аўт, 10.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Мсціслаўская бітва: загадка, якой болей за 600 гадоў

17.05.2018 – 13:17 | 759

29 красавіка 1386 года вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч быў разбіты ў бітве пад Мсціславам і загінуў, заплаціўшы жыццём за падтрымку Андрэя Полацкага супраць вялікага князя Літоўскага Ягайлы. А чаму смаленскаму князю спатрэбілася падтрымліваць полацкага супраць літоўскага? Што гэта наогул быў за канфлікт і чаму ён адбыўся ўсяго праз год пасля Крэўскай уніі? Паспрабуем разабрацца.

Калі Ягайла пагадзіўся на Крэўскі дагавор, ён аддаў перавагу "заходняму", польскаму, вектару перад усходнім, рускім. Цяпер ідуць спрэчкі, правільна ён зрабіў ці гэта была бомба запаволенага дзеяння, але тады выбар быў зроблены. Трэба было цяпер хрысціць спачатку верхавіну ВКЛ, а потым і ўсё паганскае насельніцтва княства, у каталіцызм. Першае было правесці лёгка – разам з Ягайлам хрысціліся ўсе яго браты-язычнікі. Каталіцтва прыняў і праваслаўны да таго Вітаўт.

Хрышчэнне ж дзяржавы абяцала зацягнуцца. Насельніцтва захаплення не выяўляла, Тэўтонскі ордэн люта прапагандаваў "няправільнасць" хрышчэння жыхароў ВКЛ і неабходнасць дапамагчы бедным агнём і мячом. Польская царква, дарэчы, нягледзячы на з’яўленне велізарнага новага поля дзейнасці, спачатку садзейнічаць не спяшалася. У выніку хрысціцца давялося літаральна "сваімі сіламі": Ягайла сам арганізаваў кампанію па змене веры, пакуль хаця б сярод элітаў і сялян у ваколіцах найбуйнейшых цэнтраў дзяржавы. Асаблівая ўвага надавалася землям, памежным з рэгіёнамі, дзе моцным было праваслаўе: перад грэцкай верай "ставілі кардон". У хуткім часе каталікам былі забароненыя нават шлюбы з праваслаўнымі.

Крэўская унія не дала магчымасці маці Ягайлы, Ульяне, завяршыць свой план збліжэння Вільні і Масквы шляхам прыняцця сынам праваслаўя. У выніку пазіцыі славянскай эліты і Ульяны асабіста пахіснуліся, ім наканавана было з гэтага часу заставацца на другіх ролях. Чаго яна рабіць ніяк не хацела. Інтарэсы гэтай эліты прадстаўляў найстарэйшы сын Альгерда Андрэй Полацкі. Будучы балтам па крыві, ён за гады жыцця настолькі аславяніўся, што яго паганскае літоўскае імя да гэтага часу дакладна невядомае (магчыма, Вінгальт, магчыма, не). Князь і так напэўна быў абражаны тым, што Альгерд не прызначыў яго сваім пераемнікам, што было б лагічна. А тут яшчэ і партыю яго адціскаюць ад рычагоў улады – як можна такое трываць?

Забаўна, што для свайго канфлікту з Ягайлам Андрэй пачаў шукаць саюзнікаў не на ўсходзе, у Маскве, а на захадзе, у Тэўтонскім ордэне. Полацкі князь добраахвотна падпісаў дамову з рыцарамі, паводле якой ордэн рабіўся сюзерэнам яго княства (Усяслаў Чарадзей напэўна перавярнуўся ў труне). У канцы зімы 1386 года на ўсходзе ВКЛ пачаліся баявыя дзеянні. Магістр ордэна Робін Эльзы ўварваўся з рыцарамі ўглыб княства, дайшоў да самай Оршы і адвёў у няволю адразу 3000 чалавек. Сам Андрэй Полацкі захапіў Віцебскі замак, а яго другі саюзнік, пра якога мы згадвалі вышэй, смаленскі князь Святаслаў Іванавіч, аблажыў Мсціслаў.

Сітуацыя пагаршалася тым, што Ягайла адрэагаваць на крызіс аператыўна не мог ніяк. Таму што ў княстве яго не было: стаўшы польскім каралём, ён ад’ехаў у Кракаў, а самалётаў тады не існавала. Ёсць звесткі, што каронны савет Польшчы не асабліва жадаў выпускаць за межы краіны караля і яго сваякоў нават у выпадку, калі б яны таго захацелі.

Праўда, даведаўшыся пра вайну на ўсходзе, палякі ўсё ж адпусцілі братоў Ягайлы (але не яго самога), каб выправіць сітуацыю ў ВКЛ. З князёў была пры гэтым узятая пісьмовая прысяга брату-каралю, яго жонцы Ядвізе і польскай кароне наогул. Польшча расшчодрылася нават на атрад рыцараў "у падарунак". Сабраўшы колькі змаглі воінаў, Вітаўт, Карыбут, Скіргайла і Сямён адправіліся да Мсціслава. У іх атрымалася заспець смаленскага князя знянацку.

Замест "правільнай" бітвы атрымалася разня – загінуў сам Святаслаў, трапілі ў палон яго сыны Глеб і Юры, аблога Мсціслава была знятая. Узяўшы з Юрыя васальную прысягу і адпусціўшы дадому, літоўскія князі сам Смаленск пакуль не далучылі. Княства яшчэ нейкі час праіснавала як незалежнае – перад тым, каб на стагоддзі стаць арэнай баёў паміж Вільняй, Масквой і пазней Варшавай. Тэўтонскія рыцары, ідучы дадому пасля набегу, у сур’ёзную вайну ўвязвацца не сталі. Андрэй Полацкі міргнуць не паспеў, як у яго застаўся толькі Полацк і ніякіх шанцаў на перамогу. Праўда, тэўтонцы распачалі яшчэ некалькі набегаў, але сітуацыю гэта ўжо ніяк пераламаць не магло –ды і не планавалася. Полацк быў узяты вясной наступнага, 1387, года, самога Андрэя захапілі ў палон і саслалі ў адзін з польскіх замкаў. У свой горад ён змог вярнуцца ўжо як намеснік Вітаўта толькі у 1394 годзе і ўсяго праз пяць гадоў загінуў на Ворскле.

Заходні вектар палітыкі ВКЛ быў канчаткова зацверджаны. Пачыналася новая эра…

Дзяніс Буркоўскі

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email