У мінулую пятніцу 20 кастрычніка Горкі наведаў самы знакаміты вандроўнік Беларусі, вядучы тэлеперадачы "Падарожжа дылетанта" Юрый Жыгамонт. Творчая сустрэча адбылася ў Дзіцячай школе мастацтваў. Госць распавёў пра тое, што трэба рабіць, каб захаваць здароўе сэрца і чаму здымае не новыя дамы, а старыя вясковыя хаты.
Гасціннасць беларусаў можа давесці да інфаркту
Імпрэза пачалася з паказу аднаго з выпускаў “Падарожжаў дылетанта” пра Горкі. Праўда, не пра нашы, а пра вёску з такой назвай у Мінскай вобласці. Пасля гэтага вандроўнік прызнаўся, што перанёс інфаркт. Адной з прычын сардэчна-сасудзістых захворванняў Юрый Жыгамонт лічыць гасціннасць беларусаў – на гулянках у нас сталы ломяцца ад ежы.
Юрый Уладзіміравіч прывёў нават прыклад з сатырычнай паэмы ХІХ стагоддзя “Тарас на Парнасе” (яе аўтарам імаверна з'яўляецца былы студэнт горацкага інстытута Канстанцін Вераніцын), дзе апісваецца багаты на шкодныя стравы стол.
Аднак калі нават у вас здарыўся інфаркт, то не трэба лічыць, што жыццё скончылася – упэўнены тэлевядучы. Прынамсі ён ведае некалькі чалавек, якія перанеслі не адну аперацыю на сэрцы, але пры гэтым не губляюць аптымізм і нават добра сябе адчуваюць!
Юрый Уладзіміравіч перакананы: сэрца павінна працаваць, таму трэба больш рухацца.
“У горадзе ж амаль няма фізічнай нагрузкі. Таму трэба хадзіць у басейн, катацца на ровары”, – адзначыў Жыгамонт.
Любоў да легендаў і казак – з дзяцінства
Ён расказаў пра сям’ю і цікавыя гісторыі з дзяцінства. Калі Юрый быў маленькім хлопчыкам, яго дзед сказаў: "Усё, што ты робіш, трэба рабіць не проста так, а з якой-небудзь мэтай". Гэтага правіла тэлевядучы прытрымліваецца ўсё жыццё.
А яшчэ з дзяцінства вандроўніку запомніліся легенды і казкі, якія яму распавядалі. Менавіта таму і ў “Падарожжах дылетанта” падобныя гісторыі займаюць вялікае месца.
Юрый Уладзіміравіч заўсёды паказвае ў тэлеперадачы старыя хаты, таму што яны – частка гісторыі. Наш госць прывёў у прыклад Напалеона Орду, мастака XIX стагоддзя. На малюнках творцы захаваліся палацы, якіх няма зараз у свеце. Гэтак жа з вясковымі дамамі – многія з іх засталіся толькі на відэа.
"Я не гісторык – гэта многіх здзіўляе"
“Я – не гісторык, а актор. Гэта людзей здзіўляе заўсёды. Але ж можна заўважыць, што аповед у сваёй перадачы я вяду як актор. Раней мы выходзілі на тэлебачанні, зараз – у інтэрнэце (там перадача носіць назву "Падарожжа Жыгамонта"), але ж змест застаецца тым жа. І калі раней да мяне падыходзілі людзі больш сталага веку, то зараз – болей моладзі. Праз маю перадачу яны не толькі бачаць цікавыя мясціны нашай краіны, але і вывучаюць мову”, – дзеліцца з намі “дылетант”.
Як не дзіўна, ён упэўнены, што самая моцная беларуская мова і беларускае гучанне – на Магілёўшчыне (Клімавіцкі, Касцюковіцкі і Мсціслаўскі раёны). "Дылетант" шкадуе, што ў Заходняй Беларусі захавалася больш помнікаў архітэктуры, чым на ўсходзе. Але паўсюль можна знайсці легенды і гісторыі, якія зацікавяць гледачоў.
Усе, хто быў на сустрэчы, у адзін голас прапаноўвалі госцю зняць перадачу пра нашы Горкі ці Горацкі раён. І Юрый Уладзіміравіч паабяцаў, што абавязкова гэта зробіць.
Напрыканцы некалькі школьнікаў зрабілі сэлфі з вядомым "дылетантам", каб захаваць для ўласнай гісторыі.
Даведка
Серыя творчых сустрэч з Юрыем Жыгамонтам праходзіць у рамках праекта "Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця" Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), Швейцарскага Чырвонага Крыжа і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе БТЧК ініцыявала правядзенне кампаніі па прафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту "Выбірай сэрцам!", мэта якой – праінфармаваць насельніцтва Беларусі аб захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, фактарах рызыкі іх развіцця і мерах прафілактыкі.