Традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна ў вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Прапанову аб гэтым, якую прадставіў начальнік навуковага аддзела Нацыянальнага парк "Прыпяцкі" Андрэй Бяспалы, адзінагалосна падтрымала рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.
Як паведамляе Мінкульт, гэта традыцыя адносіцца да мужчынскіх рамёстваў дрэваапрацоўкі і ў першую чаргу даўбёжнага рамяства. Човен упамінаецца ў "Рускай праўдзе" ў 1054 годзе, а таксама іншых пісьмовых крыніцах IX – XI стагоддзяў.
Тэхналогіі вырабу чоўна перадаваліся раней з пакалення ў пакаленне ў сям'і і вясковай супольнасці. Кожны паляшук умеў працаваць з дрэвам і валодаў некалькімі рамёствамі ягонай апрацоўкі.
Супольнасць вёскі Перароў лічыць чоўнадаўбленне часткай сваёй культурнай спадчыны, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і з'яўляецца фактарам фарміравання лакальнай ідэнтычнасці гэтай супольнасці: яны яшчэ памятаюць са слоў старэйшага пакалення, што човен быў неабходным водным транспартам у кожнай сям'і, бо вёска знаходзіцца на беразе Прыпяці і штогод падчас веснавых разліваў "плавала", пакуль не пабудавалі дамбу.
Аднаўленне традыцыі звязаны з ініцыятывай Нацыянальнага парка "Прыпяцкі", дзе гэтыя чаўны выкарыстоўваюць у спаборніцтвах падчас фестывалю этнакультурных традыцый "Кліч Палесся".
Элемент стане 164-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.