Шмат розных мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага) пройдуць у Магілёўскай вобласці. Гэта творчыя сустрэчы пісьменнікаў з моладдзю, паседжанні ў бібліятэках, школах; марафон і дыктоўкі – паведамляе сайт Магілёўскага аблвыканкама. Напрыклад, у Горках адбудзецца літаратурна-музычная вечарына.
Магілёўскае абласное аддзяленне "Саюза пісьменнікаў Беларусі" сумесна з абласной бібліятэкай 20 лютага для чытачоў правядуць літаратурны марафон "Сэрцам роднага слова краніся". На гэта свята запрасілі людзей рознага ўзросту і прафесій. Прысутныя пачуюць вершы ў выкананні паэтаў Алеся Казекі, Валянціны Габрусевай, Жанны Усцінавай, Віктара Арцем’ева, Уладзіміра Ясева, Марыны Сліўко, Алёны Беланожка, Віктара Кунцэвіча, Алены Кісель.
Адбудуцца сустрэчы пісьменнікаў у гарадскіх бібліятэках і школах Магілева. 20 і 21 лютага ў бібліятэках Магілёва пройдуць творчыя сустрэчы з Вольгай Бяловай, Валянцінай Габрусевай, Алёнай Беланожка і Жаннай Міус.
У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К.Маркса Магілёва сумесна з Магілёўскай гарадской арганізацыяй "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 21 лютага адбудзецца дыктоўка "Прага да ведаў", прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Праверыць сваю пісьменнасць змогуць усе жадаючыя, але трэба запісацца па тэлефоне 8 (022) 22-95-78. Дыктоўка пачнецца ў 16:00. Працы ўдзельнікаў праверыць прафесійны філолаг, а арыгінал тэксту і вынікі размесцяць на сайце бібліятэкі.
У раённых бібліятэках і навучальных установах раёнаў у мерапрыемствах, прысвечаных Дню роднай мовы, прымуць удзел пісьменнікі Магілёўскага аддзялення СПБ. У Горацкім раёне гэта будзе Наталля Ніканчук. Яна прачытае свае творы на роднай мове і будзе весці гутарку з прысутнымі пра Радзіму, любоў да роднага краю, пра неабходнасць вывучэння беларускай мовы.
23 лютага ў Палацы культуры вобласці таксама адбудзецца "Беларуская дыктоўка-2020" (пачатак у 13:00). Адчуць прыналежнасць да нашай цудоўнай мовы змогуць усе ахвочыя. Пасля дыктоўкі адбудзецца прэм’ера літаратурна-музычнай імпрэзы "Беларускі каляндар", якую падрыхтавалі фальклорны гурт "Покліч" і народны тэатр і дзіцячая студыя тэатральнага мастацтва Палаца культуры вобласці. У аснове сюжэту – вершы паэтаў пра сезоны года і найбольш значныя святы, абрады, шматлікія вуснапаэтычныя творы, што раскрываюць спецыфіку абрадавых дзеянняў і атрыбутаў беларусаў. Пачатак у 14:00. Уваход вольны.
Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
Эксперты лічаць, што сёння беларуская мова праяўляе даволі высокую ступень жыццёвасці, актыўна пранікае ў новыя, сучасныя сферы ўжытку, але існуе відавочная праблема з шырокім яе выкарыстаннем у паўсядзённасці.