22 сакавіка па народным календары імяніны ў Аляксандра, Александры, Аляксея, Апанаса, Валерыя, Змітра, Івана, Іраклія, Кірыла, Лявона, Міхала, Наталлі, Мікалая, Пятра, Сяргея, Тараса. У гэты дзень адзначалі Саракі. Многія лічаць, што гэта самае старажытнае свята сустрэчы новага года па сонечным календары, якое захавалася да нашага часу. Прынята было выпякаць булачкі ў форме птушачак – жаўрукі. Дзеці насілі іх у поле, насоўвалі на вілы і клікалі вясну, звяртаючыся да "жаўрука": "На табе зіму, а нам лета! На табе санкі, а нам калёсы!" Таксама выпечанае крышылі на зямлі, каб прыцягнуць птушак.
Нашы продкі верылі: на Саракі дзень з ноччу мераецца, зіма завяршаецца, вясна пачынаецца; на Саракі з-за мора прылятае 40 розных птушак; калі на Саракі цёпла, то такое надвор'е пратрымаецца яшчэ 40 дзён; мароз на Саракі – да добрага ўраджаю.