нядзеля, 6.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Чаму жыхары вуліцы Кузняцова могуць гэтым ганарыцца?

15.04.2015 – 18:00 | 628

Палкаводзец з вёскі Балбечына Горацкага раёна Фёдар Кузняцоў кіраваў значнай бітвай Вялікай Айчыннай вайны і нават абаронай Крыма.

Кіраваў самай вялікай бітвай першага месяца вайны

У першыя дні вайны малаколькасныя войскі акругі апынуліся ў выключна цяжкiм становiшчы, не змаглі адбіць удар агрэсара і пачалi адступаць.
Магутны кулак 3-й і 4-й танкавых груп фашыстаў ужо ў першы дзень нападу раскалоў абарону войскаў Паўночна-Заходняга фронту. Да ночы на 23 чэрвеня перадавыя часткі немцаў былі ўжо ў 60 км на поўдзень ад Каўнаса.

На Віленскім напрамку, які прыкрывала 11-я армія, нямецкія баявыя машыны здолелі праскочыць па мастах праз Нёман і накіраваліся да Вільнюса, але натыкнуліся на адчайнае супраціўленне.

Фёдар Кузняцоў папрасіў наркама абароны маршала С.К.Цімашэнку "дапамагчы закрыць разрыў з Заходнім фронтам", а таксама "ўзмацніць фронт ваенна-паветранымi сіламi…"

Глыбокi прарыў нямецкай танкавай групоўкі патрабаваў ад савецкага камандавання прыняцця энергічных мер.

Аднак камандаванне фронту павінна было дзейнічаць у адпаведнасці з дырэктывай, атрыманай увечары 22 чэрвеня: "...прочно удерживая побережье Балтийского моря, нанести мощный контрудар из района Каунас во фланг и тыл сувалкской группировки противника, уничтожить ее во взаимодействии с Западным фронтом и к исходу 24.06 овладеть районом Сувалки".

На жаль, гэта дырэктыва зусім не ўлічвала ні рэальны стан войскаў, ні іх магчымасці.

Тым не менш, камандаванне фронту ўсё ж імкнулася ажыццявіць контрудар, але не па сувалкскай групоўцы, як было пазначана ў дырэктыве, а па Тыльзіцкай. Варыянт нанясення контрудару на гэтым напрамку прайграваўся яшчэ ў мірны час на штабных вучэннях акругі, таму добра быў вывучаны камандзірамі.

Аднак адначасовага ўдару не атрымалася: пасля доўгага маршу войскі ўступалі ў бой з ходу, часцей за ўсё разрозненымі групамі. Артылерыя пры вострым недахопе боепрыпасаў надзейнай падтрымкі танкам не аказала. Задача засталася нявыкананай.

На досвітку 24 чэрвеня баі разгарэліся з новай сілай. З абодвух бакоў у іх бралі ўдзел больш за 1 тысячу танкаў, каля 2700 гармат і мінамётаў, больш за 175 тысяч салдат і афіцэраў.

Такiм чынам, пад кiраўнiцтвам нашага земляка ў чэрвенi 1941 г. адбылaся самая вялiкая бiтва першага месяца вайны. Чамусьцi гiсторыкi Вялiкай Айчыннай замоўчваюць гэты факт.

Да зыходу 24 чэрвеня стала ясна, што разграміць 4-ю танкавую групу праціўніка намечанымі сіламі не атрымаецца.

На Віленскім напрамку не было магчымасці не толькі спыніць, але нават запаволіць прасоўванне танкавых злучэнняў праціўнiка. Да вечара 24 чэрвеня ён захапіў Каўнас і Вільнюс.

Вынікам баявых дзеянняў на тэрыторыі Прыбалтыкі ў чэрвені – ліпені 1941 г. стала адступленне Чырвонай Арміі на ўсход на ўсім працягу Паўночна-Заходняга фронту. Былі пакінуты Літва, Латвія і значная частка Эстоніі. Чалавечыя страты савецкіх войскаў склалі 88486 чалавек, з іх 75202 – забітымі.

Аднак войскі Чырвонай Арміі здолелі істотна знізіць тэмпы прасоўвання вермахта, стварыць суцэльны фронт абароны і прадухіліць захоп Ленінграда з ходу.

Трэба згадзiцца з гісторыкам А.Краўчанкам, што "можна зрабіць выснову, што Паўночна-Заходні фронт прайграў пры-гранічную бітву, але... праціўнік не здолеў на тэрыторыі Прыбалтыкі цалкам разграміць савецкія войскі і правесці хоць адну аперацыю па акружэнню нашых армій. Прыбалтыйская ваенная акруга, самая, дарэчы, слабая з акругаў СССР, здолела пазбегнуць катастрафічнага развіцця падзей па беларускім сцэнарыі". 

Тым не менш, 4 ліпеня 1941 г. Ф.І.Кузняцоў ад кіраўніцтва фронтам быў адхілены з фармулёўкай "за няўмелае кіраванне войскамі".
 

На чале Цэнтральнага фронту

Нашаму земляку было даручана ўзначаліць войскі 21-й арміі. У перыяд бітвы за Смаленск гэта армія нанесла нечаканы для фашыстаў контрудар на бабруйскім напрамку. 

13 ліпеня яе злучэнні фарсіравалі Днепр і імкліва вызвалілі Рагачоў і Жлобін. Поспех нашых войск, якія з захаду абыходзілі магілёўскую групоўку праціўніка, сур’ёзна ўстрывожыў гітлераўскае камандаванне. На гэты ўчастак былі перакінуты новыя сілы. Наступаючы, войскі 21-й арміі скавалі восем пяхотных дывізій ворага і нанеслі ім значны ўдар.

У ліпені 1941 г. па рашэнні Стаўкі быў створаны новы фронт – Цэнтральны – на чале з камандуючым Ф.І.Кузняцовым. Вось што ўспамінае былы камандзір 696-га знішчальна-супрацьтанкавага палка, палкоўнік запасу Т.Гар-кушын: "Гэта было ў самы разгар баёў на Цэнтральным фронце. Танкавыя полчышчы Гударыяна павярнулі на поўдзень. Іх арганізаванай абаронай су-стракалі нашы часці. 

Успамінаецца такі эпізод. Неяк да нас на назіральны пункт прыехаў генерал Ф.І.Кузняцоў. Праціўнік пачаў моцны абстрэл. Але камандуючы не пайшоў ва ўкрыццё, пакуль не аддаў усе распараджэнні і не ўдакладніў, што мы, камандзіры, зразумелі свае задачы…"

А неўзабаве Кузняцоў быў прызначаны камандуючым вой-скамі асобнай 51-й арміі ў Крыме.

 

Абараняючы Крым

Кузняцоў кіраваў абаронай Крыма з 14 жніўня па 19 лістапада 1941 г. Як адзначаецца ў "Википедии", наш зямляк быў "фактическим виновником слабой подготовки обороны перешейков Крыма, в результате чего войска 11-й армии Вермахта быстро овладели Крымом и чуть было беспрепятственно не вошли в Севастополь".

Аднак гэта меркаванне не падтрымліваюць ваенныя гісто-рыкі. Напрыклад, А.В.Няменка ў кнізе "Крым 1941 г. Мифы и загадки" пiша, што "…в России есть скверная черта (от которой давно пора избавляться).

Упавшего не пнет только ленивый. Так было и при обороне Крыма. Известно, что с созданием 51-й армии генерал П.И.Батов, ранее командовавший всеми войсками на полуострове, становился заместителем генерала Ф.И.Кузнецова. Видимо, это и послужило причиной возникновения неприязни и подковерной борьбы между командармом 51-й и его заместителем…"

А меркаванне аб дзейнасці Кузняцова склалася ў шэрагу даследчыкаў менавіта пад уплывам некаторых кніг успамінаў, напісаных П.І.Батавым.

Вядома, што да пачатку нямецкага наступу на Крым, рэальна ў страі было тры баяздольныя стралковыя дывізіі і адна паўнавартасная (калі лічыць па штатах мірнага часу) кавалерыйская. Астатнія часці, створаныя з апалчэнцаў, былі яшчэ небаяздольныя і толкам яшчэ няўзброеныя.

Акрамя таго, у многіх выданнях у якасці галоўнай памылкі нашага земляка паказваецца менавіта тое, што, баючыся дэсантаў, ён частку войскаў трымаў на ўзбярэжжы і ў раёне Сімферопаля.

А.В.Няменка прыводзiць радкі з дакумента ад 28 жніўня 1941 г., аўтарам якога з’яўляецца Кузняцоў: "В данное время наш морской флот господствует на Черном море. Авиация противника не завоевала господства. Поэтому на ближайшее время крупных морских десантов противник не сможет высадить в Крым с моря. Но надо учитывать возможность резкого усиления ВВС врага для нападения на ЧМ и высадки воздушного десанта с одновременной попыткой высадки морского десанта на западном и южном побережье Крыма.

Армия будет выполнять директивы Ставки теми силами и средствами, которые ей даны. 106 и 156 стрелковые дивизии – организованы и втянуты, но не обстреляны. 271 и 276 стрелковые дивизии – вновь сформированные, слабо сколоченные, с 24 орудиями каждая, требующие серьезной закалки и сколачивания. 40, 42 и 48 Крымская дивизии – нового формирования, требующие серьезной закалки. Мототанкетный полк – новая организация, с хорошим составом. 4 Крымская стрелковая дивизия – новая единица, но может упорно удерживать свои позиции. 1, 2, 3 Крымская стрелковая дивизия – в стадии формирования, без вооружения и снаряжения. 9 Крымская стрелковая дивизия не имеет корпусной артиллерии, но усиливается морскими 24 орудиями мощных калибров. Бронепоезд слабо вооружен. У 33-х истребительных батальонов – всего около 5-5,5 тысячи бойцов, требующих выучки и сколачивания. ВВС – 1 дивизионно-батальонный полк и 1 истребительно-авиационный полк. Последние новые требуют закалки. Эти силы и средства предназначены для обороны полуострова с суши, моря и воздуха. В оперативном отношении по обороне Крыма армии подчинен ЧМФ, который, бесспорно, господствует на Черном море. Армия не имеет инженерных, химических [частей] и частей связи. Армия не имеет крепкой организации ПВО из-за ограниченного количества зенитных средств. Работа органов снабжения армии плохая; в сложной обстановке без решительных мер улучшения тыл армии четко задач не выполнит".

З дакумента выразна відаць, што Ф.Кузняцоў ужо праз два тыдні пасля прызначэння на пасаду правільна ацэньваў сітуацыю і ваенную падрыхтоўку войскаў, асабліва падкрэсліваючы дрэнны стан войскаў тылу.
А.В.Няменка лічыць, што менавіта дрэнная праца тылу стала адной з прычын няўдач на фронце.

18 кастрычніка нямецкая армія пачала наступ на Iшуньскiя пазіцыі. Іх абаранялі часці 9-га стралковага корпусу з дапамогай берагавых батарэй і асобных падраздзяленняў Чарнаморскага Флота. На працягу пяці дзён працягваліся цяжкія баі, у якіх немцы паспяхова наступалі на савецкія войскі.

24 кастрычніка Ф.Кузняцоў даў загад часцям Прыморскай Арміі нанесці контрудар, і два дні яны вялі з праціўнікам сустрэчны бой.

Аднак 26 кастрычніка фашысты ўвялi дзве свежыя пяхотныя дывізіі і 28 кастрычніка прарвалi абарону.

Войскi Чырвонай Арміі адышлі да Севастопаля i Керчы. У выніку пад ціскам 42-га армейскага корпуса немцаў (тры пяхотныя дывізіі) рэшткі 51-й арміі не змаглі ўтрымацца ў Крыму і да 16-га лістапада былі эвакуіраваны на Таманскi паўвостраў.

Якраз у раёне баявых дзеянняў у гэты час апынуўся пісьменнік К.Сiмaнaў. Карціна, апісаная ў нарысах творцы, малюецца непрывабная. Бачыў ён, што нашы байцы былi ўзброены дрэнна, артылерыі не было, акопы – гэта адзінае, што яшчэ не канчаткова разбурылася пасля грамадзянскай вайны. 19 лістапада 1941 г. Кузняцоў быў вызвалены ад камандавання aбaронай Крыма.
 

30 гадоў жыцця – Радзіме

Што адбывался з нашым земляком з 19 лiстапада 1941 г. па красавiк 1942 г., на жаль, высветлiць не ўдалося. Але вядома, што ў красавіку 1942 г. пасля цяжкай кантузіі на фронце Фёдар Ісідоравіч быў прызначаны начальнікам Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба. Кiраваў ёй да чэрвеня 1943 г. А ў жніўні 1943 г. ізноў апынуўся на фронце – у якасці намесніка камандуючага войскамі Волхаўскага фронту.

14 студзеня 1944 г. пачалося наступленне савецкіх войск пад Ленінградам і Ноўгарадам, якое завяршылася разгромам буйной групоўкі гітлераўцаў.

За актыўны ўдзел у гэтай аперацыі ў сакавіку 1944 г. генерал-палкоўнік Ф.І.Кузняцоў быў узнагароджаны ордэнам Суворава 2-й ступені. З лютага 1944 г. па жнiвень 1944 г. наш зямляк быў намеснiкам камандуючага Карэльскiм фронтам. Неўзабаве, у сувязі з хваробай, якая ўскладняла яго прыбыванне на фронце, Ф.І.Кузняцоў быў прызначаны камандуючым войскамі Уральскай ваеннай акругі. На гэтай пасадзе ён займаўся справай падрыхтоўкі рэзерваў фронту.

Напрыканцы вайны Фёдар Ісідоравіч быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трэцім ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, многімі медалямі.

Хваробы ўсё часцей непакоілi генерала. Турбавалi шматлiкiя раненнi i кантузii. У 1948 г. ён быў адпраўлены ў адстаўку па стане здароўя. Трыццаць год жыцця аддаў наш зямляк служэнню Радзіме.

Памёр Фёдар Ісідоравіч Кузняцоў у сакавіку 1964 г.

У фондах Горацкага гістарычна-этнаграфічнага музея ёсць асабiстыя рэчы i матэрыялы пра яго дзейнасць.

Пачатак гісторыі: Чаму ў Горках адна з вуліцаў носіць імя Кузняцова?

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email