5 мая па народным календары імяніны ў Віталя, Усевалада, Гаўрылы, Змітра, Клімента, Платона, Хведара. У старажытныя часы ў Беларусі ў гэты дзень адзначалі свята вясны ў гонар багіні Лялі (Лады) – Ляльнік. Лялю нашы продкі ўяўлялі ў выглядзе маладзенькай, прыгожай, высокай дзяўчыны. Святкавалі яго так: на лузе збіраліся маладыя дзяўчынкі, выбіралі найпрыгажэйшую сяброўку, апраналі яе ў доўгі белы саван, на галаву клалі вянок з вясновых кветак. Саджалі дзяўчыну на дзярновую лаўку, на якой з аднаго боку клалі масла, яйкі, сыр, а з другога – хлеб. Затым, узяўшыся за рукі, дзяўчынкі скакалі вакол Лялі і спявалі ёй песні.
Нашы продкі лічылі, што гэты дзень падыходзіць для пасеву цыбулі. Былі такія прыкметы: калі сёння цёплае надвор'е, то ўвесь май такім будзе; грыміць гром – будзе багаты ўраджай.