29 мая па народным календары імяніны ў Аляксандра, Георгія, Ахрэма, Кас'яна, Лаўрэна, Хведара. Дзень называўся жытнік, лічыўся самым апошнім тэрмінам для пасеву яравых. Для нашых продкаў жыта – гэта збожжа наогул, да той пары пакуль яно не станавілася мукой. Ураджай жыта даваў надзею на шчаслівае і багатае жыццё, таму да хлеба заўсёды было трапяткое стаўленне.
У гэты дзень на стол падавалі абавязкова любую кашу. Былі такія прыкметы: калі менавіта сёння цвіце рабіна, то прыйшло сапраўднае лета; калі грыміць гром – ураджай будзе багаты.