2 мая па народным календары імяніны ў Віктара, Георгія, Змітра, Івана, Сымона. Гэты дзень у старыя часы называлі Вясна-навіна. Навіна – так нашы продкі звалі і першае збожжа, і першы мёд, і расчышчаную пад раллю новую зямлю. Па старым звычаі, у гэты дзень апраналі вясну ў навіну – на кустах і лугавінах жанчыны развешвалі выпаласканыя ў рачной вадзе новыя палотны і новыя кашулі, каб яны ўвабралі чысціню і сілу сонечнага вясновага дня. Усе выходзілі з хат любавацца, як вясна, апранутая ў навіну, красуецца.
Лічылася, што 2 мая нельга было абзаводзіцца абновамі адзежы: "Сягоння не вам, бабы, – вясне гонар!" – казалі ў народзе.