аўт, 15.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Паўліна Мядзёлка: горацкі перыяд жыцця

04.10.2013 – 17:24 | 2970

Да 120-годдзя з дня нараджэння

Працяг. Пачатак глядзіце тут: Паўліна Мядзёлка: адораная талентамі

Горацкі перыяд жыцця

Паўліна Мядзёлка: горацкі перыяд жыццяЗ восені 1927 года ў Мядзёлкі пачаўся горацкі перыяд жыцця. Яна пачала працаваць асістэнтам на кафедры беларусазнаўства сельскагаспадарчай акадэмii.

Аб гадах, якія Паўліна правяла ў нашым горадзе, засталіся цікавыя ўспаміны, якія былі апублікаваныя ў 1993 г. у часопісе “Полымя”.

З іх мы бачым, што П.В.Мядзёлка яшчэ раней пазнаёмілася з жонкай прафесара з Горак Перасвет-Солтан – Марыяй. Тая паклапацілася знайсці для Паўліны пакойчык, абсталяваць няхітрай мэбляй. Далей у сваіх успамінах Паўліна Вінцэнтаўна дае не дужа добрыя характарыс-тыкі мясцовым прафесарам К.Г.Рэнарду і У.В.Шкатэлаву, якія "…шкодзілі, як маглі, і паміж сабой адкрыта выказвалі сваю нянавісць да савецкай рэчаіснасці".

Адразу адзначым, што гэтыя характарыстыкі вельмі суб’ектыўныя. Магчыма, прафесары і крытыкавалі савецкую ўладу (відаць, было за што), але ж яны ўвайшлі ў гісторыю беларускай навукі. Так, К.Г.Рэнард – вучоны ў галіне генэтыкі, аўтар вядомых прац, выдадзеных у Маскве і Ленінградзе. Яго імя ўнесена ў Беларускую савецкую энцыклапедыю, даведнік "Деятели сельскохозяйственной науки Сибири и Дальнего Востока".

Вядомы ў Беларусі быў і У.В.Шкатэлаў, доктар хімічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, акадэмік АН БССР. Ён лічыцца вядомым ў свеце хімікам. Яго iмя змешчана на сайце "Великие люди России".

Цікавыя ўспаміны

Вялікую цікавасць маюць тыя старонкі ўспамінаў, дзе П.В.Мядзёлка апавядае аб сваёй працы на кафедры беларусазнаўства. Вядома, што разам з ёй тады працавалі Ю.Гаўрук i М.Гарэцкі.

"Максіма Гарэцкага я ведала яшчэ з Віленскіх часоў 1912-1914 гадоў, – піша наша гераіня. – Сустракала яго на беларускіх вечарынках у клубе па Віленскай вуліцы ў неразлучнай тройцы сяброў – са Зм.Бядулем і Л.Радзевічам. Яны з намі, дзяўчатамі, ніколі не танцавалі, здаваліся нам вельмі сур'ёзнымі, а Гарэцкі да таго ж і сарамлівым, маўклівым.

…І вось праз 13 гадоў зноў сустрэліся з Максімам Гарэцкім ў Горках. Здаецца, нісколечкі не змяніўся ён за гэты час. Таксама не вельмі гаваркі, заўсёды заклапочаны. Мо таму, што заўсёды быў вельмі заняты то лекцыямі і кіраўніцтвам кафедрай, то творчай працай дома. Вельмі чулы муж і бацька дзяцей. Я ніколі не бачыла яго ў вясёлай кампаніі, ён цалкам аддаваўся толькі навуковай працы і карыстаўся агульнай пашанай".

У сувязі з ростам колькасці студэнтаў і выкладчыкаў у акадэміі разгарнулася мастацкая самадзейнасць. Да арганізацыі яе далучылася і П.В.Мядзёлка. Яе багаты вопыт і здольнасці вельмі спатрэбіліся ў Горках.

У згаданых намі ўспамінах яна піша: "Пазнаёміўшыся са студэнтамі і маладымі навукоўцамі, я арганізавала харавы і драматычны гурткі. Знайшліся даволі добрыя галасы і нядрэнныя самадзейныя акцёры. Хор быў акапэльны, ніякага музычнага інструменту не было, і мне прыйшлося ўсе партыі развучваць са свайго голасу. Што й казаць, нагрузка для майго горла была празмерная. У хуткім часе пачалі даваць канцэрты. Спявалі песні з рэпертуару хору Тэраўскага, урыўкі з музычнай п'есы “На Купалле”, песні Ст.Манюшкі "Каля хацінкі", "Саколікі" і інш. У драматычным гуртку не так гладка ішла праца, як з хорам. Аднак паставілі п'есу Кузьмы Чорнага “Воўк” і некалькі драбнейшых п'ес".

Вядома, што П.Мядзёлка прымала актыўны ўдзел у працы Горацкай студыi "Аршанскага маладняка", што бачна з пратаколаў гэтай арганізацыі. На жаль, аб гэтым Паўліна нічога не піша ў сваіх успамінах. У альманаху "Аршанскi маладняк" яе творы не друкавалiся.

"Подписывала всё, что подсовывали"

Працуючы ў Горках, Паўліна Вінцэнтаўна захварэла і летам 1930 г. паехала на лячэнне ў Маскву, дзе і была беспадстаўна арыштавана па справе “Саюза вызвалення Беларусі”.

Паўліна Мядзёлка: горацкі перыяд жыцця

Людмiла Сялiцкая ў газеце "Народная воля" ў артыкуле "Бутерброд с икрой для Янки Купалы. Малоизвестные и секретные эпизоды из биографии поэта" пiша: "18 июля, часа в три ночи, послышался громкий стук в двери с черного хода" – арест! Один из друзей показал на допросе, что она состоит в антисоветском "Союзе освобождения Беларуси".

"На протяжении десяти дней каждый вечер меня привозили на Лубянку, держали там всю ночь, а утром, часов в 7-8, отвозили снова в Бутырку. Подписывала всё, что подсовывали", – сделает горькое признание Мядёлка.

Её на диво быстро выпустили, отправив в ссылку в Казань… Злопыхатели на основании этих фактов сделали вывод: Мядёлка сдала поэта. А потом подтолкнула его к пропасти.

Я спрашивала архивистов, музейщиков, родственников Павлинки: неужели Прекрасная Муза могла погубить Поэта? Нет, –  был единодушный ответ".

Калі аб арышце даведаўся Янка Купала, ён напісаў верш “Снілася дзяўчыне”, прысвечаны Паўлінцы. Мядзёлка атрымала верш ад свайго барата Зыгмуся:

Снілася дзяўчыне
Квецістае поле,
А наяве выйшла –
Палыны, уголле.
Снілася дзяўчыне
Воля і багацтва,
А наяве выйшла –
Няволя, жабрацтва.
Снілася дзяўчыне
Дома жыць да смерці,
А наяве выйшла –
У чужых памерці.

Памерла ў адзіноце

П.В.Мядзёлка не памерла на чужыне. У 1932 г. ёй дазволілі пераехаць у Маскву, дзе яна працавала настаўніцай у 27-й школе да 1947 г.

Займалася i лiтаратурнай працай. У 1942 г. у Маскве напісала легенду пра возера Мядзель.

Улетку 1947 сямейныя абставіны прымусілі П.Мядзелку пакінуць сталіцу СССР і пераехаць да адзінокай маці ў родны Будслаў. З першых дзён працуючы настаўніцай у школе,  Паўліна пачала падбіраць галасы для хору і рыхтаваць пастаноўку "Паўлінкі". Праз два месяцы ў Будслаўскім клубе адбыліся спектакль "Паўлінка" і канцэрт. Удзельнікаў запрасілі на абласны агляд мастацкай самадзейнасці. Там яны выканалі некалькі песень і іх пакінулі на заключны канцэрт. Выхаванцы П.Мядзелкi атрымалі першую прэмію на абласным аглядзе. У хуткім часе іх запрасілі на рэспубліканскі канцэрт у Мінск. Так пачалася дзейнасць драматычнага і харавога гуртка ў Будславе.

У 1966 г. нашай гераіне было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

Яшчэ ў сярэдзіне 1950 г. яна пачала пісаць мемуары "Сцежкамі жыцця", фрагменты якіх былі надрукаваны ў часопісе "Полымя" ў 1959 г., асобных зборніках і кнігах. Як адзначаў літаратуразнаўца Г.В.Кісялёў, гэтыя ўспаміны, "…насычаныя багатай інфармацыяй, па праву займаюць пачэснае месца ў беларускай дакументальнай прозе".

Успаміны Мядзёлкі "Сцежкамі жыцця" выдавецтвам "Мастацкая літаратура" былі пастаўле-ны ў план 1965 г., але затым неабгрунтавана знятыя. Як бачна з перапіскі П.В.Мядзёлкі з Максімам Танкам, якая адбывалася ў 1958-1968 гадах, прыйшлося Паўліне Вінцэнтаўне шмат чаго перарабляць і скарачаць ва ўгоду ідэалагічным устаноўкам некаторых рэцэнзентаў і рэдактараў.

На жаль, Паўліна Вінцэн-таўна памерла 13 лютага 1974 г., так і не дачакаўшыся выхаду сваёй кнігі, якая была надрукавана ў сярэдзіне 1974 г. Яе сяброўка Нiна Альшэўская, кандыдатка педагагічных навук, успамiнала: "Пагаварылі, паўспаміналі, цёпла раз-віталіся. І развіталіся назаў-сёды.

Як высветлілася пазней, не вытрымала выпрабаванне Паўлінка адзінотай. Памерла маці, нікога з родных не засталося, жыццё без любых людзей страціла сэнс. Вось і выпіла гаротніца празмерную дозу снатворнага"...

***
У горадзе Глыбокім у 2012 г. была ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя "Паўлінка".

Прататыпам манументальнага твору стала заслужаная дзяячка культуры Беларусі Паўліна Мядзёлка.

У Будславе яе iмем названа школа i новая вулiца.

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email