Амаль цэлую гадзіну ксёндз Андрэй Кеўліч, пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках, распавядаў пра так званую Трыдэнцкую імшу. Гэта адзін з найбольш распаўсюджаных найменняў надзвычайнай формы каталіцкага богаслужэння, якое адбываецца паводле прапісанняў 1962 года (да апошняй літургічнай рэформы ў Каталіцкай Царкве).
Ксёндз Андрэй успомніў, як пазнаёміўся з гэтай формай і першы раз яе выкарыстаў, а таксама паспрабаваў растлумачыць, як просты вернік можа да такой імшы падрыхтавацца.
Андрэй Кеўліч штотыдзень рыхтуе для "Радыё Марыя – Беларусь" невялікае разважанне да Божага Слова і вядзе новую рубрыку "З клопатам пра літургію".
Праект "Радыё Марыя Беларусь" дзейнічае ад лістапада 2016 года. Вяшчанне пакуль што адбываецца ў інтэрнэце, бо няма свабодных хваляў.
Уваходзіць у міжнародную сям'ю хрысціянскіх асветніцкіх радыёстанцый, аснаваную ў 1982 годзе ў Мілане, каб інфармаваць парафіян аб жыцці Царквы і дапамагаць ім у штодзённай малітве праз Літургію і разважанне над Божым Словам.
"Радыё Марыя" – для кожнага чалавека, незалежна ад яго веравызнання.