20 сакавіка ў Магілёве адбыўся рэгіянальны фінал рэспубліканскага конкурсу "Чытаем па-беларуску з velcom". У ім спаборнічалі найлепшыя чытальнікі Магілёўскай вобласці па выніках першага этапу конкурсу. Яны выканалі творы беларускіх аўтараў. Пяць пераможцаў узнагароджаны смартфонамі і будуць прадстаўляць Магілёўшчыну ў вялікім рэспубліканскім фінале конкурсу ў траўні.
Удзельнікамі праекта "Чытаем па-беларуску з velcom" у гэтым сезоне сталі вучні 7-8 класаў школ і гімназій з усёй Беларусі. Два месяцы рабяты запісвалі відэа, на якіх чыталі творы беларускай літаратуры і выкладвалі іх на свае асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках.
На конкурс было даслана 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін. Па выніках першага этапу журы вызначыла па 30 лепшых чытальнікаў з кожнай вобласці і горада Мінска. З Магілёўскай вобласці – 240 відэапрац.
Рэгіянальны фінал у Магілёве прайшоў у гімназіі №3. Галоўнае, што ацэньвала журы – выразнае і чыстае выкананне твора. Дадатковы напал спаборніцтва надаваў ліміт па працягласці выступу для кожнага ўдзельніка – да дзвюх хвілін.
У журы ўвайшлі пісьменніца Раіса Баравікова, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў, прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ленінскага раёну горада Магілёва Алена Аленоўская і метадыст інстытута развіцця адукацыі Магілёўскай вобласці Алена Бако. Спецыяльна запрошаным чальцом журы быў прэс-сакратар футбольнага клубу “Днепр Магілёў” Андрэй Ільеня.
Пераможцамі рэгіянальнага фіналу ў Магілёве сталі: Станіслаў Цярэшчанка (Забродская сярэдняя школа Шклоўскага раёна), Кацярына Герасімёнак, Валерыя Маскалькова (Мяжэсецкая сярэдняя школа), Ганна Ляхава (Сярэдняя школа №2 ім. Ф. І. Кавалёва г. Клічава), Цімафей Коласаў (Сярэдняя школа №18 г. Бабруйска). Пераможцы ўзнагароджаны смартфонамі і запрошаны на рэспубліканскі фінал конкурсу.
У рамках другога этапу конкурсу "Чытаем па-беларуску з velcom" пройдуць яшчэ два рэгіянальныя фіналы. У Гомелі – 10 красавіка, у Гродна – 25 красавіка. Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў траўні ў Мінску. Пяці лепшым юным чытальнікам краіны па яго выніках будуць уручаны смартфоны маркі Apple.