сер, 24.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Этнографы прапануюць адрадзіць традыцыйны для Горацкага раёна вясельны абрад

16.09.2013 – 09:56 | 2188

У Горацкім раёне студэнцкая этнаграфічная экспедыцыя назбірала незвычайных песень і абрадаў, а таксама знайшла арыгінальную народную кашулю.

Этнографы прапануюць адрадзіць традыцыйны для Горацкага раёна вясельны абрад

На мінулых выходных у Мінску прайшла прэзентацыя вынікаў экспедыцыі, якую зладзіла РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” з 5 па 23 жніўня па Горацкім раёне.

Гэта не першае этнаграфічнае даследванне Горацкага раёна, але ў бягучым годзе яно было зроблена найбольш маштабна. Падчас экспедыцыі ўдзельнікі сабралі каля 500 народных песень і іх варыянтаў, правялі даследванне мясцовага тэкстылю і іншых рамёстваў. Сабраны матэрыял пра-дстаўлены ў выглядзе аўдыё- і відэазапісаў, 6000 фотаздымкаў, этна-графічных экспанатаў.

Чым прыцягнуў этнографаў Горацкі раён і што знайшлі цікаўныя студэнты ў нашых краях? Пра гэта мы пагутарылі з кіраўніком РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” Аляксеем Глушко.

– У Горацкім раёне вельмі добра захаваўся каляндарны фальклор, а таксама вясельныя, хрэсьбінныя традыцыі. Шмат арыгінальнай апрацоўкі тэкстылю, зберагліся элементы мясцовага строю (тыпу адзення, якое насілі нашы землякі даўней – рэд.).

Гэта можа дапамагчы рэканструяваць горацкі строй поўнасцю. Шмат уласцівых толькі вашай мясцовасці элементаў ткацтва, вышыўкі, валяння, апрацоўкі дрэва.

Этнографы прапануюць адрадзіць традыцыйны для Горацкага раёна вясельны абрад

Агулам можна сказаць, што хоць жыццё на вёсцы адмірае, там усё яшчэ захоўваецца самабытная культура.

– Распавядзіце пра які-небудзь цікавы горацкі абрад, пра які гарадскія жыхары даўно забыліся.

– Напрыклад, перанос свячы на Міколу зімовага і на Варвару. Гэты абрад зафіксаваны ў 20 вёсках. Ён вельмі тыповы для Горацкага раёна. Што з сябе ўяўляла гэтая традыцыя? Жыхары вёскі збіраліся разам, каб перанесці з адной хаты ў іншую ікону шанаванага святога. Так рабілася раз на год. Перанесены абраз захоўваўся ў хаце да наступнага года, пакуль яго не перанеслі ў іншую сям'ю. Гэта водгук старажытнага абраду братчыны – формы самаарганізацыі сельскай абшчыны, калі на ўрачыстасць збіраліся ўсе жыхары вёскі.

– Ці могуць гэтыя традыцыі быць цікавымі для сучаснай моладзі?

– Мяркую, што моладзь можа прыцягнуць традыцыйнае святкаванне вяселля.

У кожным раёне Беларусі – свой вясельны абрад, ёсць ён і ў Горацкім. Дзякуючы экспедыцыі, мы цяпер ведаем, як браліся шлюбам у вашай мясцовасці. Можна ажыццявіць рэканструкцыю гэтага абраду, з якой скарыстаюцца не толькі мясцовыя фалькларысты, аддзел культуры, але і тыя маладыя людзі, якія хочуць арыгінальна і запамінальна адзначыць уласнае вяселле.

– Вынікі экспедыцыі застануцца ў Мінску?

– Усе сабраныя матэрыялы мы пасля апрацоўкі пера-дадзім у Горацкі раён.

Плануем дамовіцца з мясцовым аддзелам культуры, каб прэзентаваць вынікі экспедыцыі на раённым семінары для работнікаў культуры.

Увогуле вельмі хацелася б знайсці ў раёне актыўных людзей, каб яны ўдзельнічалі ў такіх рэгіянальных экспедыцыях. Таксама мы б хацелі выдаць зборнік матэрыялаў з вынікамі нашага даследвання, а таксама аўдыё з запісамі песень, якія мы зафіксавалі ў Горацкім раёне.

Можа быць нехта з мясцовых бізнэсоўцаў або кіраўнікоў прадпрыемстваў зацікавіцца гэтым і выступіць мецэнатам у справе захавання спадчыны роднага краю?

Гутарыў Антон Валадзько

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email