Выдатны падарунак да Дня тэатра падрыхтавалі настаўнікі і вучні школы №2 горада Горкі. У пятніцу 26 сакавіка адбылася прэм'ера спектакля па п'есе беларускага драматурга XIX стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта".
Рэжысёр-пастаноўшчык – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Анастасія Мікалаеўна Ракава. Артысты – навучэнцы школы, у асноўным з 9 "Б". Паказ пастаноўкі адбыўся ў 13 гадзін для вучняў першай змены і ў 18 гадзін для другой змены. Уваход быў вольны і, канечне, на прэм'еру запрашалі ўсіх жадаючых.
Ці трэба казаць, што я з нецярпеннем чакала гэтага дня? Такія падзеі – рэдкасць у нашым горадзе, тым больш, што абедзве мае ўнучкі, навучэнкі другой школы, былі занятыя ў спектаклі. І вось, заслона адкрыта. Дзея пачалася…
Гучала музыка і песні, вольна, лёгка і прыгожа лілася са сцэны беларуская мова. Юныя артысты былі вельмі пераканаўчыя, а тэкст Дуніна-Марцінкевіча не згубіў сваю актуальнасць. Гледачы актыўна і эмацыйна рэагавалі на тое, што адбывалася на сцэне. У зале гучаў смех і апладысменты. Фінальную песню, якую праспявала Анастасія Мікалаеўна (нельга не захапіцца яе выдатным голасам і майстэрскім выкананнем), гледачы сустрэлі воплескамі стоячы.
Рэжысёр-пастаноўшчык выказала падзяку ўсім удзельнікам, усім, хто дапамагаў, усім, хто падтрымліваў пачынанне. Яна абвясціла, што гэтым спектаклем адзначана нараджэнне новага тэатральнага калектыву "Маладзік" і запрасіла ўсіх жадаючых вучняў удзельнічаць у наступных пастаноўках.
Як жа добра, што ў Горках ёсць такія неабыякавыя, таленавітыя, актыўныя людзі. Вялікі дзякуй ад мяне і ад усіх гледачоў навучэнцам школы – артыстам, за атрыманае задавальненне. Вялікі дзякуй і нізкі паклон рэжысёру і настаўніку з вялікай літары Анастасіі Мікалаеўне Ракавай за нашых дзяцей, за гісторыю, за мову, за літаратуру, за творчасць, за памяць…
Лічу, школе вельмі пашчасціла, што там з'явіўся такі малады, таленавіты і перспектыўны творчы калектыў. І, як было б хораша, каб гэты спектакль убачылі навучэнцы іншых навучальных устаноў горада. Гэта не толькі даставіла б эстэтычнае задавальненне, але і прынесла б вялікую карысць, прыцягнула б увагу да нацыянальнай гісторыі, культуры і мовы.
Мяне асабліва парадавала, і за гэта хачу выказаць удзячнасць дырэктару Івану Іванавічу Лесніку, што ў школе берагуць традыцыі: я скончыла гэту навучальную ўстанову ўжо 40 гадоў таму і таксама ў школьныя гады ўдзельнічала ў самадзейных тэатральных пастаноўках, а бацька цяперашніх артыстак і маіх унучак 25 гадоў таму падчас навучання выконваў ролю пана Быкоўскага ў "Паўлінцы", якую таксама ставілі ў гэтай установе адукацыі.
Яшчэ раз вялікі дзякуй усім удзельнікам гэтага добрага, карыснага і прыгожага праекта. З Днём тэатра! З днём нараджэння, "Маладзік"! Удзячныя гледачы жадаюць вам поспехаў і новых ідэй, плённага творчага жыцця!