілі свае заўвагі і дапаўненні, якія ён абавязкова ўнясе пры яе перавыданні.

У. Маісееў

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email