Ахвотных паганяць мяч у Дрыбіне засталося вобмаль. Сабраць дзясятак чалавек, каб добра пагуляць, сёлета атрымалася адзін раз.
Справа у тым, што ў Дрыбіне не засталося футбольных палёў. Адзінае вялікае поле, што знаходзіцца каля школы, гадоў пяць таму ўзаралі і так і пакінулі. Зараз там сапраўдны “качкадром”, і гуляць нерэальна.
Яшчэ адно поле для міні-футбола ёсць каля пажарнай часткі. Ранейшы начальнік, сам футбаліст, мінулыя гады падтрымліваў поле ў нармалёвым стане. Там рэгулярна падкашвалі траву, падтрымлівалі парадак.
Сёлета ў летні сезон пагуляць у Дрыбіне няма дзе. Трава стаяла ў калена. Мясцовыя заўзятары звярталіся і да кіраўніцтва пажарнай часткі, і да адказных асобаў Дрыбінскага райвыканкама, але вынік добра бачны на фота. Нейкі сапраўдны здзек з мясцовых спартоўцаў.
Вакол пляцоўкі ўсё абкасілі, а само поле пакінулі з пустазеллем. Калі так будзе і далей, дык хутка нашае начальства пацісне руку апошняму дрыбінскаму футбалісту. Мо гэтага і чакаюць?