12 сакавіка па народным календары імяніны ў Макара, Міхаіла, Пятра, Пракопа, Сяргея, Сцяпана, Цімафея, Ціта, Юліяна, Якуба. Дзень называўся "Пракоп-дарогабурыльнік". Раней казалі так: "Пракоп санкавы шлях бурыць". Нельга было ў гэты дзень выязджаць з хаты, не прыклаўшы вуха да зямлі. Нашы продкі хацелі спачатку пераканацца: ці надзейная снегавая дарога. І толькі пасля гэтага займаліся гаспадарскімі справамі. Народжанаму ў гэты дзень наказвалі не спяшацца, з розумам за справы брацца.
Была такая прыкмета: калі вераб'і корпаюцца ва ўласным пер'і, значыць, быць пацяплення. Асабліва добра, калі яны гэта робяць пад дахам хаты.