У артыкуле Горкам сёлета – 470 гадоў мы даведаліся, што сёлета Горкі адзначаць сваё 470-годдзе. У сувязі з гэтым мы вырашылі ўспомніць, адкуль пайшла назва горада і некаторых ягоных мясцінаў. У гэтым артыкуле – працяг.
Вакзал
Калі мы гаворым аб гэтай частцы горада, то маем на ўвазе раён чыгуначнай станцыі "Пагодзіна".
Ці жылі тут людзі да пачатку будоўлі чыгункі Орша – Крычаў – невядома. А калі ў 1918 годзе будаўніцтва скончылася, то ўзнікла чыгуначная станцыя Беларускія Горкі. У 1930 годзе яна атрымала назву імя С.Дз.Пагодзіна, першага ваеннага камісара Горацкага павета, актыўнага ўдзельніка ўстанаўлення Савецкай улады ў Горках.
У 20-ыя гады тут пачалося будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх – старэйшае прадпрыемства горада – ільнозавод.
Яшчэ пасля Вялікай Айчыннай вайны раён чыгуначнага вакзала быў асобнай адміністрацыйнай адзі-нкай і ўваходзіў у склад Горацкага сельскага Савета. І толькі пасля актыўнага будаўніцтва жылых дамоў па вуліцы Калініна гэты раён, фактычна, зліўся з горадам. Але тапонім "вакзал" так і застаўся.
Аэрапорт
Многія госці нашага горада, калі бачаць на аўтобусе надпіс "Вакзал – Аэрапорт", пытаюцца: "А куды з Горак ляцяць самалёты?"
Даўно самалёты з Горак нікуды не ляцяць, няма і аэрапорта. Але ў 60-ыя гады ляцелі ў Магілёў. У нядзелю і перад святамі было аж да 10 рэйсаў на дзень. Праўда, у пачатку палёту пілот “кукурузніка” раздаваў пасажырам папяровыя пакеты, бо не ўсе вытрымлівалі 25-хвілінны маршрут.
Білет да Магілёва каштаваў усяго два рублі, а на аўтобусе, што ішоў праз Оршу – 1 рубель 40 капеек. Многія аддавалі перавагу авіяцыі, з'явіўся асобны будынак і нават бетонная ўзлётная паласа.
Аднак, пасля таго як у 1969 годзе пабудавалі новую аўтамабільную дарогу праз Гарадзішча, а ў Магілёве аэрапорт перанеслі амаль на 20 км ад горада, лятаць стала не хутка і не зручна. Таму ў Горках і знік аэрапорт.
Але хочацца верыць, што з цягам часу паляцяць самалёты і ў Магілёў, і ў Мінск, а тапонім "аэрапорт" будзе зноў адпавядаць сваёй сутнасці.
Магазін пад брылямі
Так завецца крама, якая знаходзіцца ў жылым доме №3 па вуліцы Сурганава. Там кватэры маюць у асноўным супрацоўнікі акадэміі.
Брылі – так ў 50-е гады звалі выкладчыкаў акадэміі, бо многія з іх хадзілі ў саламяных капелюшах (брылях). Адлюстроўвала гэта назва і сацыяльную няроўнасць, бо сяляне ды рабочыя атрымлівалі значна меншы заробак.
Калі быў пабудаваны гэты дом, то краму назвалі “Пад брылямі”.
Мінуў час, назва "брылі" знікла, бо ў 60-70 гады заробак у сельскай гаспадарцы і прамысловасці быў амаль, як ў "брылёў", ды і капелюшы выкладчыкі перасталі насіць. Такім чынам, “брылі” зніклі, а тапонім "магазін пад брылямі" застаўся.
Шыманоўка
Неаднойчы даводзілася чуць ад старых людзей, што “пара ўжо на Шыманоўку”. Так завуцца гарадскія могілкі.
Аднак Шыманоўка ў гістарычных дакументах успамінаецца як населены пункт. У 1863 годзе тут праводзілі манеўры горацкія паўстанцы і зламалі ў аднаго гаспадара плот. Па гэтым факце была заведзена крымінальная справа.
У 1924 г. у Шыманоўцы жыло больш за 450 жыхароў. Відаць, яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны яна злілася з горадам Горкі. І зараз так завуцца толькі гарадскія могілкі.
Аршанка
Так завецца частка вуліцы імя Якубоўскага, што пралягае ад другой сярэдняй школы і да могілак.
Такі тапонім узнік у сувязі з тым, што вуліца да Кастрычніка 1917 года звалася Вялікая Аршанская, а побыч з ёй ішла Малая Аршанская. Вялікая Аршанская была перайменавана ў Інтэрнацыянальную, а пасля смерці Якубоўскага – у яго імя.
У мясцовай прэсе выказвалася думка, каб вярнуць нашым вуліцам старыя назвы, як зроблена гэта ў многіх гарадах Расіі. На наш погляд рабіць гэта не трэба. А вось павесіць на гэтых вуліцах мемарыяльныя шыльды са старымі назвамі вуліцаў, як зроблена гэта ў Магілёве, – можна. Не знікалі б тады і цікавыя тапонімы.
Рытаўскі гарод
Калі ісці да акадэмічнай бібліятэкі праз цэнтральны ўваход, то справа можна ўбачыць цяпліцы, што падступаюць амаль што да гары Парнас. Гэта Рытаўскі гарод. Хто ж такі Рытаў?
Міхаіл Васільевіч – выхаванец Маскоўскага ўніверсітэта – прыехаў у Горкі і так закахаўся ў наш горад, што застаўся тут назаўсёды, адпрацаваўшы ў Горацкіх сельскагаспадарчых навучальных установах больш за 40 гадоў.
Ён аўтар больш за 1000 навуковых кніг і артыкулаў і нават фантастычнага рамана, рукапіс якога захоўваецца ў бібліятэцы акадэміі.
Свае даследаванні Рытаў праводзіў на гародзе, размешчаным каля бібліятэкі. Зараз тут праводзяць навуковыя даследаванні вучоныя акадэміі.
Недалёка ад акадэміі Міхаіл Васільевіч пабудаваў двухпавярховы дом, які жыхары Горак звалі “дом Рытава”. Там навуковец жыў да 1918 года, калі той дом занялі павятовыя арганізацыі Савецкай улады, а Рытава з сям’ёй выселілі ў флігель. Там Міхаіл Васільевіч і памёр ў 1920 годзе. Пазней у доме Рытава была адна з гарадскіх школ.
Прайшлі гады, але памяць аб былым выкладчыку акадэміі жыве ў памяці нашчадкаў. М.В.Рытаву па-стаўлены помнік каля 4 корпуса БДСГА, выдадзены яго выбраныя творы.
Белы ручай
Так называецца урочышча, якое знаходзіцца каля Верхняга возера паблізу могілак вёскі Задарожжа.
Чаму такая назва? Гэта невядома. Але хутчэй за ўсё тут у раку Капылку калісьці ўпадаў ручай з чыстай вадой.
7 кастрычніка 1941 г. тут адбыліся жудасныя падзеі. Фашысты каля двух сіласных ямаў расстралялі больш як 2500 яўрэяў. У асноўным жанчын, дзяцей і старых – жыхароў нашага горада і тых, хто прыехаў да іх з захопленых фашыстамі месцаў.
Пасля вайны тут паставілі помнік ахвярам Халакосту, помнік быў капітальна рэстаўраваны ў 1995 годзе.
Працяг будзе.