24 кастрычніка ў бібліятэцы БДСГА прайшла творчая сустрэча з паэтам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі і выпускніком агранамічнага факультэта нашай акадэміі Змітраком Марозавым.
Дзмітрый Дзмітрыевіч Марозаў (ці Змітрок Змітравіч) – беларускі паэт, празаік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1992 года.
Скончыў агранамічны факультэт БДСГА ў 1975 годзе.
Першы верш надрукавалі ў газеце ў 1977 годзе. Першы зборнік "Пад небам бусліным" выйшаў у 1982 годзе. У 1981-1982 гадах пераклады яго твораў з'явіліся на рускай і ўкраінскай мовах.
Выдаў некалькі паэтычных зборнікаў.
Яго вершы – пра праблемы сучаснай вёскі, працу хлебароба, захаванне гістарычнай спадчыны, ахову прыроды. Таксама піша апавяданні для дзяцей у навукова-папулярнай форме пра агародныя, палявыя і лугавыя расліны Беларусі.
Змітрок Змітравіч – аўтар першага ў славянскім свеце вянка вянкоў санетаў (складаная форма паэзіі). Піша публіцыстычныя нарысы пра беларускую вёску і вайну.