Кожны прыезд у Горкі краязнаўца і пісьменніка Уладзіміра Ліўшыца звязаны з выданнем новых кніг па гісторыі Горак, БДСГА ці літаратуразнаўстве. Сёлета свет пабачыла выданне "Раскопкі вакол Горацкага Парнаса". Але кніга з такой назвай ужо выходзіла ў 2001 годзе. Сітуацыю для сайта horki.info праясніў сам аўтар.
– Сапраўды, праца з такой назвай ужо публікавалася. Яна была падрыхтавана дзякуючы дапамозе маіх сяброў – вядомага беларускага паэта, лаўрэата літаратурный прэміі імя А.Куляшова Алеся Пісьмянкова (светлая яму памяць) і былога рэктара БДСГА, акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Цыганава. Таксама дапамагалі супрацоўнікі Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея.
– Чаму спатрэбілася зноў звярнуцца да гэтай тэмы?
– За 18 гадоў знайшлося шмат новых цікавых фактаў амаль па ўсіх раздзелах. А дзякуючы інтэрнэту ўдалося адшукаць біяграфіі выхаванцаў акадэміі, нашых землякоў, якія сталі вядомымі пісьменнікамі ў Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі і Злучаных Штатах Амерыкі.
За гэтыя гады многія ўдзельнікі горацкіх творчых аб'яднанняў "Роднае слова" і "Парнас", якія ў 2001 годзе толькі пачыналі рабіць першыя крокі ў літаратуры, ужо выдалі некалькі зборнікаў вершаў ці прозы. Творы гэтых людзей можна сустрэць у часопісах Беларусі і Расіі, на літаратурных сайтах. З радасцю трэба адзначыць, што некаторыя сталі сябрамі міжнародных і беларускіх Саюзаў пісьменнікаў, Пэн-клуба, Саюза журналістаў Беларусі, пераможцамі міжнародных, міжрэгіянальных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў.
Улічваючы ўсе гэтыя абставіны, я вырашыў перавыдаць сваю кнігу. Матэрыялаў назбіралася вельмі шмат – каля 700 старонак! Таму давялося апублікаваць працу ў трох асобных частках.
Я не ставіў мэту зрабіць аналіз твораў нашых пісьменнікаў. Лічу, гэта павінны зрабіць крытыкі і літаратуразнаўцы. Але ў некаторых выпадках я коратка разбіраю некаторыя творы, якія характарызуюць погляды аўтараў, пра якіх я пішу. Гэта дазваляе лепш зразумець іх жыццёвы і творчы шлях.
– Пра якія новыя імёны даведаюцца чытачы?
– Калі зірнуць толькі ў першы раздзел "Вучыліся ў акадэміі", то гэта Сямён Рапапорт, выхаванец Горацкіх каморніцкіх класаў, аўтар шматлікіх публікацый і кніг пра Англію. Ён пераклаў на англійскую мову творы Талстога і Чэхава, меў з імі перапіску. З гэтага можна зрабіць выснову, што ў Горках вельмі добра выкладалі замежныя мовы.
Шмат гадоў я шукаў матэрыялы пра выхаванцаў Горацкіх навучальных устаноў з Балтыйскіх краін, бо да 1917 года такіх людзей шмат вучылася ў нашым горадзе. Толькі сёлета ўдалося знайсці матэрыялы пра сем вядомых выхаванцаў з Латвіі. Сярод іх два пісьменнікі: Фрыцыс Брыўземніекс, аўтар шматлікіх літаратурных і навуковых твораў, яго імем названа вуліца ў Рызе, школа, прэмія Акадэміі навук Латвіі, а таксама Валдыс Лесіньш, аўтар апавяданняў і раманаў.
У музеі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ёсць фотаздымак, на ім – навучэнцы Горацкага земляробча-каморніцкага вучылішча, сябры гуртка беларускай лiтаратуры: Васіль Белахвосцiкаў, Андрэй Сухi, Гаўрыла Гарэцкi і Iван Аўчыннiкаў.
Пра жыццё Гаўрылы Гарэцкага і Андрэя Сухога добра вядома, а вось пра Васіля Белахвосцiкава і Iвана Аўчыннiкава я доўгі час шукаў матэрыял і нарэшце натрапіў на артыкул Сяргея Астанковіча – гісторыка, якi жыве і працуе ў Крычаве. Дзякуючы гэтаму мы можам зараз даведацца пра лёс Iвана Аўчыннiкава, які ўдзельнічаў у літаратурным гуртку і як усе ягоныя сябры дасылаў допісы ў рэдакцыю "Нашай Нівы". Як лічыць С.Астанковіч, псеўданім "Іван Дабранец" па ініцыятыве Максіма Гарэцкага Аўчыннікаву далі ў рэдакцыі гэтай першай беларускай газеты.
У 1913 годзе Іван Аўчыннікаў апублікаваў у "Нашай ніве" аповесць "Жертва". Пра гэтага пісьменніка ўспомнілі ў Беларусі толькі праз 52 гады, калі ў 1965-ым у Мінску была выдадзена кніга "Беларуская дакастрычніцкая проза". Там сярод твораў Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага была надрукавана аповесць "Жертва".
Пра ўсіх аўтараў у той кнізе былі дадзены біяграфічныя звесткі, а вось пра Аўчыннікава не было. На гэта звярнуў увагу яго сябар Гаўрыла Гарэцкі, акадэмік НАН Беларусі, які падтрымліваў з Аўчыннікавым сувязь. Неўзабаве інфармацыя пра нашаніўца з'явілася на старонках літаратурных даследаванняў. А вось пра Васіля Белахвосцiкава, на жаль, біяграфічныя звесткі пакуль яшчэ не знойдзены.
Вельмі цікавая біяграфія ў выхаванца акадэміі, вучонага і пісьменніка Ігната Дуброўскага (Чарняўскага). Пра яго пісьменнік Васіль Якавенка выказаўся так: "…здолеў пражыць два паўнацэнных і яркіх жыцці, і ў адным жыцці – гэта Чарняўскі, вучоны, эканаміст сельскагаспадарчай вытворчасці, а ў другім – Дуброўскі, выдатны пісьменнік-публіцыст, заслужаны работнік культуры Беларусі. Выпадак рэдкі, і пры такім доўгім веку абодвух творцаў і жыхароў рэспублікі – Чарняўскага і Дуброўскага варта было б занесці ў сусветную кнігу Гінеса". (Якавенка, Васіль. Свет аўтара і герояў // ЛіМ, 2001.7 верасня).
Дарэчы, Дуброўскі лічыцца пачынальнікам аналітычнага нарысу ў беларускай літаратуры.
У маёй новай кнізе ў раздзеле "Вучыліся ў акадэміі" апублікаваны таксама творчыя біяграфіі пра выхаванцаў акадэміі, якія актыўна займаюцца літаратурнай творчасцю: Рыгора Бабчанка, Ларысу Грушыну, Любоў Лягчылаву, Кацярыну Сосна, Барыса Вароніна і Таццяну Скарынкіну. Апошняя надрукавала кнігі вершаў і нарысаў не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША і Вялікабрытаніі.
Адзначу, што ў трох частках маёй кнігі змешчаны біяграфічныя матэрыялы больш як 80 пісьменнікаў і прататыпаў літаратурных герояў ды твораў.
– Раскопкі вакол Горацкага "Парнаса" працягваюцца?
– Лічу, што гэты працэс бясконцы. Аўтар упэўнены, што вандроўкі па літаратурных мясцінах і ўдзел у "Раскопках вакол Горацкага Парнаса" зацікавіць чытачоў. Таму я запрашаю іх да супрацоўніцтва і сумеснага пошуку.
Буду вельмі ўдзячны тым, хто зробіць заўвагі і дасць слушныя парады. Яны будуць улічаны пры перавыданні гэтай кнігі.
Яе ўжо можна прачытаць у акадэмічнай і раённай бібліятэках, а калі хто захоча мець электронную версію выдання, то няхай напіша на мой адрас: [email protected].