нядзеля, 24.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Яшчэ крыху пра назвы роднага горада

26.07.2014 – 14:00 | 996

У артыкулах Горкам сёлета – 470 гадоў і Адкуль пайшлі назвы родных мясцінаў? мы пачалі расказваць пра арыгінальныя назвы мясцовасці, з якімі жыхары Горак сустракаюцца ў сваім паўсядзённым жыцці. Мы даведаліся адкуль пайшлі найменні частак горада: Слабада, Зарэчча, Вакзал, Аэрапорт, Магазін пад брылямі, Шыманоўка, Аршанка, Рытаўскі гарод і Белы ручай. Сёння – пра іншыя тапонімы.

Акадэмія

Калі ў Горках кажуць "акадэмія", то маюць на ўвазе акадэмічны гарадок з комплексам навучальных карпусоў, жылых дамоў i крам.

Але так гэтая тэрыторыя называлася не заўсёды. Калi ў 1837 годзе пачалося ўзвядзенне  Горы-Горацкага земляробчага вучылішча, гэта месца мела назву “будаванні".

Былы выхаванец вучылішча М.М.Ганчарык, якi потым стаў доктарам біялагічных навук, у сваёй кнізе “Шлях ад пачатку стагоддзя” пісаў: “А сама школа мяне проста зачаравала. Дзівосны стары парк, сярод якога раскінуты трохпавярховыя будынкі школы, далей будынкі каморніцка-агранамічнай школы, а затым рамесніцкай школы – усё гэта, разам  з рознымі службамі, хавалася ў зеляніне прысад, кветнікаў, паркаў. Усе гэтыя школы мясціліся збоку самога гарадка, схаваныя ў глыбіні цудоўнага парка – новага і старога, бярозавага гаю, у аздобах зараслі бэзу, язміну, іншых хмызнякоў і дрэў. Гэтае, нібы нейкае царства ў гарадку, насіла назву “будаванні”, што захавалася на працягу амаль ста гадоў...”

Чаму "будаванні"? Ды таму што на гэтай тэрыторыi  ўвесь час нешта будавалi. Працавала там шмат жыхароў Горак.

Пасля таго, як у 1919 г. на базе сярэднiх сельскагаспадарчых навучальных устаноў узнiк Горацкi сельскагаспадарчы iнстытут, гэтую мясцовасць пачалi называць – iнстытут.
А з 1925 па 1931 гг. – называлi ўжо "акадэмiя", потым зноў "iнстытут" (з 1931 г. па 1948 г.). I только з 1948 году ўсталявалаcя сённяшняя назва – акадэмiя.

Вароты, якія круцяцца

– Сустракаемся каля варот, якія круцяцца, – дамаўляюцца некаторыя жыхары Горак. І маюць на ўвазе галоўны ўваход на тэрыторыю акадэміі з боку вулiцы Савецкай.

Чаму ў Горках лічаць, што гэтыя вароты круцяцца?

Але ж там звычайная брама! Так, але раней яна выглядала па-іншаму. Пра гэта памятае даваенны жыхар Горак – загадчык кафедры аграбізнесу БДСГА М.З.Фрэйдзін. Па ягоных словах, да і пасля Вялікай Айчыннай вайны галоўны ўваход у акадэмію ўяўляў з сябе браму, якая круцілася. Гэта яе ўласцівасць і дала назву цікаваму тапоніму.

Што ж, вароты, якія круцяцца, знiклi, а тапонім застаўся.

Стары парк

Так жыхары Горак называюць дэндрапарк, складовую частку батанічнага саду БДСГА,  помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Аднак ці правільная гэта назва? Парк спраектаваны ў 1840 г., стаў функцыянаваць у 1847. А вось парк, дзе знаходзіўся палац ўладальніка Горы-Горацкага маёнтка графа Салагуба, быў закладзены значна раней і iснаваў, калi пачала будавацца мясцовая земляробчая школа. У гэтым парку ёсць дрэвы, якiм больш за 600 гадоў. Гэта парк, дзе зараз знаходзяцца будынкi бібліятэкі і навучальнага корпуса №4 БДСГА.

Тым не менш, прыметнік “стары”, напэўна, ужо назаўсёды замацавалася за дэндрапаркам. Можа некалі на тэрыторыі акадэміі з’явіцца “новы парк”.

Пятрова горка

У 1700-1721 гг. Расія вяла вайну са Швецыяй за выхад да Балтыйскага мора. У 1708 ваенныя дзеянні адбываліся на тэрыторыі Беларусі. А ў сярэдзіне чэрвеня 1708 г. шведскія войскі пад кіраўніцтвам Карла XII фарсіравалі раку Беразіну непадалёку і рушылі на Магілёў.

Пётр І у гэты час спяшаўся ў войска і 5 ліпеня 1708 г. заначаваў у Горках, дзе ўжо ў поўным складзе знаходзіўся генералітэт царскай арміі на чале з Б.П.Шарамецьевым.

6 ліпеня 1708 г. у Шклове адбыўся ваенны савет, на ім было вырашана: “Понеже неприятель, по ведомости, марширует к Могилёву… пехоте всей иттить к Горкам с артиллерию и с обозами”.

У Горках і вёсках Раманава, Кледнявічы, Расна ды іншых населеных пунктах было сканцэнтравана 25-тысячнае войска. Для іх прыкрыцця ў раёне Горак па лініі Дняпра ад Магілёва да Шклова былі пакінуты атрады конніцы. У раёне Горак будаваліся ўмацаванні, вялася выведка, невялікія атрады нападалі на шведскія часткі.

У Горацкім гістарычна-этнаграфічным музеі захоўваецца копія карты-схемы, знойдзенай у Дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве Расіі “Лагерь российской армии под руководством Петра І з 13 июля по 1 августа 1708 г. на реке Прони”. На карце абазначана месца, дзе была стаўка цара.

Дарэчы, рэшткі тых збудаванняў захаваліся да гэтага часу, а ўзгорак яшчэ і зараз завецца Пятровым.

Мсцiслаўка

Так кажуць жыхары Горак, калі маюць на ўвазе вуліцу, якая вядзе на Мсціслаў. Дарэчы, вуліца Мсціслаўская пазначана на карце горада, якая датуецца 1905 г.

Праўда, распасціралася яна толькі да брамы на тэрыторыi Гoрацкіх сельскагаспадарчых навучальных устаноў. А далей ішла вуліца Дваранская да вуліцы Смаленскай (цяпер Бруцэра-Ерафееўская).

Пасля кастрычніка 1917 г. зніклі дваране, і вуліца Мсціслаўская распасціралася ўжо да Бруцэра-Ерафееўскай.

Пасля трагічнай гібелі П.М.Машэрава ў 1980 г. Мсціслаўку пераназвалі ў ягоны гонар, а затым – у вуліцу Савецкую.

Аднак тую частку, якая пачынаецца пасля моста, жыхары горада так і завуць Мсцiслаўкай.

Глiнiшча

Так завецца частка Горак, якая размешчана ў раёне вуліцы Азёрнай.

Наш зямляк пiсьменнiк Леў Разгон у кнiзе “Позавчера и сегодня” пісаў пра гэту частку горада так: “Внизу, у самой Поросицы, на её вязких илистых берегах примостилось множество домов, не пытавшихся даже сгруппироваться в подобие улиц. Это место называлось Глинище. Жила здесь самая отчаянная городская беднота – сапожники, жестянщики, люди со странными и печальными профессиями – обмывальщики мертвецов, плакальщицы, городские нищие, городские сумасшедшие. Последнее занятие считалось в городе тоже профессией – почти ничем не хуже любой другой.

Бугристая, никогда не просыхающая почва Глинища была завалена обрывками кожи, вываренными костями, внутренностями животных, дохлыми кошками – всё это раскисало, разлагалось, распространяло какую-то особую вонь, которой настолько пропахли все жители Глинища, что их легко было опознать по одному этому запаху”.

Даўно на гэтым месцы няма рамеснiкаў, а жывуць тут звычайныя мясцовыя жыхары, але тапонім “Глінішча” яшчэ можна пачуць ад пажылых гараджанаў.
 
***
Я паспрабаваў расказаць толькі пра некаторыя тапонімы Горак. Спадзяюся, што чытачы дададуць свае. Дасылайце лісты па тэме на адрас газеты “УзГорак”: 213410, Магілёўская вобл., г.Горкі, вул.Якубоўскага, д.22, к.3, або на эл. пошту: [email protected].

Уладзiмiр Лiўшыц, газета "УзГорак"

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email