Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і цяпер ёсць і па-беларуску. Ён апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўхвалены Экспертнай радай у пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову.
Чаму гэта важна?
Хоць у нашай краіне і дзве дзяржаўныя мовы, нарматыўныя прававыя акты ў абсалютнай большасці выдаюцца толькі на адной – рускай. Праваабаронцы называюць такую сітуацыю дыскрымінацыяй.
Зараз усяго два кодэксы афіцыйна апублікаваны па-беларуску – гэта Кодэкс аб культуры і Кодэкс аб шлюбе і сям'і.
Сітуацыя зменіцца?
Сёлета пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі была створана Экспертная рада ў пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, міністэрстваў юстыцыі і культуры, нацыянальных цэнтраў прававой інфармацыі і заканадаўства, універсітэтаў ды іншых арганізацый. Зараз спецыялісты працягваюць працаваць над перакладам Выбарчага кодэксу і пачалі перакладаць Грамадзянскі кодэкс.