пят, 27.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

10 фактаў пра нашу паэтку Ніну Кавалёву, якой споўнілася 70 гадоў

30.07.2019 – 00:03 | 1019

Доўгімі гадамі, праз цяжкія выпрабаванні праклала свой шлях на "Парнас" горацкая паэтка Ніна Кавалёва.

Як вядома, кожны паэт, пісьменнік мае сваю дарогу ў літаратуры. Адны – праз філалагічныя ці журналісцкія факультэты ўніверсітэтаў, а потым рэдакцыі газет, часопісаў. Ішныя, не маючы адпаведнай адукацыі, доўгімі гадамі, праз цяжкія выпрабаванні. Да такіх адносіцца і паэтэса Ніна Дзмітрыеўна Кавалёва – жыхарка нашага горада.

Нарадзілася на Дрыбіншчыне

Ніна Кавалёва нарадзілася 28 ліпеня 1949 года ў вёсцы Еськаўка ў  сям'і Дзмітрыя Андрэевіча і Ганны Ягораўны. Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы, выхавалі дзвюх дачок і сына.

Марыла стаць ткачыхай

У 1964 годзе Ніна скончыла Еськаўскую васьмігодку, а ў 1965 годзе – дзевяць класаў Дрыбінскай сярэдняй школы. Потым будучая паэтэса паступіла на вучобу ў Аршанскае прафтэхвучылішча. Скончыўшы яго, працавала ткачыхай на льнокамбінаце.

Жыццё змянілася раптоўна

Аднойчы зімой Ніна Дзмітрыеўна паслізнулася на лесвіцы, што вядзе на чыгуначны вакзал. Спінай упала на ганкі. Спачатку не прыдала гэтаму ўвагу, але праз кароткі час у яе сур'ёзна захварэў пазваночнік.

"Да 21 года жыла нармальным чалавечым жыццём, – піша ў аўтабіяграфіі паэтэса, – і раптам усё абвалілася: надзеі, мары. Цяжкая хвароба прыкавала мяне да ложка. І я вярнулася ў вёску. Але не гэта было страшным, а тое, што я не магла працаваць і з кожным годам усё больш слабела... Вось тут я ацаніла прымаўку: "Сябры пазнаюцца ў бядзе". Мае сяброўкі забыліся на мяне. Я разумела, што ў здаровых людзей іншае жыццё, іншыя інтарэсы, і як магла супакойвала сябе".

3 гэтага часу для Ніны пачаліся цяжкія выпрабаванні. Усё было: і хвіліны роспачы, і дні бязвыхаднасці, і першая радасць перамогі. Над сабой, над лёсам, над цяжкай хваробай.

Пачала складаць вершы ў 28 гадоў

Першыя яе творы былі надрукаваны ў раённай газеце "Ленінскі шлях". А ў 1979 годзе ёй пашчасціла пазнаёміцца з загадчыкам аддзела культуры газеты "Советская Белоруссия" Раманам Ярохіным, які дапамог удасканаліць майстэрства пачынаючай паэтэсы. Ніна Дзмітрыеўна ўспамінае, як па некалькі разоў ён вяртаў ёй вершы, перакрэсленыя чырвоным алоўкам. Яна дапрацоўвала  і зноў іх вярталі з заўвагамі. У станаўленні паэтэсы дапамагалі таксама Любоў Філімонава, Вольга Янчанка і многія іншыя.

Публікавалася ў абласным і рэспубліканскім друку

Яны былі ўключаны ў калектыўныя зборнікі "Первая встреча", "Надежда", "Петя зяблик и его кораблик", "У кого какие сны", якія выйшлі ў Мінску. Яе вершы друкаваліся таксама ў часопісах "Нёман", "Рабочая смена", штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" і інш.

Стала жыхаркай Горак у 1986 годзе

У 1986 годзе Ніна Дзмітрыеўна атрымала кватэру ў Горках і пераехала сюды жыць разам з бацькамі. Тут пачаўся новы этап у яе жыцці.

Аўтарка 24 кніг

У 1993 годзе яна склала сваю першую кнігу – зборнік вершаў "Напиток певчих птиц". Яна была выдадзена з дапамогай гісторыка-этнаграфічнага музея. Пачатак быў добры. Зараз на рахунку Ніны Кавалёвай – 24 паэтычных зборнікаў.

У 1997 годзе далучылася да Саюза пісьменнікаў

Білет сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі ўручаў кіраўнік секцыі літаратуразнаўства, доктар філасофскіх навук, прафесар Іосіф Мушынскі.

Апроч гэтага Ніна Дзмітрыеўна – сябра народнага аматарскага літаратурнага аб'яднання "Роднае слова", якое працуе пры Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх конкурсах

Паэтка актыўна ўдзельнічае ў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых літаратурных конкурсах. Узнагароджана дыпломамі 1-й і 2-й ступені Міжнародных літаратурных конкурсаў памяці К.Сіманава і памяці А.Пушкіна; дыпломам 1-й ступені за лепшую песню пра магілёўскую міліцыю ў намінацыі "Сучасная эстрадная песня"; дыпломам 1-й ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, прысвечанага 20-годдзю грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" за высокае літаратурнае майстэрства і глыбокае асэнсаванне конкурснай тэматыкі; дыпломам 1-й ступені ўдзельніка абласнога агляду-конкурсу творчасці інвалідаў.

Яна – лаўрэатка літаратурнай прэміі імя В.Хомчанкі Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, суіскальнік Міжнароднай прэміі "Філантроп".

На яе вершы напісаны песні

Больш за 40 яе вершаў пакладзена на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі, а таксама і аўтаркай. Гучаць гэтыя песні не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Музыку пісалі кампазітары Аляксандр Кажурын (г.Магілёў), Сяргей Ганаболеў (г.Петразаводск, Расія), Барыс Магаліф, Валянціна Макеева, Ганна Калікінская (г.Горкі) і інш.

"Калі вершы для мяне – гэта зямля, то песня – гэта неба, а каму не хочацца ўзляцець над зямлёй", – прызнаецца Ніна Дзмітрыеўна.

Ніна Кавалёва – паэт-лірык

Як кожны паэт, яна не можа абысці самога чалавека. Шматграннасць яго пачуццяў, самае багатае з якіх – каханне. Яна піша пра каханне шчаслівае і няшчаснае і не стамляецца паўтараць, што галоўнае, чым трымаецца чалавек у жыцці, – гэта каханне і дабрыня.

У апошнія гады Ніна Кавалёва робіць спробу асэнсавання векавых праблем чалавецтва: узаемаадносіны чалавека і свету, чалавека і грамадства, чалавека і Бога. І гэта не даніна модзе.

Зборнік вершаў "Божья заповедь", які благаславіў епіскап Магілеўскі і Мсціслаўскі Сафроній, дапамагае дзецям адшукаць у сваім сэрцы вугалок для Бога, які будзе абярэгам на іх жыццёвай дарозе.

Ніна Дзмітрыеўна нарадзілася пасля вайны, але памятае аб тых, хто выратаваў нас ад фашызму. Яна аўтар кнігі вершаў – "Мы стали обелисками". Паэтэса пра гэты зборнік пісала: "Кожны верш прайшоў праз маё сэрца ў поўным сэнсе гэтага слова: я была і салдатам, і сястрой міласэрнасці, і тымі дзецьмі, якія побач з дарослымі падалі на акрываўлены снег і ўмярзалі ў лёд, і тымі жанчынамі, якія стаялі на дарогах, як маякі, чакаючы сваіх каханых".

Шмат вершаў Н.Кавалёвай прысвечана дзецям. Героі яе вершаў любяць сваіх родных і сяброў, разумеюць прыроду і жывёлаў. Цікавыя і вершаваныя загадкі паэтэсы аб прыродзе, тэхніцы – аб усім, што акружае чалавека.

Ад імя ўсіх яе чытачоў Горацкага раёна віншуем Ніну Кавалёву з днём нараджэння. Жадаем ёй сіл на змаганне са сваімі хваробамі і чакаем новых вершаў.

І далучаемся да слоў паэта Васіля Макарэвіча:

На рызыку забыўшы

І на страх,

Плыве наш век

Лавінаю сталёвай,

Нам асвятляючы ўдалеч шлях

Сузор'ем песні Ніны Кавалёвай.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email