чцв, 12.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Што вядома пра Мазалава, дзе сёлета пройдуць "Дажынкі" Мсціслаўскага раёна?

02.09.2024 – 13:25 | 399

Аграгарадок Мазалава Мсціслаўскага раёна сёлета стане цэнтрам увагі, прымаючы раённыя "Дажынкі", піша mstlife.by.

Што ўжо зроблена і што яшчэ будзе трэба

Па словах Леаніда Падольхава, старшыні Мазалаўскага сельскага выканаўчага камітэта, ужо адрамантаваны і пафарбаваны ўязныя знакі ў населены пункт.

Цяпер беляць бардзюры, ачышчаюць тратуарную плітку ад расліннасці, абкошваюць прыдамавыя і грамадскія тэрыторыі, а таксама фарбуюць лаўкі, прыводзяць у парадак кветнікі. Каля шматпавярховых дамоў па завулку Цэнтральным плануюць адрамантаваць і пафарбаваць альтанкі, установіць дзіцячую пляцоўку.

"Сумесна з жыхарамі аграгарадка мы пафарбуем плот на вуліцы Цэнтральнай, добраўпарадкуем тэрыторыю каля вадаёма па вуліцы Азёрнай, а таксама зоймемся навядзеннем парадку вакол купелі, адрамантуем яе. Месца адпачынку "Гранічка" таксама зменіцца", – падкрэсліў старшыня сельсавета.

Трохі гісторыі

Мазалава ўзнікла ў пачатку XVII стагоддзя. Населены пункт і некалькі навакольных вёсак былі шляхецкай уласнасцю. Ёсць версія, што назва паходзіць ад прозвішча большасці жыхароў Мазалавых ці Мазалаваў. Іншая версія – ад слова "мазаць", бо на Мсціслаўшчыне былі шырока распаўсюджаны, як і ў іншых усходніх славян, гліняныя печкі-мазанкі.

Ішоў час. Вёска развівалася. У 1665 годзе дачка мсціслаўскага стольніка Мікалая Сухадольскага Мар'яна Сухадольская заснавала на заходняй ускраіне вёскі Праабражэнскі праваслаўны жаночы манастыр. Пабудавала галоўны храм у імя Праабражэння Гасподняга.

У 1743 годзе манастыр стаў уніяцкім, а з 1778 – зноў адроджаны як праваслаўны. Пры кляштары дзейнічала школа. У 1827-1832 гадах на ўзгорку побач з вёскай была пабудавана царква па праекце архітэктара Мельнікава. Выканана яна з цэглы. Калісьці яе ўпрыгожвалі незвычайнага хараства вокны, якія напаўнялі залу святлом.

У 80-х гадах мінулага стагоддзя царкву пачыналі рэстаўраваць: перакрылі дах, звонку атынкавалі сцены, але на гэтым праца спынілася.

Мясцовыя жыхары марылі пра адраджэнне царквы. Храм за апошнія гады змяніўся – неабыякавыя людзі сабралі грошы і далі старт аднаўленню святыні. Гэты справа, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі і ўзвядзенне іншых будынкаў працягваецца.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email