нядзеля, 6.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Чаму ў Горках адна з вуліцаў носіць імя Кузняцова?

10.04.2015 – 16:22 | 741

Адна з вуліц нашага горада носіць імя генерал-палкоўніка Фёдара Кузняцова. Чым знакаміты гэты наш зямляк?

"Пры фарсіраванні ракі Бярэзіны кіраваў пераправай і пад ружэйным агнём праціўніка хутка перакінуў полк на правы бераг. Наступаючы адным батальёнам і пешай разведкай на в. Стэфанава і будучы акружаным пераўзыходзячымі сіламі праціўніка, тав. Кузняцоў, не разгубіўшыся, сваёй цвёрдасцю і знаходлівасцю вывеў часці з цяжкага становішча амаль без страт… Калі нашы часці былі выбіты з в. Гуты і вымушаны былі адступаць, тав. Кузняцоў з адным батальёнам і пешай разведкай смела рушыў на непрыяцеля і прымусіў яго адступаць". Так пісалася ў загадзе Рэўваенсавета Савецкай Рэспублікі 18 снежня 1920 г. аб узнагароджанні ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга за мужнасць у баях з белапалякамі нашага земляка Фёдара Ісідоравіча Кузняцова.

улица Кузнецова Горки

 

Яго выбралі з дзевяці кандыдатур

Ён нарадзіўся 29 верасня 1898 г. у вёсцы Балбечына Горацкага павета ў сям’і малазямельнага селяніна. Скончыў земскае вучылішча ў в. Панкратаўка, а ў 1912 г. – вышэйшае пачатковае вучылішча ў Горках. Пачаў працаваць з бацькам на гаспадарцы.

Цяга да вучобы прывяла Фёдара ў Горацкае сельскагаспадарчае вучылiшча, дзе ён вучыўся да 1915 г. Праўда, высветліць, у якім вучылішчы наш герой атрымліваў адукацыю (такіх устаноў у Горках было тры), нам не ўдалося.

У чэрвенi 1916 г. Фёдара прызываюць на службу ў царскую армію. Ваяваць доўга не прыйшлося. У жнiўнi 1916 г. ён быў кантужаны. Снарад разарваўся паблізу, і Фёдар быў эвакуіраваны ў ваенны шпіталь г. Оршы.

Лячэнне праходзіла даволі паспяхова. Малады арганізм браў сваё, і хутка Кузняцоў зноў быў на фронце. Храбрага хлопца прыкмецілі і залічылі ў школу прапаршчыкаў 2 армii Заходняга фронту.

Пасля школы прызначылі камандаваць разведчыкамі палка. Не аднойчы Фёдар Ісідоравіч разам з баявымі сябрамі рабіў смелыя вылазкі ў тыл праціўніка.

У лiпенi 1917 г. у адным з начных баёў наш зямляк зноў быў паранены. У шпіталі застала яго вестка аб Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Пасля дэмабілізацыі з царскай арміі вярнуўся ў родную вёску Балбечына, дзе яго абралі сакратаром валаснога Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў.

З архіўных дакументаў бачна, што ў 1918 г. у Горацкім павеце ў Чырвоную Армію запісалася 156 добраахвотнікаў. З іх 51 чалавек, найбольш падрыхтаваных, адразу пачалі службу. Сярод іх быў і Ф.І.Кузняцоў.

У фондах Горацкага гістарычна-этнаграфічнага музея ёсць цікавы дакумент. Гэта газета "Известия Горецкого уездного Совета рабочих, крестьянских и солдатских депутатов" за 1919 г. У ёй змешчаны спіс кандыдатур для выбару на пасаду камандзіра Горацкага атрада. З дзевяці прэтэндэнтаў байцы выбралі Кузняцова.

Вогненныя віхуры грамадзянскай вайны звялі яго ў тыя дні з 8-й Мінскай дывізіяй і з такім выдатным камандзірам, як С.Грыбаў. У яго палку Ф.І.Кузняцоў камандаваў батальёнам.

З чэрвеня 1919 г. па лiстапад 1920 г. наш герой удзельнiчаў у баях супраць белапалякаў. Атрымаў кантузiю 24 лiстапада 1919 г. пад в. Цялуша Бабруйскага павета.

У 1920-1921 гг. актыўна ўдзельнічаў у барацьбе з бандамі ў Слуцкім і Бабруйскім паветах. У маi i жнiўнi 1920 г. атрымаў два кулявыя раненнi. Апошняе было ў галаву, але застаўся жывым.

За баявыя заслугі ў 1921 г. быў у другi раз узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, а таксама імянным сярэбраным партсігарам ад УЦВК.

 

“Воля і характар – надзвычай цвёрдыя”

Пасля грамадзянскай вайны малады камандзір застаўся ў арміі. Са жнiўня 1922 г. па верасень 1923 г. Кузняцоў кaмандаваў 24-ым стралковым палком 8-й стралковай дывізіі.

У 1923 г. паступіў у Ваенную акадэмію імя М.Фрунзэ. Паспяхова скончыўшы яе ў 1926 г., быў прызначаны камандзiрам 18-га стралковага палка 6-й стралковай дывізіі.

Яго характарызуюць як выдатнага камандзіра, які валодае добрымі тэарэтычнымі ведамі і багатым баявым вопытам. У атэстацыі за 1928 г. на пасадзе камандзіра палка гаворыцца: "…Воля і характар – надзвычай цвёрдыя. У аператыўнай абстаноўцы разбіраецца хутка…"

У 1930 г. Кузняцова прызначылі начальнікам вучэбнага аддзела, потым начальнiкам штаба Маскоўскай Чырванасцяжнай пяхотнай школы Маскоўскай ваеннай акругi. Праз два гады наш зямляк ужо стаў начальнікам гэтай праслаўленай школы, у якой вучыліся многія камандзіры, у далейшым – вядомыя военачальнікі.

Потым Фёдар Ісідоравіч стаў кіраваць Тамбоўскай пяхотнай школай. У 1935-1938 гг. працаваў кiраўнiком кафедры агульнай тактыкi Ваеннай акадэміi імя М.Фрунзэ, намеснiкам начальнiка акадэмii па завочнай i вячэрняй адукацыi i начальнiкам факультэта акадэмii.

У гэты час у розных ваенных часопісах з’яўляліся артыкулы нашага героя па пытаннях ваеннай тактыкі.

У лiпенi 1938 г. ён быў накiраваны на службу ў родную Беларусь. Служыў намеснiкам камандуючага войскамi Беларускай асобай ваеннай акругi.
Фёдар Ісідоравіч уклаў шмат працы ў баявую і палітычную падрыхтоўку злучэнняў і часцей. Працаваў разам з Г.К.Жукавым, які быў намеснікам камандуючага па конніцы і бранятанкавых войсках. У кнізе маршала "Воспоминания и размышления" змешчана фатаграфія Кузняцова таго часу.

За добрую службу Кузняцоў быў узнагароджаны залатым імянным гадзіннiкам ад Народнага камiсарыята абароны СССР у студзені 1938 г.

А калі адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет БССР, Кузняцоў стаў дэпутатам па Маларыцкай выбарчай акрузе.

За паспяховую падрыхтоўку войск у лютым 1939 г. яго ўзнагароджваюць ордэнам Чырвонай Зоркі. У гэтым жа годзе ён атрымаў званне камандзіра корпуса.

У лiпенi 1940 г. Кузняцоў вярнуўся ў Ваенную акадэмію i кiраваў ёй да жнiўня 1940 г.

Потым служыў камандуючым войскамi Паўночна-Каўказскай ваеннай акругi.

Такія частыя перамяшчэннi па службовай лесвіцы ў той час тлумачацца тым, што пасля арганізаванай І.Сталіным у 1937-1938 гг. чысткі "ворагаў народа", калі былі знiшчаны тысячы афіцэраў, у арміі адчуваўся востры недахоп кадраў.

 

"Одергивание" з Масквы

У снежні 1940 г. Ф.І.Кузняцоў быў прызначаны камандуючым войскамі Прыбалтыйскай асобай ваеннай акругі, а ў лютым 1941 г. яму было прысвоена званне генерал-палкоўніка.

Новы раён, параўнальна невялікія сілы, якія былі ў распараджэнні камандавання (кожная дывізія прыкрывала ўчастак мяжы працягласцю больш за 40 км), патрабавалі шэрагу мер па інжынерным абсталяванні тэатра ваенных дзеянняў, па падрыхтоўцы войск і вядзенні аперацый абмежаванымі сіламі.

Гісторык Андрэй Краўчанка ў артыкуле "Прибалтийский особый: первые часы войны" адзначаў: "По прибытии в округ Ф.И.Кузнецов проинспектировал вверенные ему войска, ситуация оказалась весьма плачевна: его предшественник практически ничего не сделал для повышения боеспособности округа. Вместо оборудования новой государственной границы и боевой подготовки войска занимались по большей части обустройством военных городков, хранилищ для техники и иными хозяйственными работами. Особенно плохо дело обстояло с возведением укрепленных районов по линии новой госграницы…

Общая списочная численность войск округа на 22 июня 1941 г. составляла 325 559 человек. В состав округа входили 19 стрелковых дивизий, 4 танковых и 2 мотострелковые дивизии, 5 смешанных авиадивизий…
Соотношение сил сторон на 22 июня 1941 г. в полосе обороны было наиболее удручающим для советской стороны…"

Як толькі разведка паведаміла аб тым, што ва Усходнюю Прусію была перакінута 4-я танкавая група вермахта, Ф.І.Кузняцоў паставіў перад наркамам абароны СССР пытанне аб узмацненні супрацьтанкавай абароны акругі.

Настойлівасць дала станоўчыя вынікі: 20 красавіка 1941 г. Ваенным Саветам акругi была атрымана дырэктыва Наркама абароны СССР аб фарміраванні да 1 чэрвеня 1941 г. у складзе акругі 9-й і 10-й супрацьтанкавых артылерыйскіх брыгад у Шаўляй і Каўнасе.

Акрамя таго, прадугледжвалася фарміраванне ў Дзвінску (Даўгаўпілсе) 5-га паветрана-дэсантнага корпуса.

У канцы мая 1941 г. Кузняцоў далажыў начальніку Генеральнага штаба аб завяршэнні фарміравання супрацьтанкавых брыгад і паветрана-дэсантнага корпуса акругі. Пры гэтым камандуючы з горыччу адзначаў, што камплектаванне iдзe дрэнна. Асабовы склад быў набраны "з карэнных народнасцей рэспублік Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, якія дрэнна валодаюць рускай мовай".

На жаль, як гэта часта было ў СССР, паводле скаргі адбыўся візіт чарговай камісіі для праверкі боегатоўнасці войск.

У пачатку чэрвеня 1941 г. па выніках працы камісіі Наркамата абароны быў адданы загад камандуючага акругай. У прыватнасці, у ім гаварылася наступнае: "Проверка боевой готовности частей округа показала, что некоторые командиры частей до сего времени преступно не уделяют должного внимания обеспечению боевой готовности и не умеют управлять своими подразделениями и частями".

У загадзе даводзiўся 40-хві-лінны тэрмін гатоўнасці ўсіх родаў войск па трывозе. Некаторыя радкі перадваеннага загаду камандуючага былi сапраўды прароцкімі: "Надо твердо понять, что ошибки в действиях одного человека, особенно когда этот человек является командиром, могут стоить большой крови".

І ў завяршэнні: "Командующему армией, командиру корпуса и дивизии составить календарный план выполнения приказа, который полностью выполнить к 25 июня 1941 г."

Як мы ведаем, вайна пачалася на тры днi раней! Але з загаду добра відаць, што ў адрозненне ад Заходняй акругі, дзе панавала чаканне "ўказанняў зверху", наш зямляк  прадпрымаў меры па падрыхтоўцы да нечаканай атакi фашыстаў.

У апошнi час ваенныя гiсторыкi знайшлi яшчэ адзiн дакумент, якi паказвае што Кузняцоў вельмi хваляваўся, бачачы канцэнтрацыю войск на мяжы СССР. I ён зноў i зноў пасылаў аб гэтым даклады Наркаму абароны і начальніку Генштаба.

Але Масква ўпарта маўчыць!?!

Нарэшце, 18 чэрвеня Масква дазваляе пад выглядам правядзення вучэнняў вывесці першы эшалон штаба акругi і заняць 20 чэрвеня загадзя прыгатаваны камандны пункт у лесе ў 18 км на паўночны ўсход ад Панявежыса.

У гэты ж дзень Ф.I.Кузняцоў аддае загад, у якім з мэтай хуткага прывядзення ў баявую гатоўнасць войскаў акругі ставілася задача да зыходу дня 18 чэрвеня вывесці злучэннi армій у палосы прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, а таксама прывесці ў поўную баявую гатоўнасць усю супрацьпаветраную абарону і сродкі сувязі на тэрыторыі акругі, а таксама ажыццявіць шэраг іншых мерапрыемстваў з мэтай адбіцця магчымай агрэсіі працiўнiка.

Але тут жа атрымаў услед "одергивание" з Масквы. Прывядзенне ў поўную баявую гатоўнасць да 21 чэрвеня 1941 г. было адменена начальнікам Генштаба Г.К.Жукавым: "Вами без санкции наркома было дано приказание по ПВО о введении в действие положения №2, а это значит – провести по Прибалтике затемнение, чем и нанести ущерб промышленности. Такие действия могут проводится только с разрешения правительства. Ваше распоряжение вызывает различные толки и нервирует общественность. Требую немедленно отменить незаконно отданное распоряжение и дать шифровкой объяснение для доклада наркому".

Аднак, вядома, што нягледзячы на гэта, камандуючы акругай працягваў прывядзенне войскаў у баявую гатоўнасць.

Пра тое, як наш Кузняцоў кіраваў самай вялікай бітвай першага месяца вайны і нават абараняў Крым – чытайце ў працягу на сайце horki.info.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email