23 мая па народным календары імяніны ў Васіля, Кірыла, Сымона, Таісіі. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень трэба ўшаноўваць маці сырую зямлю. Яна павінна адпачыць, прыняць віншаванні, пачуць добрыя словы. Было ў звычаі высцілаць зямлю святочнымі хусткамі, ручнікамі, а таксама ставіць на глебу пачастунак: пірагі, квас, піва.
Лічылася, што ў гэты дзень нельга капацца ў зямлі, але карысна збіраць лекавыя расліны. Таксама была такая прыкмета: калі на госця ўпаў венік, то гэты госць прыйшоў з нядобрымі намерамі.