сер, 11.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Пастырскае пасланне Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Вялікдзень

16.04.2022 – 21:35 | 696

Пастырскае пасланне на Вялікдзень 2022 года Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскі.

"Дзень, поўны радасці, настаў. Сёння Пан Хрыстус з гробу ўстаў. Аллелюя!"

Глыбокапаважаныя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Умілаваныя браты і сёстры. Людзі добрай волі.

Урачысты і велічны перазвон званоў, які з самага ранку загучаў у нашых святынях, у чарговы раз нагадаў аб радасці таямніцы Уваскрасення нашага Збаўцы і Пана Езуса Хрыста.

На працягу многіх стагоддзяў радасным перазвонам Касцёл абвяшчае свету гэтую праўду, якую жанчыны перадалі апосталам: яны сказалі, што сустрэлі Хрыста жывога, Ён уваскрос! Ён перамог смерць! Ён выйшаў з магілы! Ён зноў з намі!

Таму сёння літургія слова Божага яшчэ раз заглыбляе нас у атмасферу гэтай падзеі. Яна вядзе да таго месца, дзе Хрыстус перамог смерць. "У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы" (Ян 20, 1).

Аднак вучні Хрыста былі настолькі напалоханыя падзеямі, што адбыліся ў Вялікую пятніцу, – напалоханыя тымі пакутамі, якія зносіў Езус, Яго ўкрыжаваннем і смерцю, што нават не ўспомнілі, што Езус прадказваў ім раней пра ўсе гэтыя здарэнні. Ні апосталы, ані жанчыны не думалі пра прадказанне Хрыста, што Сын Чалавечы ўваскрэсне з мёртвых, але думалі пра тое, як падрыхтаваць Яго цела на вечны спачын у адпаведнасці з дзеючым законам. Таму, калі на трэці дзень пасля смерці Хрыста ў Ерузалеме разнеслася вестка, што Ён уваскрос, што Марыя Магдалена бачыла Яго і што іншыя жанчыны, якім анёл паведаміў пра ўваскрасенне Хрыста, расказваюць пра гэта таксама апосталы, прымаюць гэтыя паведамленні з недаверам.

Дарагія браты і сёстры! Толькі пустая магіла была для вучняў Езуса першым знакам уваскрасення іх Настаўніка. Пустая магіла прымусіла апосталаў усвядоміць, што словы, сказаныя Езусам, споўніліся: "Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне" (Мц 20, 19). Таму неўзабаве яны адчулі другі, яшчэ больш моцны знак. Бо ў той самы дзень Уваскрослы Хрыстус стаў пасярод іх у Вячэрніку: усе бачылі Яго на ўласныя вочы, маглі дакрануцца да Яго, паразмаўляць з Ім і спажываць пасілак (пар Лк 24, 36–42).

Дарагія браты і сёстры! Можа ўзнікнуць пытанне: чаму Касцёл надае гэтай падзеі такі моцны акцэнт і нагадвае пра яе кожны год? Умілаваныя, таму, што Касцёл хоча ўмацаваць нас у перакананні, што праўда пра ўваскрасенне нарадзілася не з жадання, не са сведчання падкупленай варты ці з нейкіх плётак, якія распаўсюджваюцца сярод легкаверных людзей.

Уваскрасенне Хрыста – гістарычны факт, пра які сведчыць вядомы гісторык старажытнасці Юзаф Флавій.

За абвяшчэнне праўды аб уваскрасенні Хрыста Апосталы і Яго вызнаўцы зачастую аддаюць уласнае жыццё. Таму, пачынаючы з часоў Апосталаў, кожнае пакаленне хрысціянаў паклікана сведчыць аб уваскрасенні па просьбе самога Хрыста: "Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку" (Мц 28, 19–20).

Шаноўныя! Са смерцю Хрыста нічога не скончылася, а толькі ўсё распачалося. Уваскрасенне Хрыста – гэта гарантыя нашага ўваскрасення.

Хрыстус першы ўваскрос з магілы, а гэта значыць, што ў свой час і мы таксама ўваскрэснем. Аднак трэба памятаць, што ўзыходжанне да хвалы ўваскрасення адбываецца праз крыж, цярпенні і пакуты. "Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены" (Мц 24, 13), – запэўнівае Езус Хрыстус.

Дарагія браты і сёстры! Праўда аб Уваскрасенні Хрыста з'яўляецца асноваю нашай веры і адначасова для нас, вернікаў, з'яўляецца заклікам, каб мы змяніліся і распачалі новае, праведнае жыццё ўжо тут, на зямлі. На жаль, многія народы і сем’і раздзелены з-за сварак, спрэчак, помсты і нянавісці, зайздрасці і пыхлівасці, захоплены пагоняй за матэрыяльнасцю і славай, павялічваецца колькасць разводаў, забойстваў, назіраецца абыякавасць да чалавечай бяды і няшчасця. У свеце ўвесь час ідуць войны, якія нясуць вялікія цярпенні і пустку. Таму сёння кожнага з нас святы Павел заахвочвае: "Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное" (Клс 3, 1–2).

Шаноўныя! Дык давайце сёння цешыцца радасцю новага жыцця, якое Хрыстус абвясціў нам сваім уваскрасеннем. Кожны наш дзень давайце будзем старацца пражыць паводле вучэння Хрыстовага Евангелля, ствараючы вакол сябе атмасферу хрысціянскай любові, дабрыні і міласэрнасці. Няхай Уваскрослы Хрыстус заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці, у малітве, у працы, у абавязках, у нашых сем'ях, каб яны былі верныя Богу, адкрытыя на зачатае жыццё і на міласэрнасць да бліжніх. Няхай Уваскрослы Езус навечна паселіцца ў нашым народзе і ў нашай краіне, ва ўсіх нашых супольнасцях, у кожным нашым сэрцы.

Няхай Уваскрослы Хрыстус Пан адорыць нас сваім шчодрым благаслаўленнем. Бо Ён уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Я дзялюся гэтай радаснай праўдай нашай веры з усімі вамі, умілаваныя вернікі нашай архідыяцэзіі, з усім народам Божым. Прытуліцеся да Уваскрослага і не аддаляйцеся ад Яго. Няхай гэта станецца асноўнай каштоўнасцю вашага жыцця.

Умілаваныя! Словы Анёла: "Яго тут няма; Ён уваскрос, як сказаў", – няхай яшчэ раз прагучаць з пустой магілы Езуса. А калі гэта так, то:

Слёзы з твару выцірайце,

Праганяйце з сэрцаў грэх.

Песні радасна спявайце,

Хай гучыць вясёлы смех.

Уваскрос Пан над панамі,

Ён жыве, Ён зноўку з намі.

Аллелюя, аллелюя,

Усклікайце: Аллелюя!

Браты і сёстры. Няхай жа радасна загучыць нашае Мінска-Магілёўскае: Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя! аллелюя!

Усім вам жадаю радасных пасхальных святаў. Няхай праўда ўваскрасення ўзмоцніць нашыя сілы і адновіць надзею.

Поўных Божай ласкі, духоўнай радасці і супакою святаў Пасхі Хрыстовай усім вам!

Давяраючы ўсіх вас апецы Божай Маці, на гэты час святкавання ад усяго сэрца благаслаўляю ў Імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email