Дарагія Браты і Сёстры і ўсе людзі добрай волі!
Сёння і ў бліжэйшыя тыдні мы святкуем Вялікдзень. Праз муку і смерць на крыжы Езус збавіў чалавецтва, выправіўшы такім чынам бясконцую несправядлівасць граху. Ва ўваскрасенні Езуса праявілася Яго перамога над грахом і яго наступствамі. Гэтая падвойная перамога Хрыста – над смерцю і грахом – вечная.
Вялікдзень умацоўвае нашую веру. Дзякуючы гэтаму святу мы маем упэўненасць, што перамога Хрыста застаецца перамогай не толькі ўчора, але таксама сёння і на ўсе вякі.
Святкаванне Пасхі памнажае і нашу надзею. У гэты цяжкі час, які выпала нам перажываць, мы ведаем, што Езус, пераможца, прысутнічае ў ім. Уваскрослы і праслаўлены, Ён надае сэнс нашаму чалавечаму існаванню. Мэта жыцця чалавека – гэта шчасце з Богам у вечнасці пасля смерці. І Езус Хрыстус адзіны, хто можа прывесці нас туды.
Урэшце, Вялікдзень павялічвае нашую міласэрнасць, а значыць Боскую любоў, якая перадаецца ў нашыя сэрцы праз ласку хросту і захоўваецца праз сапраўднае хрысціянскае жыццё. Любоў і міласэрнасць Езуса бязмежныя. Ён схіляецца да кожнага чалавека індывідуальна. Дазволім жа міласэрнасці ўваскрослага Пана дакрануцца да нас, каб з даверам ісці ўслед за Ім. Наследуючы Езуса будзем праяўляць міласэрнасць праз служэнне бліжняму, будзем уважлівымі да няшчасных – якія церпяць фізічна або перажываюць душэўныя пакуты.
Вялікдзень нясе нам таксама Божую радасць: смутак і пакуты тут, на зямлі, не параўнальныя са шчасцем, якое Бог Айцец рыхтуе для тых, хто любіць Яго, для тых, хто з добрым і шчодрым сэрцам прымае Яго Сына, Езуса Хрыста, увасобленую Міласэрнасць.
Ад усяго сэрца жадаю вам радаснай Пасхі, радаснай у надзеі і міласэрнасці ўваскрослага Езуса Хрыста!
Х р ы с т у с У в а с к р о с !