чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Нарадзіўся ў Арменіі, вучыўся ў Грузіі, а стаў заснавальнікам беларускай кампазітарскай школы

28.05.2024 – 12:03 | 3159

Мікалай Мікалаевіч Чуркін – адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі, пачынальнік нацыянальнага жанравага сімфанізму, музыкі для дзяцей. Ягоныя творы адметныя аптымізмам, строгай класічнай формай, меладычнасцю, апорай на беларускі музычны фальклор. Сёлета споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння гэтага творцы, частка жыцця якога была звязана з Мсціславам.

Николай Чуркин

Арменія – Грузія – Азербайджан – Літва

Біяграфія Мікалая Мікалаевіча Чуркіна сёння магла б здзівіць не толькі колькасцю атрыманай адукацыі, але і жыццёвымі паваротамі, якія часта прыводзілі да змены месца жыхарства.

Нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч у мястэчку Джэлал-Аглы, зараз гэта горад Сцепанаван у Арменіі. З дзяцінства быў рознабаковым: спяваў у школьным хоры, граў на некалькіх інструментах, маляваў дэкарацыі да аматарскіх спектакляў.

У 1881 г. паступіў у ваенна-фельчарскую школу ў Тбілісі (Грузія). Там адначасова са спецыяльнымі прадметамі вялікую ўвагу надавалі музыцы і маляванню, што для нашага героя было вялікім плюсам. Пасля школы некаторы быў кіраўніком аркестра, але потым паступіў у музычнае вучылішча. У 1892 г. скончыў вучобу і атрымаў працу ў Баку. 11 гадоў настаўнічаў, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі, самастойна вывучаў фартэпіяна і смычковыя інструменты, наведваў клас спеваў, займаўся апрацоўкай рускіх, украінскіх, азербайджанскіх, грузінскіх і армянскіх песень.

У гэты час завочна адвучыўся ў Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. А ў 1903 г. пераехаў у Коўна (Літва). Там Мікалай Мікалаевіч выкладаў маляванне і чарчэнне ў рамесным вучылішчы. Праз два гады атрымаў запрашэнне на працу ў Віленскі настаўніцкі інстытут. У 1908 г. у Вільні пазнаёміўся з вядомым этнографам Еўдакімам Раманавым.

І гэта стала паваротным момантам – бо менавіта пад уплывам гэтага даследчыка Мікалай Мікалаевіч зацікавіўся фальклорам, пачаў збіраць мелодыі беларускіх песень і танцаў. У выніку 53 народныя песні і танцы ў апрацоўцы кампазітара Чуркіна ўвайшлі ў сёмы выпуск "Беларускага зборніка", якім займаўся Раманаў.

Ад Мсціслава да Магілёва

У 1914 годзе Мікалай Мікалаевіч Чуркін пераязджае ў Мсціслаў. Тут ён выкладае музыку, спевы, маляванне ў настаўніцкай семінарыі і агульнаадукацыйных школах. Кіруе мастацкай самадзейнасцю, стварае духавы аркестр з мясцовых музыкантаў.

Пазней загадваў музычнай падсекцыяй павятовага выканкама, прымаў актыўны ўдзел у рабоце грамадскага савета музея гісторыі, таварыства "Аховы прыроды і старажытнасцей", геаграфічнага таварыства, займаўся кампазітарскай дзейнасцю.

Крыніцай творчага натхнення для Чуркіна былі паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Журбы, Канстанцыі Буйло і іншых творцаў. На іх вершы Мікалай Мікалаевіч напісаў рамансы і песні.

У 1924 г. кампазітар пераехаў у Магілёў. Там выкладаў музыку і спевы ў педагагічным тэхнікуме, працаваў у вайсковых часцях, Саюзе работнікаў асветы, працягваў пісаць музычныя творы і збіраць фальклор. Менавіта багацце народных песень стала асновай для самага вядомага твора Мікалая Чуркіна – сімфаньеты "Беларускія карцінкі" (1925), якая лічыцца адным з першых нацыянальных сімфанічных твораў.

Новыя дасягненні ў Беларусі

Але самы плённы перыяд кампазітарскай дзейнасці распачаўся ў Мікалая Мікалаевіча пасля пераезду ў Мінск. Там ён стварыў музычную камедыю "Кок-сагыз" (1939), дзіцячую радыёоперу "Рукавічка" (1941), шматлікія хоры, рамансы, песні і інш.

Мікалай Мікалаевіч напісаў вялікую колькасць разнастайных па жанры музычных твораў, сабраў больш за 3 000 мелодый народных песень і танцаў (беларускіх, грузінскіх, армянскіх, азербайджанскіх, польскіх, літоўскіх, таджыкскіх), склаў зборнікі "Беларускія народныя песні і танцы" (1949) і "Беларускія народныя песні" (1959).

У 1940 г. ён атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1949 г. стаў народным артыстам БССР. Кампазітар быў узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны", медалямі.

Ягонае імя прысвоена Мсціслаўскай музычнай школе, у Мсціславе праводзіцца Рэспубліканскі фестываль мастацтваў імя Мікалая Чуркіна. У Мінску на доме, дзе жыў кампазітар на вуліцы Кісялёва, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email