пят, 27.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Крычаўскую свістульку ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў

23.05.2023 – 10:50 | 1596

Гэты самабытны архаічны выраб Магілёўскага Падняпроўя атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і быў уключаны ў дзяржаўны спіс каштоўнасцяў Беларусі, піша "Звязда".

Істота з галавой каня і тулавам качкі – так выглядае цацка-свістулька "крычаўскі конік", якая даўно стала брэндам Крычава. Толькі ў Крычаве майстры ляпілі такую форму канька – без ножак і падобнага на шахматную фігурку. У гэтым яго адметнасць і вядомасць далёка за межамі Беларусі.

Адрадзіў майстэрства і тэхналогію вырабу гліняных народных цацак-свістулек ў Магілёве і Крычаве Вячаслаў Якавенка, народны майстар Беларусі. Больш за 20 гадоў дапамагае яму ў гэтым Любоў Яшчанка, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. 

Менавіта з іх творчых рук у Крычаве гадоў пяць таму выйшаў выдатны фестываль, дзе свае ўменні ў рабоце з глінай дэманструюць як дарослыя майстры, так і шматлікія навучэнцы творчай пары. За адраджэнне ўсходнеславянскай падняпроўскай народнай традыцыйнай глінянай цацкі ў 2014 годзе Вячаслаў Якавенка быў узнагароджаны ордэнам "Пашана і слава". Майстар і цацка занесены ў міжнародную энцыклапедыю.

Па словах народнага майстра, Падняпроўская цацка-свістулька – ручны выраб з гліны, прызначаны для атрымання свісту, розных гукаў і выконвання мелодый. На іх можна імітаваць спевы птушак, гукі жывёл і звяроў. 

Цацка-свістулька "крычаўскі конік".

Сённяшнія канькі жывуць і нараджаюцца ў магілёўскай студыі "Чароўная гліна", якой кіруе Любоў Яшчанка, і крычаўскай узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Свістулька" раённага Цэнтра культуры ДУК "Цэнтралізаванная клубная сістэма Крычаўскага раёна", мэтр якой – Вячаслаў Якавенка.

Абодва майстры не ўяўляюць свайго жыцця без заняткаў любімай справай і з задавальненнем перадаюць вучням не толькі ганчарныя ўменні, але і сакральныя функцыі і таямніцы, якія захоўвае ў сабе конік.

Падняпроўская цацка адрозніваецца ад іншых спосабам лепкі. Яна робіцца з цэлага кавалка гліны пластычным спосабам (з першапачатковай формы выцягваюцца ногі, галава, хвост, вушы). Паасобку могуць прымацоўвацца рогі і вершнік, які сядзіць на качцы-кані. Цацка вылучаецца адной характэрнай вялікай дэталлю, якая адразу звяртае на сябе ўвагу. Напрыклад: вялікія вушы ў каня, грэбень у каня-пеўня ці адна галава і шыя, як у крычаўскага каня (такі вобраз дае падставу лічыць гэтую цацку, бадай што, самай архаічнай і звязанай з культам каня і качкі).

Падняпроўскія цацкі вырабляліся ў тэхніцы тэракоты, глазуравання (паліва часцей зялёнага колеру), чарнення і гартавання (абпальвання). Цацка можа быць абярэгам, сувенірам, музычным інструментам, упрыгажэннем інтэр'ера, ёлачнай цацкай.

Фота і тэкст: Ірына Сідарок, "Звязда"

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email