Сяргей Бегановіч вырас у невялікай вёсцы Горацкага раёна. Быў часткай беларускага войска дзесяць гадоў. Але ў 2017-ым крута змяніў жыццё – пераехаў у Еўрасаюз.
Амбасадар Sony раіў займацца фота
Сяргей нарадзіўся ў Горках, але дзяцінства цалкам правёў у Будах. Вучыўся 11 гадоў у горацкай гімназіі, таму кожную раніцу даводзілася ездзіць на заняткі, а ўвечары вяртацца дахаты. Наш суразмоўца рады, што так атрымалася: жыццё ў вёсцы навучыла працаваць і цаніць такую працу, а гімназія дала магутную базу ведаў, хоць Сяргей называе сябе па сутнасці лянівым чалавекам.
Тады ж у дзяцінстве наш герой зацікавіўся тым, што і зараз застаецца галоўнымі інтарэсамі ў жыцці – тэхнікай і фатаграфіяй.
"Пямятаю, як у дзяцінстве ездзіў да дзядоў і бабуляў на лета. І вось у дзеда Валодзі ў гаражы стаялі два матацыклы. Для малога мяне яны былі нейкім скарбам. Магчыма, з тых часоў і пачалося маё захапленне тэхнікай.
Бацька пастаянна тлумачыў мне прынцыпы працы рухавікоў, тэхнічныя моманты, дапамагаў ва ўсім. Таксама бацька захапляўся фатаграфіяй. Дома ёсць сотні чорна-белых здымкаў. Я любіў іх разглядаць, уяўляць, што адбывалася за кадрам у гэты момант", – успамінае Сяргей.
Фатаграфію ён называе жыццём, пастаўленым на паўзу. Нават яго сябар Шуб Мукхалі, амбасадар SONY ў Індыі, кажа, што нашаму суразмоўцу трэба займацца больш дасканала менавіта фатаграфіяй. "Жартуе ці не?" – задаецца пытаннем суразмоўца.
Аўтарытэт і ўзор мужчыны для Сяргея – бацька. "Нават зараз, калі я ў Беларусі, мы шмат часу праводзім разам: за працай, на рыбалцы", – з цеплюнёю распавядае наш герой.
Пасля гімназіі здаў ЦТ на высокія балы, таму мог выбіраць ВНУ. Хацеў у БДУ – ці на журфак, ці на факультэт сацыяльных навук, ці на ваенны. Тут, як кажа Сяргей, "дапамог юнацкі максімалізм" – стаў ваенным журналістам.
10 гадоў у войску – самы шчаслівы час
Да пачатку вучобы не зусім ўяўляў, што чакае. Але ранішні пад'ём у казарме пад крык сяржантаў хутка растлумачыў, што будзе весела. З рэжымам "у 6:00 – пад'ём, зарадка, сталовая, нарады, заняткі ў інстытуце журналістыкі, заняткі на ваенфаку, фізпадрыхтоўка кожны божы дзень, у 21:30 – вячэрняя паверка, 22:00 – адбой" прайшлі пяць гадоў вучобы. З іх – два гады казармы, астатні час – інтэрнат. Таксама два месяцы кожнае лета – стажыроўка ў войсках, стральба, тактыка, фізпадрыхтоўка.
Перад размеркаваннем здарылася "непрыемная гісторыя" з адным са старэйшых выпускнікоў. Таму міністр абароны "махнуў шашкай" – усіх у войска, каб дурноту з галавы выбіць. Так наш суразмоўца, які быў на той момант "зялёным лейтэнантам", апынуўся ў брыгадзе.
Адразу трапіў ў штаб, але да-волі хутка вазіцца з паперамі абрыдла – папрасіўся ў батальён. На камісіі, дзе паўтары гадзіны яго "катавалі", вырашылі: "падыходзіць на пасаду намесніка камадзіра батальёна".
Потым Сяргею прапанавалі ўзначаліць батальён. Пад канец кантракту, калі наш зямляк быў ужо капітанам, пачалі яму паступаць прапановы з розных устаноў Міністэрства абароны. Але Сяргей якраз у гэты час адчуваў эмацыйнае выгаранне. Не працягнуў кантракт у чэрвені 2017-га і гэтым перакрэсліў дзесяць гадоў, якія аддаў беларускаму войску.
Зараз прызнаецца, калі-некалі думае, што трэба было ўзяць адпачынак, "перазагрузіцца" – і можна б было служыць далей. "Але што зроблена, тое зроблена".
Сяргей называе гэтыя дзесяць гадоў самымі шчаслівымі. Яму шанцавала і з начальнікамі, і з падначаленымі. Нават цяпер наш герой трымае кантакт з сябрамі з войску і называе іх другой сям'ёй.
"Справа Коржыча" – нечаканасць
Ужо пасля таго, як Сяргей скончыў службу ў войску, здарыліся "справа Коржыча" і іншыя трагедыі.
"Гэта было нечакана для мяне. На маіх месцах службы такое нельга было нават уявіць. Напрыклад, справа Коржыча. Сем (!) дзён салдата не было ў роце. І ўсім, пачынаючы ад сяржанта і канчаючы камандзірам, было начхаць на гэта? У маёй брыгадзе за такое службовае злачынства ўсе адказныя людзі імгненна пайшлі б "фарбаваць свіней у зялёны колер" (страцілі б пагоны і селі за краты)", – здзіўляецца Сяргей.
Лічыць, што кожнае здарэнне у войску – гэта сігнал, што трэба нешта мяняць у сістэме.
"Забараніць мабільныя тэлефоны, каб не "злівалі інфу " і гэтак далей – контрпрадуктыўна".
Як лічыць Сяргей, прычыны тых здарэнняў схаваны глыбока ў самой дзяржаўнай сістэме, а барацьба з наступствамі – гэта "барацьба с ветранымі млынамі". Пры гэтым наш зямляк не верыць, што шмат дзе ў войску бардак, але ўпэўнены, што сістэму трэба мяняць. Чым хутчэй – тым лепш.
Як? На яго погляд, кантрактная сістэма пацвердзіла сваю эфектыўнасць ва ўсім свеце, але гэта занадта кардынальны крок для нашай дзяржавы.
У Чэхіі лайдачыць на працы не атрымаецца
Як жа пасля ўсяго гэтага Сяргей апынуўся ў Чэхіі? Справа ў тым, што ў нашага суразмоўцы ў Празе жыве сястра. Ездзіў да яе ў госці, глядзеў на краіну, вывучаў звычкі людзей. Таму пасля завяршэння службы вырашыў паспрабаваць папрацаваць за мяжой.
Адкрыў у Празе фірму, падаўся на прадпрымальніцкую візу, але праз паўгода чакання атрымаў адмову! Аказалася, што заснавальнік бізнесу не можа працаваць у сваёй фірме! Сяргей мог толькі сачыць за яе дзейнасцю і забіраць грошы.
Але гэта немагчыма, бо дзейнасць фірмы – выраб аўтамабільных кузаваў, рамонт і абслугоўванне легкавых машын, матацыклаў, кацяроў і нават лёгкіх самалётаў! Усё гэта звязана з вельмі складанай тэхналогіяй і вельмі дарагой хіміяй. Зразумела, што без пастаяннага кантролю гэта працаваць не будзе.
"Зноў пачаўся перыяд стрэсаў. Увесь гэты час я быў з бацькамі ў Будах, працаваў дома, а ў вольныя хвіліны думаў, як арганізаваць працу фірмы дыстанцыйна. Раптам на сямейнай нарадзе вырашылі – спрабаваць падавацца на працоўную візу. Хуценька прааналізаваў дэфіцытныя прафесіі. Высветлілася, што ў Чэхіі бракуе будаўнікоў, кіроўцаў, дактароў. Сястра дапамагла падрыхтавацца на вакансію кіроўцы ў яе фірме, а я сабраў неабходныя дакументы", – успамінае Сяргей.
Што ж трэба беларусу, каб трапіць на працу ў Чэхію? Калі коратка, то алгарытм такі:
- Знайсці вакансію, дзе напісана, што працадаўца не супраць узяць замежніка.
- Напісаць наймальніку, што жадаеш працаваць. Калі ён не супраць – дыстанцыйна складаеце і падпісваеце дамову.
- З ёю ды іншымі дакументамі, якія ўказаны на сайце амбасады, звяртаецеся па візу.
- Чакаеце два-тры месяцы і, у выпадку станоўчага адказу, едзеце на працу.
Цяпер Сяргей працуе ў транспартна-турыстычнай сферы разам з сястрой. Яго абавязкі – сустракаць кліентаў у аэрапорце, дастаўляць у гатэлі, ездзіць з імі па Еўропе. Наш суразмоўца працуе выключна з VIP-кліентамі. Гэта можа быць багатая сям'я, дырэктар буйнога завода, футбольная каманда.
"Праца цяжкая. За рулём даводзіцца быць па 8-10 гадзін у дзень. Але грашовая ўзнагарода пакрывае такія выдаткі", – прызнаецца наш герой.
Лічыць, што беларусу ў Еўропе працаваць лягчэй, чым, напрыклад, чэху. Таму што мы больш стрыманыя, спакойныя, працавітыя і акуратныя. "Усе беларусы, якіх я ведаю ў Чэхіі, карыстаюцца асобай павагай у наймальнікаў". Але, каб добра зарабляць у Чэхіі, трэба працаваць вельмі старанна. Лайдачыць не атрымаецца.
А што з коштамі ў Чэхіі?
Шмат хто з наймальнікаў дае супрацоўнікам пакой у інтэрнаце і нават харчаванне. Сярэдняя аплата рознарабочаму ці касіру ў краме – каля 150 крон за гадзіну (гэта прыкладна 13 рублёў). З такім акладам за месяц выходзіць 24 тысячы крон (2100 рублёў). Кіроўца гарадскога аўтобуса атрымлівае у сярэднім 35 тысяч крон (3100 рублёў), кіроўца турыстычнага ці міжнароднага аўтобуса – 50-60 тысяч (4400 – 5300 рублёў). Усе лічбы – тое, што выдаецца на рукі пасля падаткаў.
Некаторыя могуць сказаць, што, раз такі заробак, то і цэны на прадукты вялікія. Але гэта не так. А вось камунальныя плацяжы адчувальныя. За сярэднюю кватэру ў месяц – каля 3000 крон (265 рублёў). Праўда, напрыканцы года праводзіцца падлік затрачаных вады, электрычнасці і гэтак далей. Калі пашанцуе зэканоміць, то частку грошай вам вернуць. Альбо трэба будзе даплаціць, калі патрацілі больш, чым уваходзіла ў аплату.
Паліва дарагое – 1 літр дызелю каштуе 33 кроны (2,9 рубля). Праязны па Празе на ўсе віды транспарту (аўтобус, метро, трамвай, фунікулёры, караблі) – 3600 крон на год (316 рублёў).
Дарагая медыцына ў Чэхіі – міф. Медыцынскую страхоўку часцей за ўсё плаціць фірма. Калі гэта рабіць самастойна, то базавая страхоўка на год будзе каштаваць каля 7200 крон (635 рублёў). З гэтай страхоўкай вам будуць бясплатна даступны ўсе дактары. Але можна даплаціць, каб наведваць бясплатна, напрыклад, дантыста.
Іпатэкі ў Чэхіі даюць у сярэднім пад 2,8% гадавых. А вось арандаваць кватэру ў Празе – дорага. За сваю Сяргей аддае 12.000 крон (1000 рублёў). Але гэта новая кватэра, з падземным гаражом, з усёй неабходнай тэхнікай і знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Можна знайсці варыянты танней.
Важна, што за гэтыя грошы вы атрымліваеце не толькі кватэру, але і геаграфічнае становішча Чэхіі. "Тры з паловай гадзіны – і ты ў Вене, паўтары гадзіны – у Дрэздэне, чатыры гадзіны – у Будапешце ці Берліне".
"Не бачу ніводнай прычыны не размаўляць па-беларуску"
Яшчэ Сяргей вырашыў перайсці з рускай на беларускую мову (канечне, калі бывае дома). Чаму так? Бо большасць жыхароў усходу Беларусі ўжываюць рускую.
"Не бачу ніводнай прычыны не размаўляць па-беларуску. Але адзначу, што з некаторымі суразмоўцамі размаўляю па-руску, з іншымі па-беларуску. Гэта ўсё варыятыўна. Пачаць гаварыць вельмі лёгка: чытаць літаратуру па-беларуску, перакладаць думкі на беларускаю мову, весці сацсеткі на мове, знайсці суразмоўцу, хто таксама жадае перайсці на мову", – лічыць Сяргей.
Упэўнены, што не трэба баяцца рабіць памылкі. Не ведаеце слова – "лупіце на трасянцы". Галоўнае – не саромецца роднай мовы, бо акрамя саміх беларусаў захаваць яе няма каму.