25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У Мінску гэту дату адзначаць урачыстым канцэртам у цэнтры горада. У Горках планы значна сціплейшыя. Мясцовыя жыхары хочуць ускласці кветкі на магілу студэнта, які загінуў за незалежную Беларусь падчас паўстання Кастуся Каліноўскага.
Коратка пра дату
Аб незалежнасці беларускай дзяржавы заявіла Рада Першага Усебеларускага з'езду. Ён адбыўся ў снежні 1917 г. і сабраў каля 2000 дэлегатаў з усё краіны. Дарэчы, старшынёй з'езду быў Янка Серада. З ліпеня 1925 г. па снежань 1929 г. Серада працаваў у Горках дацэнтам Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі, выкладаў ветэрынарыю і зоагігіену.
25 сакавіка 1918 г. Рада прыняла трэцюю Устаўную грамату. У ёй было запісана: "Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай".
Тым самым быў зроблены рашучы крок на цяжкім шляху самавызначэння беларускага народа і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. У жніўні 1991 г. гэты шлях завяршыўся абвяшчэннем незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Пры чым тут магіла паўстанца?
Пасля Вялікага княства Літоўскага ідэя беларускай дзяржаўнасці была зноў узнята падчас паўстання 1863 г. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Некалькі актыўных удзельнікаў паўстання загінулі ў Горках. Адзін з іх, Войцех Дамарацкі, пахаваны на тэрыторыі дэндрапарку акадэміі. Да гонару гарадскіх уладаў і кіраўніцтва БДСГА, яго магіла заўсёды добраўпарадкавана, а неабыякавыя людзі час ад часу ўскладаюць на яе кветкі.
Сюды сёлета хочуць прыйсці гараджане і ўшанаваць памяць чалавека, які загінуў за незалежную Беларусь.
Мясцовыя жыхары плануюць звярнуцца ў рэктарат БДСГА і папрасіць адчыніць браму дэндрапарку для наведвання 25 сакавіка з 12:00 да 14:00.