пан, 9.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Адам Глобус: "Пабачыўшы выстаўку, жыхары Мсціслава вельмі здзівіліся, што ў іх касцёле ёсць нешта яшчэ апроч памідораў для засолкі"

07.04.2017 – 14:00 | 763

Мастак, празаік і паэт Адам Глобус (Уладзімір Адамчык), сын пісьменніка Вячаслава Адамчыка, скончыў тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці манументальнае мастацтва.

У 1978 годзе разам з аднакурснікамі ён праходзіў т.зв. капійную практыку ў мсціслаўскім касцёле. Па просьбе Catholic.by Адам Глобус узгадаў той час і распавёў, як выглядаў касцёл за 20 гадоў да вяртання вернікам.

"Тэмпература ў касцёле рэдка падымалася вышэй за 10 градусаў: нават летам працавалі ў фуфайках"

"Да 1978 года нашы студэнты, як правіла, ездзілі на практыку ў Ноўгарад, дзе працавалі з фрэскамі і роспісамі ў праваслаўных храмах. Наш курс быў адным з першых, які на капійнай практыцы працаваў не з рускім праваслаўным іканапісам, а з барока.

У Мсціслаў нас прыехала тады сем чалавек. У касцёле замест вокнаў былі вялізныя дзіркі і як вынік — пастаянныя скразнякі, вільгаць і холад. Каб не захварэць, мы працавалі ў фуфайках. Нават летам тэмпература ў ім рэдка падымалася вышэй за 10 градусаў...

Кіравалі практыкай рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі і прадстаўнік нашага інстытута Уладзімір Стэльмашонак.Касцёл быў у жудасным стане: пры замене даху ў 1968-69 гг. дажджом у ім змыла палову фрэсак. У сутарэннях святыні ва ўсю ішла засолка памідораў і агуркоў – і выселіць адтуль людзей, якія гэтым займаліся, было самым складаным.

Каб захаваць фрэскі, якія там засталіся, у рэстаўрацыйных майстэрнях быў прыдуманы ход: касцёл – гэта музей манументальнага мастацтва.

Захаваўшы касцёл, горад атрымае ўнікальны музей фрэсак і роспісаў, якім будзе ганарыцца. Гаварыць пра касцёл як хрысціянскую святыню тады было не прынята. Нашы майстэрні былі навукова-мастацкімі. Размоў пра веру ніхто не вёў. Калі ў каго такія адчуванні і былі, то іх стараліся хаваць".

"Пабачыўшы выстаўку, усе вельмі здзівіліся, што ў гэтым касцёле ёсць нешта апрача тых салёных памідораў"

"Мы разумелі, што раней ці пазней усё ў гэтым свеце зменіцца. Асноўная праца палягала на складанні дакладнай дакументацыі.

Напрыклад, трэба было скапіраваць усе фрэскі ў 10-разовым памеры. І мы гэта рабілі. Галоўнае было – зафіксаваць і закансервіраваць фрэскі, спыніўшы іх ад разбурэння.

У касцёле ж працягвалася засолка гародніны. Соль раз’ядала цэглу. Трэба было спыняць засолкі, устаўляць вокны, скідаць старыя рыштаванні і ставіць новыя. Рабіць новыя копіі фрэсак...Калі ў 1978 годзе мы зрабілі першыя копіі, а пасля і выстаўку ў Мсціслаўі, то ўсе вельмі здзівіліся, што яшчэ нешта ў гэтым касцёле апрача тых салёных памідораў ёсць.

Цікава ведаць: Праца студэнтаў у Мсціславе, у складзе якіх быў і Адам Глобус, апісана ў адным з эсэ Уладзіміра Караткевіча.

У Мсціславе мы працавалі з мая па верасень. Кожную раніцу, памятаю, бегалі на раку купацца. Спачатку жылі ў гатэлі, потым – у самой святыні. Я часта заставаўся ў касцёле сам-насам, а каб сябе як-небудзь падбадзёрыць, спяваў песні.

У горадзе ўсе ведалі нас у твар, ведалі, што начуем у касцёле. Прыходзіш на танцы, а вакол цябе людзі адыходзяць на метр, таму што ты для іх — зусім іншы чалавек...У Мсціславе быў яшчэ адзін касцёл, дзе размяшчаўся клуб. Увогуле, калі ў будынка была нейкая функцыя, яго яшчэ можна было захаваць. Напрыклад, у былым езуіцкім калегіуме размяшчаўся інтэрнат для дзяцей з кепскім слыхам. Дарэчы, там вучыліся і нашы рэстаўратары Юрый і Мікалай Маліноўскія, якія і сёння жывуць у Мсціславе".

"Калі злавілі першага чалавека, які скраў у нас вядро з вапнай, то сказалі: тут больш ніхто красці не будзе"

"Вокны касцёла на першым паверсе былі забіты цынкам. Калісьці такім цынкам быў пакрыты ўвесь дах касцёла. Пры яго замене цынк проста паскідвалі, а ўсе, хто хацеў, цягаў яго сабе. Вартаўнік касцёла хваліўся нам, што лазню пакрыў такім чынам...Першае, што мы зрабілі, гэта спынілі на тэрыторыі касцёла крадзяжы і вандалізм, які за шмат гадоў зрабіўся там нормай. Калі злавілі першага чалавека, які скраў у нас вядро з вапнай, то сказалі: тут больш ніхто красці не будзе. Засолкі выселілі таксама.

Увогуле, прыгадваючы Мсціслаў тых часоў, магу сказаць, што ў горада быў настрой вусцішнасці. Гэта такі крайні беларускі горад, куды ўжо не хадзілі цягнікі, побач знаходзіліся вольныя пасяленні, а жанчынаў некаторы час там тэрарызаваў маньяк-душыльнік...

Гэтая гнятлівая атмасфера адчуваецца і ў гісторыі горада. У XVII стагоддзі з 30 тысяч жыхароў у Мсціслаўі засталося толькі тры тысячы. Некаторыя фрэскі ў касцёле, між іншым, якраз і распавядаюць пра тыя падзеі: "Узяцце Мсціслаўя маскоўскімі войскамі ў 1654 г." і "Забойства ксяндзоў".

Разам з тым у святыні была гэта сакральнасць, звязаная з яе мінулым. І мы, студэнты-практыканты, гэта адчувалі. Усё ж на той час гэта была падзея ў мастацкім жыцці: змалёўваць Евангелле – сустрэчу з Альжбетай, заручыны, іншыя сюжэты; на пілястры партрэт Кунцэвіча, прабітага мячом...

З гэтых копій мы зрабілі пасля шэраг выставак. Для мяне як мастака гэта быў унікальны і непаўторны вопыт. А сёння журналісты прыходзяць і кажуць: вы нічога не зрабілі. Так ідзі і зрабі!Наколькі хапала сіл і здароўя мы выконвалі свае абавязкі. А скончылася ўсё бальніцай — я і Уладзімір Сцяпан вельмі застудзіліся. Скразнякі і вільгаць далі пра сябе знаць. У свой час Бруні, распісваючы Ісаакіеўскі сабор у Пецярбургу, вось так застудзіўся і памёр".

"Мсціслаў —  гэта культурны форт не толькі каталіцтва, але і Беларусі"

"Практыка ў Мсціславе натхніла мяне і на дыпломны праект – вітраж для гэтага касцёла. На ім я адлюстраваў постаць Марыі, якая стаіць пры ўваходзе і ўсім бязбожнікам паказвае на ўваход праз бакавы неф. Маўляў, раз прыйшоў у касцёл як у музей – навошта табе да алтара, ідзі праз неф. Такая была ідэя фрэскі. На абароне паставілі тройку...

Гэта быў праект вітража са шкла, былі ж яшчэ і эскізы. Але ўсё гэта ўжо знішчана ў сценах інстытута.Несумненна, касцёл у Мсціславе – культурны форт не толькі каталіцтва, але і Беларусі. Я чуў, што Еўрасаюз прафінансуе рэстаўрацыю святыні. Ці хопіць нам таленту ператварыць горад у месца пілігрымак?

Гэта залежыць, відаць, ад таго, наколькі якасна будзе праведзена рэстаўрацыя  і якіх мастакоў запросяць на працу. У Беларусі рэстаўратары высокага ўзроўню таксама ёсць: тыя ж браты Маліноўскія, якія ўсё жыццё прысвяцілі рэстаўрацыі помнікаў; гэта і Уладзімір Ракіцкі, які працаваў над фрэскамі  XII ст. у Полацку.

Узровень рэстаўрацыйнай школы ў Беларусі высокі, мы заўсёды можам прыйсці на дапамогу. Толькі ці паклічуць?

Што датычыць мяне, то рэстаўрацыйнымі працамі я больш не займаюся. Апошняя прапанова была ў 1983-м — тады мне хацелі даручыць рэстаўрацыю касцёла ў Вілейцы...

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага і з прыватнага архіва Адама Глобуса, catholic.by

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email