нядзеля, 24.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Як дзед Бяляс французаў пад Горкамі чаем паiў

29.01.2021 – 14:50 | 548

24 чэрвеня 2021 года споўніцца 209 гадоў з пачатку Айчыннай вайны 1812 года, якая закранула і жыхароў Горацкага краю.

Далёкія падзеі

Вайна з Напалеонам апаліла горацкую зямлю ў ліпені 1812 года. З карты-схемы, якая знаходзіцца ў Горацкім гістарычна-этнаграфічным музеі, бачна, што 14 ліпеня французскія войскі захапілі Горкі, а рускім войскам на чале з атаманам М.І.Платавым прыйшлося спешна адступаць з горада.

У выніку ваенных дзеянняў і ў час акупацыі французскае войска разрабавала Горацкі замак, Горкі і Горы, фальваркі Наталін, Сенькава, Сава, Рудкаўшчына, Анігоф, шмат вёсак.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца цікавы дакумент "Апісанне ўрону, які панеслі жыхары Горы-Горацкага графства падчас нашэсця напалеонаўскіх войск у 1812 годзе". З дакумента бачна, што разрабавалі французы, і што ўяўляў сабой Горацкі замак.

"В Горецком замке, – напісана ў дакуменце,– вмещающем в себе четыре больших дома на каменном фундаменте, из коих один главный на горе у самого саду, с флигелями по обеим сторонам и коридорами, под одной связью выломаны двери, окошки и полы повреждены, фонари выдраны. Имеющаяся в оных домах разного сорта мебель, посуда столовая серебряная, фаянсовая испорчена.

Полотняные и прочие комнатные графские украшения, также и гардероб графа и графини весь разграблен, люстра и зеркала разбиты, печи испорчены, хранившиеся в погребах разные виноградные вина разграблены, ворота и ограда вокруг замка поломаны, в двух деревянных близ ворот домиках окна выбиты, полы и печи попорчены, в двух деревянных погребах печи разломаны, замки испорчены, и разная деревянная посуда побрана, в каменных оранжереях окна выбиты, разные цветы попорчены и ананасы разграблены, в деревянных оранжереях полы и двери выломаны, в саду разные плодоносные деревья попорчены, а плоды с них оторваны с сучьями, в больших конюшнях стойла и потолки выломаны, в кузницах инструменты ограблены и стыки выломаны, а горны разбиты. Все служительские дома на местечке против замка разорены, также разорён кожевенный завод со всеми принадлежностями. Состоящая близ оного замка винокурня с медной посудой разорена до основания".

Аднак, відаць, рабавалі не толькі французы, але і мясцовыя сяляне, калі ўбачылі, што замак застаўся без гаспадара.

Вядома, што ў Горы-Горацкім маёнтку было забіта і памерла ад пабояў 2070 чалавек, а 34 жыхары былі захоплены ў палон. 303 чалавекі пакінулі свае дамы і збеглі ў лясы, агульная колькасць чалавечых страт у выніку напалеонаўскага нашэсця па Горы-Горацкім маёнтку склала 2407 чалавек.

Матэрыяльныя страты склалі больш за 3 млн. руб. У гэтыя лічбы ўваходзяць і страты жывёлы, збожжа і прадуктаў харчавання.

Да таго ж у Горках з ліпеня па лістапад 1812 г. знаходзіўся французскі вайсковы магазін для збору харчавання і фуражу. Зразумела, што рабіўся гэты "збор" сілаю.

Адна легенда

Да сённяшняга дня ў вёсцы Машкова Горацкага раёна ўспамінаюць легенду (яе запiсаў журналiст П.Лахаданаў, якi доўгi час працаваў загадчыка рэдакцыйна-выдавецкага аддзела акадэмii) аб тым, як французскі афіцэр патрабаваў у сялян правіянт і фураж для коней.

Большасць жыхароў паспела збегчы ў лес. Але старога дзеда Бяляса французы схапiлi i прывялi да афiцэра.

– Мы твая вешай на дубовы сук, – каверкаючы словы, сказаў французскі афіцэр. – А да таго зрабi чай, я люблю чай.

Здаравенны салдат павёў дзеда дахаты, загадаў яму запалiць печ i паставiць чыгун вады для пана афiцэра, а сам сеў на парозе вартаваць дзеда.

Калі вада закіпела, дзед Бяляс выбраў момант і перакуліў чыгун з варам на галаву француза, які яго ахоўваў, а сам сігануў у лес – толькі яго і бачылі. Раз'юшаныя французы запалілі вёску.

Прайшло некалькі месяцаў. Калі французы зімой пабеглі з Масквы, сяляне Машкова ўзялі ў палон некалькі абмарожаных салдат, сярод якіх дзед Бяляс пазнаў колішняга афіцэра. Яго прывялі на папялішча, засыпанае снегам, і вадзілі ад шалаша да шалаша, у якіх туліліся пагарэльцы.

Людзі хацелі зрабіць самасуд, але дзед заявіў:

– Збірайцеся на сход, судзіць будзем яго па ўсіх законах.

...Француза павесілі на тым самым дубовым суку, які ён раней аблюбаваў для дзеда Бяляса.

Канец вайне

У пачатку лістапада 1812 года французскія войскі пачалі адступленне з горацкай зямлі. Вядома, што 8 лістапада стаўка Галоўнага камандавання на чале з М.І.Кутузавым размясцілася ў мястэчку Раманава. Пасланыя адтуль рускія палкі пад камандаваннем генерала А.П.Ажароўскага вызвалілі Горкi.

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email