7 мая па народным календары імяніны ў Аляксея, Валянціна, Елізаветы, Інакенція, Аўсея, Алісея, Іосіфа, Лявонція, Мікалая, Савы, Сяргея, Фамы. У народзе пра гэты дзень казалі: "Прыйшоў Алісей – авёс пасей". У гэты дзень бывала, што на людзей навальваўся цяжар і стома. Ад гэтага магла ўратаваць вада з гаючай крыніцы, якую нібыта несла Лізавета Цудатворніца (гэты дзень лічыўся і ейным таксама).
Былі такія прыкметы: каб адолець хваробы, трэба ў гэты дзень памаліцца і святой вадой памыцца. Таксама лічылася, што калі ў гэты дзень ужо лётаюць камары, то ўраджай будзе вельмі добры.