пят, 4.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Шукаеце чырвоную ікру? Вось што трэба ведаць, каб не набыць падробку

30.12.2022 – 16:14 | 405

Смак чырвонай ікры добра ўсім знаёмы. Аднак, каб атрымаць асалоду ад упадабанага пачастунку, трэба ведаць тонкасці выбару. Пра тое, як правільна выбраць чырвоную ікру, піша "Звязда".

Ікру варта купляць толькі ў правераных гандлёвых пунктах і ні ў якім разе не з рук. Абавязкова патрабуйце дакументы, якія пацвярджаюць якасць, калі ў вас узніклі сумневы. На этыкетцы павінны быць пазначаныя вытворца, імпарцёр і дзве даты – вырабу і фасоўкі.

Звяртайце ўвагу на дату вытворчасці. Перш за ўсё, каб не купіць пратэрмінаваны прадукт. Акрамя таго, ёсць і такі нюанс: калі гэта ліпень ці жнівень, значыць, ікра сабрана і закансервавана неўзабаве пасля нерасту.

Як правіла, у шкляных слоіках ікра мае тэрмін прыдатнасці да дзевяці месяцаў, у металічных – да аднаго года. Часам да ікры дадаюць кансерванты, якія падаўжаюць тэрмін захоўвання, алергікам варта пазбягаць такога далікатэсу.

Важны момант: тэрмін прыдатнасці на бляшанцы павінен быць выціснуты вонкі, а не ўнутр, інакш гэта падробка.

Праверце, наколькі шчыльна закатаны слоік ці бляшанка. Вечка не павінна быць уздутым нават нязначна. Адваротнае сведчыць пра тое, што ў бляшанцы жыве і развіваецца небяспечная для здароўя мікрафлора.

У слоіку павінна адсутнічаць вадкасць. Што да бляшанай непразрыстай тары, то можна патрэсці яе і прыслухацца: ці няма ўсярэдзіне вадкасці.

Пах прадукту павінен быць прыемным рыбным, але слабым. Моцны пах кажа пра тое, што ікра нясвежая ці штучна араматызаваная.

Зачарпніце ікру лыжкай і разгледзьце: якасная ікра шчыльная, пругкая, рассыпістая і не склейваецца. Аб нізкай якасці сведчыць занадта слабая ці вельмі шчыльная абалонка ікрынак. Яны павінны быць аднолькавага колеру і памеру.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email